Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРВІЮ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШУКА ГАЗЭЦЕ “НАРОДНАЯ ВОЛЯ”


RFE/RL

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар, ці захавала Свабода тое, што было закладзена на самым пачатку?”

(Лукашук: ) “На самым пачатку радыё называлася “Вызваленьне” – мелася на ўвазе вызваленьне паняволеных народаў з-пад камуністычнага прыгнёту Масквы. Першая перадача працягвалася 15 хвілінаў, яе адкрывалі гімны “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і “Пагоня”, і дыктар казаў: “Тут радыё “Вызваленьне”. Вы слухаеце голас суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”. Рэдакцыю фармавала Рада БНР, і тэмы беларускай незалежнасьці ды нацыянальнага адраджэньня разам зь перадачай праўдзівай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі і сьвеце былі галоўнымі ў праграме. Гэтыя тэмы, на жаль, працягваюць заставацца актуальнымі і праз паўстагодзьдзя і ў значнай ступені вызначаюць зьмест нашай праграмы. Дарэчы, першы кіраўнік рэдакцыі Вінцэнт Жук-Грышкевіч пазьней быў абраны старшынём Рады БНР. Цяперашняя старшыня Рады Івонка Сурвіла таксама рэгулярна выступае на хвалях “Свабоды”. Калі прывесьці яшчэ адзін канкрэтны прыклад пераемнасьці – дык гэта мова і правапіс, рэдакцыя працягвае моўную традыцыю, закладзеную першым складам супрацоўнікаў. Ну і яшчэ адзін нязьменны чыньнік – як і 50 год таму, мы ня маем рэтрансьляцыі ўнутры краіны. Беларусь– адзіная дзяржава у Эўропе, куды “Свабода” вяшчае як за часам Халоднай вайны, з-за мяжы, пераважна на кароткіх хвалях”.

(Карэспандэнт: ) “Ці робіце Вы дасьледаваньні наконт узроўню папулярнасьці Радыё Свабода на Беларусі і ў сьвеце? Як выглядае соцыялягічны партрэт вашага слухача?”

(Лукашук: ) “Галоўная рыса нашага слухача – ён хоча мець незалежную інфармацыю, любіць беларускую мову, гэта настойлівы чалавек – знаходзіць час і мае цярпеньне настройваць свой стары кароткахвалёвы прымач на нашыя зьменлівыя частоты. Дасьледаваньні аўдыторыі амэрыканскай радыёстанцыі ў закрытым грамадзтве мае свае асаблівасьці. Калі звоняць у дзьверы і пытаюцца, ці слухаеце вы “Свабоду” ці “Голас Амэрыкі”, адказы розьняцца розныя дасьледчыкі даюц занадта розныя лічбы. Можна больш-менш дакладна гаварыць пра характарыстыкі аўдыторыі, тэндэнцыі і суадносіны з аўдыторыяй іншых падобных СМІ. Сярод слухачоў пераважаюць мужчыны, асноўная ўзроставая група – 30-50 гадоў, адукацыя сярэдняе і вышэйшая, на захадзе слухачоў больш, чым ва ўсходніх абласьцях”.

(Карэспандэнт: ) “Сёлета Радыё Свабода перастала вяшчаць на краіны Прыбалтыкі і шэраг краінаў Цэнтральнай Эўропы. Вядома, што Кангрэс ЗША, які фінансуе Свабоду, больш увагі надае Блізкаму Усходу і ісламскаму ды арабскаму сьвету. Ці не пагражаюць скарачэньні беларускай службе?”

(Лукашук: ) “На дзень юбілею Беларуская служба атрымала віншаваньне з Кангрэсу ЗША. У дакумэнты Кангрэсу ўнесены выступ кангрэсмэна Тома Лантаса, дзе ён гаворыць пра значнасьць і неабходнасьць працягу вяшчаньня, дае надзвычайную ацэнку працы Беларускай службы і заклікае сваіх калег далучыцца да ўшанаваньня “настойлівасьці і прафэсіяналізму” журналістаў “Свабоды”. Беларуская “Свабода” – адзіная з усіх рэдакцыяў нашага радыё, якая атрымала такое прызнаньне з Кангрэсу ЗША. Хацелася б спадзявацца, што цяперашні аб’ём нашай праграмы застанецца, хаця сытуацыя ня простая.

Зьмены ў прыярытэтах замежнага амэрыканскага вяшчаньня сапраўды адбываюцца даволі значныя, рэсурсы скіроўваюцца на Блізкі Ўсход, краіны арабскага і ісламскага сьвету.

Радыё перастала вяшчаць на краіны Эўропы, якія ўступілі Эўразьвяз, бо яны наўрад ці ўжо маюць патрэбу інфармацыйнай дапамозе з-за мяжы. Ці мае такую патрэбу Беларусь – чытачы “Народнай волі” выдатна ведаюць самі. Краіна займае 182 месца сярод 191 краіны сьвету паводле крытэрыяў свабоды слова. Кангрэс ЗША, які распараджаецца грашыма амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў, пакуль бачыць патрэбу і мае магчымасьці падтрымліваць свабоду інфармацыі для беларускага грамадзтва”.

(Карэспандэнт: ) “Знаходзяцца людзі, асабліва з катэгорыі служак рэжыму, якія папракаюць ваша радыё ў неаб’ектыўнасьці. Маўляў, вы існуеце за грошы амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў, вяшчаеце з Прагі... Ці ўплываюць гэтыя акалічнасьці на колькасьць і якасьць вашай інфармацыі?”

(Лукашук: ) “Так, уплываюць. Гэтыя акалічнасьці дазваляюць перадаваць у эфір аб’ектыўную і дакладную інфармацыю і рабіць якасныя праграмы”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар, як бы Вы маглі ацаніць прафэсійны ўзровень вашых журналістаў? Ці цяжка трапіць да вас на працу?”

(Лукашук: ) “Узровень працы нашых журналістаў, верагодна, больш карэктна ацэньваць ня мне, а слухачам ды калегам. Можна даволі дакладна вызначыць, як слухачы ацэньваюць якасьць праграмы ў фокус-групах, калі некалькі чалавек спачатку ўважліва слухаюць, а потым ананімна аналізуюць праграму. Гэтыя дасьледаваньні сьведчаць пра надзвычай спрыяльную ацэнку, якую сталыя слухачы даюць праграме. Пра гэта сьведчыць і фантастычная пошта, якую мы атрымалі на конкурс “Мая Свабода”. Калі б “Народная воля” мела магчымасьць, можна было апублікаваць выказваньні слухачоў пра нашае радыё – гэта вельмі шчырае і ўражлівае прызнаньне ў любові. Я, прызнаюся, ніяк не чакаў, што нашыя перадачы так шмат значаць у прыватным жыцьці людзей розных узростаў, прафэсіяў, поглядаў. Сьвятар з Гарадзенскай вобласьці напісаў: “Калі я слухаю вашыя перадачы, мне здаецца, гэта Бог прамаўляе празь беларускую праграму да беларусаў”. Адна слухачка прызналася, што выбрала імёны для сваіх дзяцей, дзякуючы перадачы Радыё Свабода. Ці вось яшчэ цытата: “Калі б мяне спыталі, зь якімі словамі ў мяне асацыюецца свабода, я абавязкова прыгадаў бы наступныя: воля, сумленьне, праўда, адкрытасьць, дабро, любоў, каханьне, вясна, незалежнасьць, але ў першую чаргу – Радыё Свабода. Менавіта яно дапамагае мне адчуць сябе свабодным” (Мікіта Дзюбайла, Магілёў).

Як і ў любой прафэсіі, важнае прызнаньне калегаў-прафэсіяналаў. Скажу толькі, матэрыялы нашага эфіру выкарыстоўваліся падчас слуханьня ў Кангрэсе ЗША, у гэтым 50-м юбілейным годзе на нас спасылаліся, цытавалі вядучыя выданьні Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Чэхіі, Расеі.

Мы адзначаем 50-я ўгодкі выпускам кнігі “Быкаў на Свабодзе”. Яе адкрывае эпіграф – словы нашага даўняга дарагога аўтара і сябра: “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю Свабоду. Тое сталася звычаем і патрэбай душы”. Я ня ведаю, што можа быць вышэй за гэтую ацэнку”.

(Карэспандэнт: ) “Тым ня менш, сярод некаторых журналістаў існуе меркаваньне, што беларуская служба Радыё Свабода саступае расейскай па якасьці эфіру. У апошняй больш прамых уключэньняў, выступаў вядомых публіцыстаў... Ці згодныя вы з гэтай думкай?”

(Лукашук: ) “Я адкажу некаторымі паказчыкамі дасьледаваньня, якое праводзілася ў канцы мінулага году. Сёньня Беларуская служба мае на траціну больш слухачоў у Беларусі, чым рускамоўныя перадачы БіБіСі, “Голаса Амэрыкі” і “Нямецкая хвалі” разам узятыя.

Нават паводле кансэрватыўных дасьледаваньняў у нас таксама стала больш слухачоў, чым у традыцыйна папулярнай тут раней расейскай службы, хаця яе аб’ём вяшчаньня ўтрая большы.

Сярод трох дзясяткаў службаў Радыё Свабода ў Празе беларуская служба сёньня лічыцца адной зь лепшых, а па шмат якіх прафэсійных парамэтрах вядучай і нават унікальнай. (Напрыклад, у нас найбольшы аб’ём эфіру ў разьліку на аднаго супрацоўніка, мы адзіныя, хто робіць штодзённыя гадавыя праекты кшталту “Слоўніка стагодзьдзя”, “Верша на Свабоду”, і іншыя). Мы ў рэдакцыі, аднак, рэдка бываем цалкам задаволеныя сваёй праграмай, пастаянна спрачаемся, вучымся, спрабуем рабіць лепш.”

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць яшчэ нейкія асаблівасьць працы журналістаў Радыё Свабода ў Беларусі ў параўнаньні з працай іх калег у іншых краінах?”

(Лукашук: ) “Я назаву толькі адну асаблівасьць – ні ў адной краіне, куды вяшчае Свабода, няма такога, як у Беларусі, катастрафічнага становішча з роднай мовай. А радыё – гэта перадусім мова, жывая, гаваркая, багатая, лёгкая, гнуткая, моцная, звонкая, сакавітая, якая здольная праз слова, інтанацыю, вымаўленьне, перадаць сьвет ва ўсёй паўнаце і прыгажосьці. Гэта вельмі балючая праблема, якая робіць прафэсійную падрыхтоўку эфіру беларускай Свабоды непараўнальнай з працай калегаў. Але робім”.

(Карэспандэнт: ) “Аляксандар, больш за 10 гадоў Вы працуеце за мяжой Беларусі. Ці лічыце Вы, што цалкам знаходзіцеся ў кантэксьце беларускага жыцьця? Ці ўпэўнены Вы, што вашае ўяўленьне аб сытуацыі ў Беларусі адпавядае рэчаіснасьці?”

(Лукашук: ) “Зараз больш за 80% нашай праграмы робіцца ў Беларусі, беларускімі журналістамі з удзелам беларускіх экспэртаў, палітыкаў, актывістаў НДА, у нас гучаць ацэнкі мінакоў на вуліцах і дэпутатаў, званкі слухачоў і развагі пісьменьнікаў, можна пачуць прызнаньні зьбітага салдата і показку вясковай бабкі, прэм’еру рок-гурта і дзёньнік тыдня, напісаны сьляпым слухачом”.
XS
SM
MD
LG