Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРВІЮ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШУКА ГАЗЭЦЕ “ВРЕМЯ”


RFE/RL

(Карэспандэнт: ) “Радыё Свабода вяшчае ў праблемных, несвабодных рэгіёнах. У недэмакратычным асяродку чалавек патрабуецца альтэрнатыўная інфармацыя. Як Радыё Свабода плянуе інфармацыйную палітыку з улікам таго, што ўлады не зацікаўленыя ў распаўсюдзе аб’ектыўнай інфармацыі?”

(Лукашук: ) “Зьмест праграмы дыктуюць падзеі. Наша палітыка такая, як і ва ўсіх прафэсійных СМІ – своечасова, поўна і аб’ектыўна паведамляць пра значныя для грамадзтва і нашай аўдыторыі падзеі, факты і зьявы. Задача радыё, як вызначана ў нашым статуце, сёньня тая самая, што і паўстагодзьдзя таму: прапаганда дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў праз распаўсюд фактычнай інфармацыі ды ідэяў. Мы зыходзім з таго, што найпершай перадумовай дэмакратыі ёсьць добра інфармаванае насельніцтва. Беларускае начальства, вядома, спрабуе трымаць насельніцтва на сваёй спэцыфічнай інфармацыйнай дыеце. Хаця на асабістым узроўні начальства таксама ня хоча, каб яго дурылі. У кулюарах розных міжнародных канфэрэнцыяў, пасяджэньняў АБСЭ да мяне ня раз падыходзілі дыпляматы, афіцыйныя асобы, якія выказвалі падзяку за тое, што мы друкуем большасьць матэрыялаў эфіру на інтэрнэт-старонцы. Раней, кажуць яны, трэба было напружвацца, шукаць вас на кароткіх хвалях, а цяпер нашмат прасьцей. Зрэдку, але могуць пазваніць зь якога-небудзь міністэрства, каб нешта паправіць, калі бачаць недакладнасьць. Іншымі словамі – цікавяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Як вядзецца плянаваньне інфармацыі пра дэмакратычныя каштоўнасьці ў вяшчаньні на Беларусь?”

(Лукашук: ) “Мы імкнёмся прытрымлівацца гэтых каштоўнасьцяў у працы, пачынаючы ад выбару тэмаў, падрыхтоўкі матэрыялаў да іх гучаньня ў эфіры. Рэдактарскія патрабаваньні што да дакладнасьці, апэратыўнасьці, усебаковасьці інфармацыі вельмі жорсткія. Іначай немагчыма дасягнуць мэтаў вяшчаньня. Зноў працытую наш прафэсійны кодэкс: “Радыёстанцыя перадае аб'ектыўныя навіны, аналітычныя зводкі й дыскусійныя матэрыялы па ўнутраных ды рэгіянальных пытаньнях, якія неабходныя для пасьпяховых дэмакратычных ды рынкавых пераўтварэньняў. Радыёстанцыя спрыяе ўмацаваньню грамадзкай супольнасьці праз прапаганду дэмакратычных каштоўнасьцяў. Радыёстанцыя робіць свой унёсак у пераадоленьне этнічнай і рэлігійнай варожасьці, спрыяе паразуменьню ўсіх групаў грамадзтва. Радыёстанцыя садзейнічае ўмацаваньню сувязяў між краінамі рэгіёну, у якім яна працуе, і краінамі разьвітай дэмакратыі”.

Я магу на прыкладах нашага тыднёвага эфіру гаварыць, як мы спрабуем выконваць гэтыя задачы – але гэта патрабавала б пераказу праграмаў. Чытачы Вашага выданьня могуць самі спраўдзіць, наколькі ўдала мы выконвае свае функцыі, паслухаўшы наш эфір ці пачытаўшы інтэрнэт старонку www.svaboda.org. Пэўным паказьнікам прафэсіяналізму заўсёды ёсьць прызнаньне калегаў. Летась, напрыклад, нашыя матэрыялы цытавалі, спасылаліся на нас як на крыніцу інфармацыі такія аўтарытэтныя выданьні як газэты “Times” у Лёндане, “Suddeutsche Zeitung” у Нямеччыне, “Respekt” у Чэхіі, расейскія «Известия», ды многія іншыя”.

(Карэспандэнт: ) “Як бы Вы ацанілі ўплыў Радыё Свабода на працэсы ўнутры Беларусі?”

