Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРВІЮ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШУКА ЧАСОПІСУ “НАША СЛОВА”


RFE/RL

(Лукашук: ) “Мы заўсёды памятаем, што нас ёсьць адна ўнікальная рэч апроч інфармацыі – жывая беларуская мова. Эфір Свабоды ёсьць фактычна адзінай значнай моўнай прасторай, дзе 8 гадзінаў гучыць выключна беларуская мова. Яна разьвіваецца, мяняецца, засвойвае новыя правілы, адраджае клясычныя і вяртаецца да слухача. Пакуль будзе Беларусь, людзям будзе патрэбная родная мова – гаварыць, слухаць, сьпяваць, пісаць вершы, перакладаць, – купацца ў хвалях гэтай унікальнай, Богам дадзенай менавіта нам раскошы – вольнай роднай мовы. І як бы кепска не выглядалі справы – толькі адзін паварот настройкі прымача, толькі адзін дотык да кампутара – і родная мова будзе з вамі ў вольным эфіры Свабоды”.

(Карэспандэнт: ) “Традыцыйнае пытаньне, якое задаюць на юбілеі – як усё пачыналася?

(Лукашук: ) “Напрыканцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў амэрыканскае кіраўніцтва вырашыла пачаць вяшчаньне за жалезную заслону – на камуністычны сьвет. Пад сьцягі радыё сталі зьбірацца эмігранты першай і другой хвалі. Стварэньнем беларускай сэкцыі радыё “Вызваленьне”, як тады называлася Свабода, займалася Рада БНР. Вялі перамовы зь беларускімі студэнтамі ў Лювэне і Нью-Ёрку, зь вядомымі дзеячамі эміграцыі, пісьменьнікамі, паэтамі. Сярод першых супрацоўнікаў – доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, прафэсар літаратуры Янка Ліманоўскі, былы вязень Гулагу Пятро Сыч, доктар Станіслаў Станкевіч, былы кіраўнік справамі Савета Народных Камісараў БССР Сымон Кандыбовіч, журналіст Лявон Карась, студэнтка Галіна Ганчарэнка. Галіна расказвала мне, што жаданьне працаваць было такое вялікае, што яна гатовая была кінуць апошні курс ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку і працаваць без зарплаты. Галіна далучылася да рэдакцыі ўсё ж пасьля здачы экзамэнаў ўлетку. Гэтыя людзі зьяжджаліся ў Мюнхен і там пачалася падрыхтоўка праграмы”.

(Карэспандэнт: ) “Як выглядала самая першая праграма?”

(Лукашук: ) “Першая перадача была 15 хвілінаў. Вось як апісвала гэта газэта “Бацькаўшчына” 30 траўня 1954 году: “Аўдыцыя распачалася музычным сыгналам – двухкратным паўтарэньнем мэлёдыі першага радка “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Пасьля гэтага быў пададзены анонс наступнага зьместу “тут радыё “Вызваленьне”. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету.” Пасьля анонсу выступае галоснае харавое адсьпяваньне дзьвюх першых строфаў зь песьні “Пагоня” ў выкананьні Лювэнскага студэнцкага ансамблю. Тады, спачатку на фоне прыцішанай мэлёдыі, а потым безь яе быў перададзены зварот беларускага аддзелу радыёстанцыі, апісаны й сказаны ейным дырэктарам доктарам Жуком да суродзічаў на Бацькаўшчыне...” Пасьля звароту прагучала ці ня самае вядомае эсэ беларускай эміграцыйнай публіцыстыкі “Азымут сэрца”, напісанае Пятром Сычом.

Перадача ў запісу пасьля паўтаралася кожную гадзіну на працягу сутак – так павялічвалася верагоднасьць, што яе маглі пачуць у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Як склаліся лёсы першай легендарнай каманды пачынальнікаў Свабоды?”

(Лукашук: ) “Па-рознаму. Першы дырэктар, Вінцэнт Жук Грышкевіч, праз два гады вярнуўся Канаду, пасьля быў абраны прэзыдэнтам Рады БНР. Ён памёр у 1989 годзе, крыху не дачакаўшыся незалежнасьці Беларусі. Лявона Карася знайшлі мёртвым на беразе Мюнхенскай рэчкі Ізар – прычына сьмерці засталася таямніцай. Здаецца, з супрацоўнікаў першага году засталася адна Галіна Руднік – тая самая студэнтка, якая хацела кінуць вучобу дзеля працы на радыё. Яна жыве ў зараз у Мюнхене і па-ранейшаму цікавіцца беларускімі справамі, працай радыё, выступае ў нашым эфіры. Прынагодна згадаю імёны сваіх папярэднікаў – кіраўнікоў рэдакцыі – пасьля Жук-Грышкевіча дырэктарам стаў Уладзімер Дудзіцкі, затым Уладзімер Цьвірка, Масей Сяднёў, Юры Сянькоўскі і Вячка Станкевіч”.

(Карэспандэнт: ) “Мінула 50 год – як бы Вы коратка адказалі на пытаньне, што зьмянілася, што засталося бязь зьменаў?”

(Лукашук: ) “Калі вылучаць толькі адну зьмену з мноства – гэта хіба тое, што праграму цяпер складаюць карэспандэнцыі зь Беларусі, гучаць галасы людзей зь Менска і Ліды, Мазыра і Глыбокага, нам шлюць лісты і звоняць, пішуць вершы і электронныя допісы, у эфіры выступаюць палітыкі і настаўнікі, адным словам – праграма цяпер рыхтуецца ў Беларусі, цалкам укаранёная ў беларускае жыцьцё, падзеі асьвятляюцца ў жывым наўпроставым эфіры, нашыя слухачы і нашыя карэспандэнты дыхаюць адным паветрам. Гэта велізарная зьмена.

