Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ КАНАДЫ ВІНШУЮЦЬ БЕЛАРУСКУЮ СЛУЖБУ РАДЫЁ СВАБОДА ЗЬ ЮБІЛЕЕМ


RFE/RL

Belarusan Canadian Coordinating Committee
Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады
Comité Bielorussien De Coordination Au Canada

Бэры, 5 траўня, 2004

Яго міласьці спадару Аляксандру Лукашуку
Дырэктару й галоўнаму рэдактару,
усім сябром рэдакцыі ды ўсім працаўнікам
Беларускай сэкцыі Радыё Свабода ў Празе Чэскай

Вельмі паважаныя спадарыні й спадары!

З узварушэньнем вітаю Вас з 50-мі ўгодкамі – залатым юбілеем – існаваньня й дзейнасьці Беларускае рэдакцыі радыёстанцыі "Вызваленьне" – "Свабода", што на пачатку знаходзілася ў Мюнхене, Заходняй Нямеччыне, а цяпер – у Празе Чэскай.

Паўстагодзьдзя зьмяло ў нябыт усіх тых барацьбітоў, пачынальнікаў – прэзыдэнта Рады БНР інж. Міколу Абрамчыка, рэдактара газэты "Бацькаўшчына" доктара Ст. Станкевіча, дырэктара й галоўнага рэдактара беларускага аддзелу доктара В. Жука (др. Вінцэнт Жук-Грышкевіч), прафэсара Ліманоўскага, Сымона Кабыша, Пётры Сыча й пазьнейшых прадаўжальнікаў працы – Лявона Карася, Барбары Вержбаловіч, Уладзімера Цьвіркі й шмат, шмат іншых. Іх няма.

Наступным пакаленьням пакінулі яны ў спадчыну плён свае працы – жывы, дзейны і творчы беларускі аддзел Радыё Свабода. Пакінулі яны наступным і цяперашнім працаўніком беларускай рэдакцыі Радыё Свабода запавет – кіраваць сваю працу, свае высілкі заўсёды на карысьць Беларускае вызвольнае справы.

Ад імя беларускага грамадзтва Канады зь юбілейнымі вітаньнямі шлю Вам найлепшыя пажаданьні. Жадаю Вам усім добрага здароўя, спору ў працы й веры ў лепшую будучыню Беларусі.

Жыве беларуская сэкцыя Радыё Свабода.
Жыве Беларусь!

Др. Раіса Жук-Грышкевіч
Былая старшыня ККБК
Barrie, Ontario, Canada
XS
SM
MD
LG