(Лукашук: ) “Як заўважнае, але недастатковае. Увогуле, ўплыў можна больш менш дакладна вымераць для рэклямы – сталі лепш купляць рэклямны прадукт ці не. Ці сталі людзі думаць іначай – больш далікатнае пытаньне. Сацыёлягі, напрыклад, нядаўна высьветлілі, што задаволенасьць народу ўрадам і ступень карумпаванасьці ўладаў не залежаць адно ад аднаго. Здавалася, павінна быць простая сувязь – але вось жа няма.

Мы ведаем, што нашыя перадачы чытаюць і вывучаюць у верхніх эшалёнах улады, час ад часу нават прымаюць кадравыя рашэньні, нярэдка яны становяцца аб’ектам прыдзірлівай увагі дзяржаўных СМІ, іх ахвотна перадрукоўвае незалежны друк (летась мы налічылі каля трох тысячаў перадрукаў матэрыялаў нашага эфіру ў незалежных выданьнях краіны і на інтэрнэт-сайтах). Але нашая галоўная праблема, галоўны абмежавальнік – адсутнасьць унутранай рэтрансьляцыі. Мы працуем як за часам халоднай вайны – вяшчаем з-за мяжы. Сярод краінаў вяшчаньня РС/РСЭ апроч Беларусі толькі Іран, Туркмэністан і Узбэкістан ня маюць рэтрансьляцыі. Моладзь сёньня аддае перавагу FM станцыям, сярэднія хвалі пакрываюць толькі частку тэрыторыі. Мы вельмі даражым кожным слухачом, які ўсё-ткі знаходзіць час і магчымасьці шукаць нас на кароткіх хвалях. Але глябальная тэндэнцыя – слуханьне на кароткіх хвалях усё менш папулярнае. Альтэрнатыва – інтэрнэт, пакуль яшчэ слаба набірае моц у Беларусі, але прынамсі тут пазытыўная дынаміка і вялікі патэнцыял”.

(Карэспандэнт: ) “Ці былі выпадкі, каб беларускія спэцслужбы змагаліся зь дзейнасьцю Радыё Свабода?”

(Лукашук: ) “Былі”.

(Карэспандэнт: ) “Якія цяпер прыярытэты вяшчаньня “Свабоды”, як на іх фоне разглядаецца беларуская служба?”

(Лукашук: ) “Цяпер большасьць нашай аўдыторыі ў мусульманскіх ці арабскіх краінах. Рада дырэктараў вяшчаньня скіроўвае асноўныя рэсурсы ў гэты рэгіён. Беларуская Свабода сёньня вяшчае 8 гадзінаў штодня – гэта найвялікшы аб’ём за ўсе 50 гадоў нашай гісторыі. Пакуль нас не скарачаюць”.

(Карэспандэнт: ) “У адным з інтэрвію Вы казалі, што мэта “Свабоды” – яе зьнікненьне, гэта значыць, вырашэньне праблемы слова і дэмакратыі. Ваш прагноз што да Беларусі?”

(Лукашук: ) “Цяжкае пытаньне. Спадзяюся, пры нашым жыцьці”.

(Карэспандэнт: ) “Раскажыце пра спэцыяльныя праекты “Свабоды” – кнігі, перадачы”.

(Лукашук: ) “Мы ганарымся нашымі “вялікімі” праектамі – штодзённымі тэматычнымі перадачамі, кожная зь якіх гучала на працягу года. У 1999 годзе гэта быў “Слоўнік Свабоды” – эсэ, прысьвечанае аднаму слову, расказвала пра істотную рысу мінулага стагодзьдзя. У 2000 годзе штодня гучаў у эфіры “Успамін стагодзьдзя” – пэрсанальная гісторыя часу. У 2001 нам удалося ажыцьцявіць рызыкоўную авантуру – “Верш на Свабоду”, калі слухачы штодня чыталі напісаны спэцыяльна для гэтай перадачы верш, у якім адлюстравалі сваё ўспрыманьне свабоды на пачатку 21-га стагодзьдзя. Дарэчы, у гэтай перадачы ўдзельнічалі два Нобэлеўскія ляўрэаты, Віслава Шымборска і Чэслаў Мілаш.

