Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОМ ЛЭНТАС – АДЗІНЫ ПРАДСТАЎНІК КАНГРЭСУ, ЯКІ ПЕРАЖЫЎ ГАЛАКОСТ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Том Лэнтас – рангавы дэмакрат, выбіраецца ў Кангрэс ад сваёй акругі ад 1981 году. Гэта ягоны 12-ты тэрмін у Кангрэсе. З усіх прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ягоная біяграфія хіба што адная з найбольш цікавых. Нарадзіўся ён у Будапэшце, Вугоршчыне ў 1928 годзе.

Пад час нямецкай акупацыі быў на прымусовых працах, уцёк і змагаўся ў антынацысцкім падпольлі. Сям’я ягоная загінула ў часе вайны. Том Лэнтас – адзіны прадстаўнік Кангрэсу, які перажыў Галакост. У ЗША ён патрапіў у 1947 годзе па вучнёўскай стыпэндыі і тут атрымаў адукацыю ў эканоміцы і міжнародных справах.

Ягоная праца ў Кангрэсе заўсёды была зьвязаная з грамадзянскімі правамі. У 1983 годзе Том Лэнтас заснаваў Кангрэсавы клюб па правох чалавека. І да сёньня ён застаецца ягоным старшынём. Том Лэнтас таксама працуе ў Камітэце па рэформе ўраду і ў Камітэце па міжнародных справах.

Заява Лэнтаса пачынаецца віншаваньнем беларускай рэдакцыі і адначасова шкадаваньнем:

“Спадар Старшыня, 20 траўня 2004 году спаўняецца 50 гадоў ад дня пастановы Кангрэсу аб дазволе радыёвяшчаньня на Беларусь. Пра гэтую гадавіну я згадваю са шкадаваньнем. На жаль, мы надалей вымушаныя вяшчаць на Беларусь. На жаль, у справе дэмакратыі і свабоды слова там не назіраецца вялікага прагрэсу”.

І далей у заяве гаворыцца, што Беларусь, на жаль, сталася выключэньнем у параўнаньні з суседзямі, якія ня толькі аднавілі сваю незалежнасьць пасьля распаду СССР, але і сталі на шлях дэмакратыі.

Ён згадаў перасьлед вольнай прэсы, недзяржаўных арганізацый і апазыцыі, зьнікненьні і арышты палітычных апанэнтаў. Том Лэнтас параўнаў сытуацыю ў цяперашняй Беларусі з той, якая была за часамі халоднай вайны, калі радыё вяшчала на кароткіх хвалях выключна з-за мяжы. Як і тады, цяпер беларусы, ад сьвятара да палітычнага вязьня даведваюцца праўдзівую інфармацыю з хваляў Свабоды.

“Традыцыя Беларускай Свабоды – умешвацца і даваць слова тым, каму ўлады спрабуюць заткнуць рот: лідэрам апазыцыі, журналістам з забароненых газэтаў і часопісаў, вучням зачыненага ўладамі адзінага беларускага ліцэю, цкаваным і затрыманым палітычным актывістам. На працягу 50-ці гадоў Беларуская Служба Радыё Свабода была самым важным і самым папулярным незалежным голасам з-за мяжы, які перадаваў мясцовыя і міжнародныя навіны ў краіну зь дзяржаўным кантролем над інфармацыяй. Радыё Свабода выконвае гэтую місію з прафэсіяналізмам, мужнасьцю і адданасьцю. Спадар Старшыня, я запрашаю маіх калегаў далучыцца да мяне, і з нагоды 50-годзьдзя выказаць пахвалу Беларускай Службе Радыё Свабода за настойлівасьць і прафэсіяналізм”.

У канцы заявы Том Лэнтас акрэсьліў важнасьць працы беларускай службы ня толькі для перадачы аб’ектыўнай інфармацыі, але і для таго, каб жыхары Беларусі адчулі салідарнасьць дэмакратычнага сьвету і надзею на ўласную свабоду.

Гл. таксама
• КАНГРЭС ЗША ПРЫВІТАЎ БЕЛАРУСКУЮ РЭДАКЦЫЮ РАДЫЁ СВАБОДА (Поўны тэкст)
XS
SM
MD
LG