Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСК ІГНАРУЕ РАСЕЙСКІ ПРАЕКТ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ?


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле Сяргея Прыходзькі, новы расейскі праект больш істотна разьмяжоўвае паўнамоцтвы паміж саюзнымі і нацыянальнымі органамі. Акрамя ўсяго іншага, ён не прадугледжвае пасадаў прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта саюзнае дзяржавы.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, камэнтуючы заяву спадара Прыходзькі, заявіў, што ўсе прапановы наконт Канстытуцыйнага акту трэба накіроўваць у двухбаковую камісію Папова-Селязьнёва, якая была створаная вышэйшым дзяржсаветам саюзнай дзяржавы.

(Савіных: ) “Гэтая камісія падрыхтавала агульны праект Канстытуцыйнага акту, які на сёньня зьяўляецца адзіным, скажам так, юрыдычна легітымным праектам”.

Ці будзе дадзены адказ зь Менску на расейскі сьнежаньскі праект, спадар Савіных сказаць ня здолеў. Акрамя таго, тэкст новага расейскага праекту гэтак і не паступіў для ацэнкі ў беларускую частку сумеснай камісіі па падрыхтоўцы Канстытуцыйнага акту, не накіравалі яго і ў Парлямэнцкі сход, — пра гэта паведаміў “Свабодзе” кіраўнік апарату прадстаўніцтва Парлямэнцкага сходу ў Менску Мікалай Канцавы. Паводле яго, ужо болей за год праект, падрыхтаваны камісіяй Папова-Селязьнёва, фармальна разглядаецца бакамі, без усялякага прагрэсу. Расейскі бок нават не правёў абнаўленьня складу і кіраўніцтва супольнай камісіі са свайго боку, паколькі Генадзь Селязьнёў, сустаршыня камісіі, ужо не кіруе Дзяржаўнай думай. Што да новага расейскага праекту, то спадар Канцавы пра яго нават ня чуў:

(Канцавы: ) “Я вам магу цьвёрда сказаць, што ў Парлямэнцкі сход зь якімі-небудзь даручэньнямі ад прэзыдэнтаў, кіраўнікоў нашых дзяржаваў, такі дакумэнт не паступаў”.

Мікалай Канцавы ня лічыць, што ігнараваньне Крамлём дзейнасьці супольнай камісіі ў справе распрацоўкі Канстытуцыйнага акту сьведчыць пра блізкі канец гэтага органу. Ня згодны ён і зь меркаваньнямі, што цяпер на Канстытуцыйны акт ужо проста махнулі рукою:

(Канцавы: ) “Да гэтага дакумэнта цяпер асаблівая ўвага. Можа, штосьці не задавальняе бакі ў фармулёўках, падрыхтаваных камісіямі, ні ў якім разе яго ніхто не закінуў. Проста над ім такая доўгая працэдура працы”.

Мікалай Канцавы не бярэцца сказаць, калі будзе рэальна разглядацца гэты дакумэнт нацыянальнымі органамі Беларусі й Расеі і пазьней на рэфэрэндумах у дзьвюх краінах, пра што было заяўлена першапачаткова.

Што не задавальняе беларускі бок у расейскім варыянце Канстытуцыйнага акту? Меркаваньне экс-старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба:

(Грыб: ) “Я крыху чуў пра гэты акт, крыху размова была. І там як быццам у тым праекце няма таго, чаго хоча беларускі бок. Няма агульнага кіраўніцтва, няма віцэ-прэзыдэнта, няма гэтых вось структураў, якія прапаноўвае Беларусь і на якіх яна настойвае. Таму беларускаму боку гэты праект нецікавы зусім, таму ён яго ня хоча разглядаць і ня хоча адказваць”.

Мечыслаў Грыб негатовы заявіць, што працэс прыняцьця Канстытуцыйнага акту спынены ўжо назусім, але паколькі прэзыдэнты Расеі й Беларусі зусім розныя людзі, то ім цяжка будзе знайсьці нейкае пагадненьне па гэтай праблеме. Мечыслаў Грыб упэўнены, што Ўладзімер Пуцін не дапусьціць Аляксандра Лукашэнку на расейскую палітычную прастору, не пагодзіцца, каб Беларусь і Расея мелі роўнае прадстаўніцтва ў саюзных органах, а іншае беларускага кіраўніка не задавальняе.
XS
SM
MD
LG