“Слоўнік Свабоды” быў апублікаваны як спэцыяльная кніжка часопісу “Arche”, “Верш на Свабоду” выйшаў кнігай па-беларуску і цяпер выходзіць у перакладзе па-ангельску. Калі моладзь выйшла на абарону Курапатаў пад час будаўніцтва акружной дарогі, нашыя карэспандэнты штодня на працягу васьмі месяцаў вялі рэпартажы з урочышча, якія таксама склалі кнігу “Дарога праз Курапаты”.

І вось зараз у траўні выйдзе новая кніга – “Быкаў на Свабодзе”. Гэта збор інтэрвію, выступаў пісьменьніка ў нашым эфіры за апошнія дзесяць гадоў.

Многія слухачы адзначаюць праект “Сучасныя мэмуары” – мы замаўляем вядомым асобам напісаць свае ўспаміны пра нядаўняе мінулае, і пасьля яны гучаць у эфіры. Менавіта у рамках гэтай перадачы адбылася прэм’ера кнігі успамінаў Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”. Сам Васіль Уладзіміравіч гаварыў нам, што дзякуючы нашай настойлівасьці ён сеў іх пісаць”.

(Карэспандэнт: ) “Якая ў вас сувязь са слухачамі, якая ваша аўдыторыя?”

(Лукашук: ) “Летась адзін са слухачоў вызначыў у якасьці галоўнай падзеі года зьяўленьне тэлефона-аўтаадказьніка, на які можна пазваніць і выказаць сваё меркаваньне. Галасы слухачоў штодня гучаць у нашым эфіры. Мы атрымліваем багатую пошту з усіх куткоў Беларусі. Апошнім часам усё больш людзей, асабліва моладзі, карыстаецца электроннай поштай, і гэтая тэндэнцыя будзе нарастаць. Мы ўлічваем шмат якія заўвагі, падказкі тэмаў, часам спрачаемся, часам слухачы спрачаюцца паміж сабой. Хочам пачаць рабіць адмысловую праграму паводле тэмаў і адрасоў, прапанаваных слухачамі. Нашая аўдыторыя вельмі жывая, калі так можна сказаць, надзвычай патрабавальная (калі заўважаюць, напрыклад, моўныя памылкі, дык даюць нам добрага прачуханца), а ўвогуле – вельмі ўдзячная. Розныя дасьледчыкі па-рознаму ацэньваюць яе памеры, часам надта па-рознаму. Замеры намінальнай аўдыторыі ў закрытых грамадзтвах маюць сваю спэцыфіку. Сярэдняя лічба – вакол 5%. Адзінае, што можна сказаць дакладна – Беларуская служба мае больш слухачоў, чым раскейскамоўныя “Голас Амэрыкі”, “Нямецкая хваля” і “Бі-Бі-Сі” разам узятыя. Нашая аўдыторыя цяпер прыкметна перавышае аўдыторыю традыцыйна папулярнай у Беларусі расейскай службы Радыё Свабода (якая ў эфіры ўтрая даўжэй). Гэта да праблемы вяшчаньня па-беларуску ці па-руску”.

(Карэспандэнт: ) “Радыё Свабода – сур’ёзная арганізацыя. Можа, ўзгадаеце якія-небудзь кур’ёзы, нестандартныя сытуацыі?”

(Лукашук: ) “Я толькі што вярнуўся з Вашынгтону, быў у Кангрэсе і паказваў там нашыя новыя каляндарыкі з раскладам і хвалямі. Мы друкуем іх двойчы на год, калі мяняюцца частоты, і заўсёды зьмяшчаем карціну мастака. Сёлета гэта карціна Міколы Селяшчука “Вандроўнікі”, там даволі экзатычная фігура бадзяжніка. У Кангрэсе паглядзелі, потым пытаюцца: “Гэта Лукашэнка?” А апошняя гісторыя – 7 траўня выйшаў на волю пасьля 15 сутак арышту на Акрэсьціна Алесь Міхалевіч, намесьнік старшыні БНФ. Калі яго арыштавалі на Чарнобыльскім шляху, у яго з сабой быў пачак гэтых нашых каляндарыкаў. Усе сядзельцы на Акрэсьціна, а таксама ахоўнікі, атрымалі па каляндарыку, і яшчэ засталіся. Тады вязьні перамалявалі календары на гральныя карты, і так, пад выявай “Свабоды”, час за кратамі паляцеў куды хутчэй. Заставайцеся са Свабодай!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG