Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАЙЛЕПШЫ СЯБАР АМЭРЫКІ Ў ІРАКУ ПЕРАСТАЎ БЫЦЬ НАЙЛЕПШЫМ?


Ганна Соусь, Прага

(Чалабі: ) "Я – найлепшы сябар Амэрыкі ў Іраку".

Безумоўна, гэтыя словы Ахмэда Чалабі, прамоўленыя пасьля ўчорашняга рэйду на ягоную багдадзкую рэзыдэнцыю, у свой час адпавядалі рэчаіснасьці.

Раней Ірацкі нацыянальны кангрэс, які ён ўзначальваў, атрымліваў ад ЗША па 335 тысячаў даляраў штомесяц за інфармацыю пра сытуацыю ў Іраку, якая, як высьветлілася, была недакладнай.

Цяпер жа, як вынікае са словаў дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла, Чалабі стаў парыяй у Вашынгтоне. Вось як у мінулую нядзелю Колін Паўэл згадваў люты 2003 году, калі яму не ўдалося ўпэўніць Раду бясьпекі ААН у тым, што Ірак мае зброю масавага зьнішчэньня.

(Пауэл: ) “У той час, калі я рабіў выступленьне, яно выражала калектыўнае меркаваньне, заснаванае на прапанаваных нам дадзеных. Але аказалася, што крыніцы інфармацыі недакладныя і няверныя, і ў некаторых выпадках нас наўмысна ўводзілі ў зман. І я шкадую й расчараваны гэтым”.

Тую інфармацыю, якой карыстаўся Колін Паўэл, часткова забясьпечваў Ірацкі нацыянальны кангрэс у выгнаньні на чале з Ахмэдам Чалабі. Напрыклад, сьцьвярджалася, што іракцы зь цеплынёй сустрэнуць амэрыканскіх вайскоўцаў, як толькі будзе скінуты Садам Хусэйн. Некаторыя асобы ў Адміністрацыі Джорджа Буша, уключна з Колінам Паўэлам, сумняваліся ў асобе Чалабі, аднак іншыя, напрыклад, міністар абароны Доналд Рамсфэлд і ягоны намесьнік Пол Вулфавіц выкарыстоўвалі яго. Менавіта празь іх Чалабі меў уплыў на палітыку Вашынгтону ў Іраку і стаў сябрам прызначанай ЗША Кіроўнай рады Іраку.

Паводле Ахмэда Чалабі цяперашняя амэрыканская варожасьць да яго зьвязана з расьсьледаваньнямі злоўжываньняў у рэалізацыі Праграмы ААН у Іраку “Нафта ў абмен на харчаваньне” у часы Садама Хусэйна.

Учора ў Багдадзе прадстаўнік сілаў кааліцыі Дэн Сэнар заявіў, што ператрус ў доме Чалабі адбыўся на ініцыятыву ірацкіх уладаў, і ня мае ніякага дачыненьня да праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне.”

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр сказаў, што рэйд ня быў палітычна матываваны, і быў зьвязаны з пэўнымі крымінальнымі пытаньнямі. Аднак шмат якія аглядальнікі лічаць, што бяз згоды амэрыканцаў рэйд бы наўрад ці адбыўся.
XS
SM
MD
LG