Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ БЫЛА, ЁСЬЦЬ І БУДЗЕ З БЫКАВЫМ


Пётра Васілеўскі (Народная Воля), Менск

20 траўня ў Доме літаратара Саюз беларускіх пісьменьнікаў і ПЕН-цэнтар наладзілі прэзэнтацыю выданьня з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”, прысьвечаную творчасьці Васіля Ўладзімеравіча Быкава. Кніга мае назву “Быкаў на Свабодзе”. Гэта зборнік быкаўскай радыёпубліцыстыкі, дапоўнены камэнтарамі і рэпартажамі карэспандэнтаў Радыё Свабода, у якіх раскрываюцца стасункі пісьменьніка з грамадзтвам і ўладаю. Калі-небудзь маладыя журналісты будуць вывучаць ягоную радыёпубліцыстку як клясыку жанру, але пакуль што яна для беларускай нацыі як франтавыя рэпартажы, як хроніка барацьбы за Незалежнасьць.

На пачатку кнігі эпіграф “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю Свабоду. Тое сталася звычаем і патрэбаю душы”. Словы Быкава. Журналісты беларускай службы Радыё Свабода ганарацца гэтай адзнакай сваёй працы. У кароткай прадмове, напісанай дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком, гаворыцца: “Мы рабілі праграму, ведаючы, што яе будзе слухаць Быкаў. Мы так і будзем рабіць надалей, Васіль Уладзімеравіч”.

Сярод выступленьняў на вечарыне запомніліся словы Сяргея Законьнікава: “Калі нашыя сябры з Польшчы, Летувы, іншых краінаў пытаюцца, “як цяпер Беларусі бяз Быкава?” – я адказваю: Беларусь была, ёсьць і будзе з Быкавым”. Поўная заля Дома літаратара (яна ня часта бывае поўнай) сустрэла гэтыя словы аплядысмэнтамі.

Можна сказаць, што на прэзэнтацыі прысутнічала інтэлектуальнай эліта краіны. У залі было нямала тых, хто асабіста ведаў Васіля Ўладзімеравіча. Гэта стварала эмацыйную атмасфэру, падобную да той, што бывае ў храме. У бажніцы пратэстантаў, дзе абавязковая абраднасьць зьведзеная да мінімуму, дзе людзі зьбіраюцца не дзеля рытуалу, а дзеля сумоўя.

Музычным фонам вечарыны былі творы, якія ў свой час суправаджалі ў эфіры Радыё Свабода быкаўскія тэксты. На заканчэньне на сцэну падняліся журналісты беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, якія працавалі з Быкавым у эфіры і намаганьнямі якіх радыётэксты Васіля Ўладзімеравіча сталі даступнымі і чытачам.

У вечарыне “Быкаў на Свабодзе” ўзялі ўдзел амбасадары ЗША, Літвы, прадстаўнікі іншых краінаў. Дарэчы, і амбасадар Джордж Крол, і амбасадар Ёнас Паслаўскас выступілі на беларускай мове. Амбасадар ЗША адзначыў, што 50 гадоў таму амэрыканскі народ падтрымаў беларускі народ праз фінансаваньне Радыё Свабода ў яго імкненьні да дэмакратычнага грамадзтва. Як сказаў амбасадар Джордж Крол, геній Васіля Быкава належыць усім нацыям сьвету, бо ягоная творчасьць служыць агульначалавечым ідэалам. Амэрыканцы хочуць быць разам з вамі, а ня супраць вас, заявіў амбасадар Крол.

Дзіўна, але было ўражаньне, што Быкаў быў ндзе тут, у залі. Разам з усімі. На хвалі Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG