Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 21 ДЫ 22 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

21 траўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ян Багаслоў або Доўгі Іван або Міколаў Бацька, бо папярэднічае сьвятому Міколу.

Два славутыя вынаходнікі прыйшлі на сьвет 21 траўня. Гэта нямецкі мастак Альбрэхт Дзюрэр, вядомы як вынаходнік графікі, і расейскі фізык Андрэй Сахараў, якога называюць бацькам савецкай вадароднай бомбы, і які пазьней стаў ці не галоўным у СССР дысыдэнтам і ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру за 1975 год.

А яшчэ 21 траўня – у 1869 годзе – нарадзіўся Канстанцiн Валасовiч, беларускі вучоны-прыродазнавец. Сярод ягоных навуковых подзьвігаў ёсьць і гэткі – ён зьбярог шкілет Ляхаўскага маманта, аднаго зь першых, што сталі вядомыя навуцы. Цяпер шкілет той захоўваецца ў Парыжы ў Францускім нацыянальным музэі прыроды. А яшчэ імем славутага беларускага навукоўца названыя выспы ў архіпэлягу Паўночная Зямля, а таксама шэраг выкапнёвых жывёлаў ды расьлінаў.

Толькі ў Менску вуліцы Валасовіча пакуль няма. Затое ёсьць вуліца Мікалая Галадзеда. Гэты чалавек таксама нарадзіўся 21 траўня, на Браншчыне. 10 гадоў Галадзед узначальваў Савет Народных Камісараў БССР – з 1927-га да 37-га году. Гэта пад ягоным кіраўніцтвам у Беларусі ствараўся карны апарат масавых рэпрэсіяў, па ўсёй краіне пачыналіся расстрэлы, допыты і высылка невінаватых людзей. Подпіс Галадзеда стаіць пад ганебнай пастановай аб спрашчэньні беларускага правапісу і набліжэньні беларускай мовы да расейскай. Служка партыі сам стаў ахвяраю таго малоху, які дапамагаў раскручваць. Мікалай Галадзед быў арыштаваны і падчас допыту ў будынку НКВД (цяперашні КГБ у Менску) выкінуўся з вакна на вуліцу.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

22 траўня ў Беларусі вялікае традыцыйнае сьвята – веснавы Мікола або Мікольшчына. “Да Міколы няма дабра ніколі” – казалі нашыя продкі.

22 траўня 1859 году нарадзіўся Артур Конан-Дойль, які прыдумаў вядомага ўсім дэтэктыва Шэрлака Холмса.

22 траўня 1900 году пад Пухавічамі нарадзіўся Мікола Касьпяровіч, беларускі этнограф, мовазнаўца й дасьледчык літаратуры. Ён напісаў агулам больш за 230 навуковых працаў на розныя тэмы, у тым ліку некалькі слоўнікаў беларускае мовы. Але большасьць ягоных твораў, што гэтак і засталіся ў рукапісах, была зьнішчаная пасьля ягонага арышту. Арыштавалі Міколу Касьпяровіча яшчэ ў 1930-м годзе, у першую хвалю сталінскіх рэпрэсіяў супраць дзеячоў беларускай культуры. Пасьля турмы ён мусіў жыць на выгнаньні ажно ў Навасібірску, дзе давялося яму выкладаць расейскую мову. Але й там яго не пакінулі ў спакоі. У 1937-м ён быў зноў арыштаваны і расстраляны.
XS
SM
MD
LG