Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКІ БОК ТАКСАМА ЗАНЕПАКОЕНЫ БУДОЎЛЯЙ СХОВІШЧА РАДЫЯАКТЫЎНЫХ АДКІДАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Учора і сёньня некаторыя польскія сродкі масавай інфармацыі зьмясьцілі зварот кіраўніка берасьцейскага аддзяленьня праваабарончанга цэнтру “Вясна” Уладзімера Вялічкіна да польскай і міжнароднай грамадзкасьці з просьбай узьняць свой голас супраць пабудовы сховішчаў для радыяактыўных адпадаў каля Берасьця.

Улады хочуць перавезьці туды верхнія слаі глебы з тэрыторыі, дзе ў 1950-я гады перагружаўся ўран, які везьлі з тагачаснай Чэхаславаччыны ў Савецкі Саюз.

Паводле спадара Вялічкіна, гэта небясьпечна для жыхароў навакольных вёсак. Акрамя таго, небясьпечныя рэчывы могуць патрапіць праз грунтавыя воды ў раку Буг і несьці пагрозу таксама на польскую тэрыторыю. Гаворыць Уладзімер Вялічкін:

(Вялічкін: ) “Гэтае сховішча будуюць адзін, можа два дзясяткі кілямэтраў ад Берасьця, каля вёскі Струга – на памежжы Берасьцейскага і Маларыцкага раёну. Яно ўжо пабудаванае. Справа ў тым, што мейсца знаходзіцца на тэрыторыі Берасьцейскага ляснога масіву і там побач вёсак няма, а вёска Струга, што зусім побач, ня лічыцца, бо належыць ужо да іншага раёну. Гэты праект трымаўся ў сакрэце, толькі выпадкова прасочвалася нейкая інфармацыя”.

Між тым, як паведаміла Радыё Свабода Маргарэта Сабацінска з прадстаўніцтва Любінскай ваяводзкай інспэкцыі аховы навакольнага асяродзьдзя ў Бялай Падлясцы, яе служба не атрымала ў гэтай справе зь Беларусі ніякіх канкрэтных дакумэнтаў.

(Сабацінска: ) “Вы, напэўна, ведаеце спэцыфіку супрацоўніцтва зь беларускім бокам. Там дагэтуль шмат дадзеных трымаюцца ў сакрэце. У справе радыяактыўных адпадаў мы рабілі афіцыйныя запыты яшчэ тры гады таму і летась, калі зьяўляліся матэрыялы пра гэта ў прэсе. Але не атрымалі ніякіх канкрэтных адказаў пра тое, дзе будзе гэтае сховішча. Нам сказалі толькі, што за 50 кілямэтраў ад мяжы і што праект атрымаў пазытыўныя ацэнкі адпаведных беларускіх службаў. А цяпер, аказваецца, усё ўжо практычна скончанае. Мы сёньня накіравалі чарговы ліст у Берасьцейскі аблвыканкам у гэтай справе”.

Паводле яе словаў, пакуль нельга адназначна сьцьвердзіць, ці будзе пагражаць гэтае сховішча навакольнаму асяродзьдзю, бо польскі бок не атрымаў ад беларусаў адпаведных матэрыялаў у гэтай справе, каб мець магчымасьць правесьці ўласную экспэртызу.

(Сабацінска: ) “Але лягічным было б перанясеньне гэтага сховішча, бо, наколькі мне вядома, яно месьціцца недалёка ад грунтавых водаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG