Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА САТЫРЫЧНЫ ВЕРШ ПРА ЛУКАШЭНКУ САДЖАЦЬ У ТУРМУ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Беларусі крымінальна перасьледуюць людзей, якія, на думку ўладаў, абразілі гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі, ці вінаватыя ў паклёпе на яго. Рэдактар і карэспандэнт гарадзенскай газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка за крытычныя артыкулы пра Лукашэнку былі асуджаныя на два і паўтары году абмежаваньня волі; галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч паводле гэтага ж артыкулу — на два гады абмежаваньня волі.

Актывістка апазыцыі Аксана Новікава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку атрымала два гады з адтэрміноўкай прысуду. Лідэр Беларускага страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі за распаўсюд улётак з ананімным сатырычным вершам пра Лукашэнку цяпер знаходзіцца ў гарадзенскім сьледчым ізалятары.

Я задаў пытаньне людзям на менскіх вуліцах: “ Ці можна садзіць у турму чалавека за напісаньне ці распаўсюд сатырычных вершаў пра кіраўніка дзяржавы?” Амаль усе апытаныя мною людзі рознага веку лічаць, што гэтага рабіць нельга:

(Дзяўчына: ) “Вельмі дрэнна! Мяне гэта не задавальняе. У нас народ свабодны, трэба, каб ён гаварыў і рабіў, што хоча. І каб ніхто яму ў гэтым не перашкаджаў”.

(Хлопец: ) “Стаўлюся да гэтага нэгатыўна. Бо нават Пуцін ня крыўдзіцца, калі над ім жартуюць у КВН. Мне здаецца, гэта нармальная зьява. Ён наадварот — павінен радавацца, бо гэта ўплывае на ягоны рэйтынг. Горш было б, каб усе маўчалі. Урэшце, у нас павінна быць дэмакратычная дзяржава”.

(Спадар: ) “Дрэнна стаўлюся. Лічу, што ў нас павінна быць нейкая свабода слова. Што яшчэ сказаць? Калі за любы выраз можна трапіць у турму, няма словаў”.

(Спадарыня: ) “Адмоўна. Павінна быць свабода слова. Я бы і сама нешта прыдумала”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як вы ставіцеся да таго, што за сатырычны верш пра Аляксандра Лукашэнку ў Беларусі можна трапіць у турму?”

(Хлопец: ) “Ня ведаю, я сатырычных вершаў не прыдумляю”.

(Карэспандэнт: ) “Але тым ня менш, ці добра гэта?”

(Хлопец: ) “Хутчэй дрэнна, чым добра. Бо сатырычныя вершы трэба пісаць пра ўсё на сьвеце. Да ўсяго трэба ставіцца сатырычна”.

(Пэнсіянэрка: ) “Я чытала літаратуру, кампрамат пра яго. Была ў жаху. Ён заслугоўвае пакараньня”.

(Дзяўчына: ) “На мой погляд, гэта дрэнна. У турму трэба саджаць за злачынства, за нейкае грамадзка небясьпечнае дзеяньне. А за вершы — пэўна ж не”.

(Дзяўчына: ) “Я нават ня ведаю, што адказаць. Наогул у нас ёсьць свабода слова. Гэта дрэнна, бо кожны ж чалавек мае права выказваць свае думкі свабодна”.

(Хлопец: ) “Я не лічу, што гэта нармальна. Трэба больш даваць людзям свабоды”.

(Спадар: ) “Гэта вельмі дрэнна, калі людзям не даюць свабоды слова. Гэта значыць, што ў нас у краіне дыктатура”.

(Спадарыня: ) “Пэўна ж гэта дрэнна, што тут казаць. Бясспрэчна, ня трэба паўтараць 1937 год. Усе мы людзі, дапускаем пэўныя памылкі. Усё павінна быць нармальна, і павінны мы жыць добра”.

(Дзяўчына: ) “Я нават ня ведаю. Відаць, гэта ня вельмі добра. Гэта нават вельмі дрэнна. Мы ж дэмакратычная краіна, а гэта недэмакратычна”.

І толькі адзін з маіх выпадковых суразмоўцаў сказаў мне, што ня ведае адказу на гэтае пытаньне.
XS
SM
MD
LG