Калі ж назваць адну рэч, якая засталася нязьменнай – мы па-ранейшаму мусім вяшчаць з-за межаў Беларусі, як за часам Халоднай вайны”.

(Карэспандэнт: ) “Давайце пагаворым пра “Свабоду” сёньня. Вы – сёмы дырэктар Беларускай службы за паўвека. Што вы лічыце галоўным здабыткам ці здабыткамі апошняга часу?”

(Лукашук: ) “Пытаньне кароткае, але адказ можа быць доўгі... Трансфармацыя пачалася пры Вячку Станкевічу – упершыню зьявіліся карэспандэнты ў Беларусі, упершыню зь Беларусі прыехалі людзі працаваць у рэдакцыі “Свабоды”. Гэтыя перамены заклалі грунт далейшага разьвіцьця. У 1998 годзе мы стварылі сваю інтэрнэт-старонку, адну зь першых сярод амаль трох дзесяткаў рэдакцыяў. Далей зьмены пайшлі ланцугом. Назаву тры. Першае – удалося павялічыць праграму ўдвая, з 4 да 8 гадзінаў. Гэта адбылося ў 2001 годзе. Сёньня мы маем самы вялікі аб’ём вяшчаньня за ўсе 50 гадоў існаваньня Беларускай службы.

Другое – зьмяніўся характар праграмы – мы цяпер працуем у жывым эфіры і раніцай і днём, і ўвечары, тэмпарытм перадачы адпавядае самаму высокаму стандарту – гэта даўно ўжо не чытаньне газэты ў мікрафон, у нас на працягу гадзіны бывае больш за сотню мантажных стыкаў – галасы вуліцы, міліцэйскія мэгафоны, тэлефанаваньні, музычныя фрагмэнты, рыпеньне сьнегу і бульканьне гарэлкі – гукі жыцьця. Ужо некалькі гадоў прафэсійная праца нашых карэспандэнтаў у Празе і Беларусі лічыцца лепшай ці адной з лепшых сярод усіх нацыянальных службаў Радыё Свабода. Нас ставяць у прыклад.

Ну і трэцяе – ці магчыма, першае, – гэта зьмест праграмы. Я скажу толькі пра адметнасьць нашай службы, тое, што ніхто з калег на Радыё Свабода не паўтарыў. Гэта тры вялікія праекты, штодзённыя перадачы, якія гучалі на працягу цэлага году. Ў 1999 годзе штодня выходзіў у эфір “Слоўнік свабоды”, у 2000 годзе – “Успаміны стагодзьдзя”, у 2001 – “Верш на Свабоду”. На пераломе тысячагодзьдзяў мы паспрабавалі такім чынам зафіксаваць і стварыць мастацкія дакумэнты агульнанацыянальнага і агульначалавечага сьветаадчуваньня. Гэтыя перадачы паводле працаёмістасьці, напружаньня ня мелі аналягаў – але вось жа каманда Свабоды іх адолела, выйшлі і працягваюць выходзіць кнігі, пераклады, іх перадрукоўваюць, вывучаюць, выкарыстоўваюць ва ўнівэрсытэтах. Ці яшчэ прыклад – на працягу васьмі месяцаў мы вялі штодзённую перадачу з Курапатаў, калі там моладзь вяла абарону магілаў ад будаўніцтва акружной дарогі. Гэты рэпартаж таксама выдадзены асобнай кнігай.

У прафэсійнай журналістыцы ёсьць такая градацыя – тэкст у тыднёвіку жыве тыдзень, у штодзённай газэце – адзін дзень, на радыё – толькі тую хвіліну, што гучыць. Вось жа нашыя радыётэксты аказаліся доўгажыхарамі і працягваюць сваё існаваньне доўга пасьля сваёй хвіліны ў эфіры”.

(Карэспандэнт: ) “Давайце пагаворым пра беларуская мову беларускай Свабоды”.

(Лукашук: ) “Мы трымаемся традыцыі, запачаткаванай 50 год таму – гэта моўны, правапісны стандарт 1920-х– пачатку 1930-х гадоў, ў які ўнесла свае карэктывы паваенная эміграцыйная практыка, і які працягвае разьвівацца ў цяперашніх умовах. Ненавукова кажучы, тэксты, якія мы пішуцца да эфіру, якія выстаўляюцца на нашай інтэрнэт старонцы, рыхтуюцца на тарашкевіцы, клясычным правапісам. Слухачы ўвогуле гэта прымаюць і ўсьцешаныя той мовай, якую чуюць. Што да памылак – яны здараюцца. Часам слухачы прысылаюць заўвагі, даволі балючыя. Мы стараемся паляпшаць сваю мову – праводзім заняткі, зьвяртаемся да адмыслоўцаў. Але гэта асобная тэма, якая заслугоўвае асобнай размовы.

Праблема для нас як для сродку масавай інфармацыі – суразмоўцы. Вельмі часта мы вымушаны альбо адмаўляцца ад ідэі запрасіць у эфір экспэрта ці палітыка, бо яны не гавораць па-беларуску, альбо накладаць пераклад. Мы адзіная рэдакцыя на Радыё Свабода, якая мае такую ганебную праблему. У сувязі з гэтым час ад часу перад намі ставяць пытаньне – а чаму б вам не перайсьці на рускую – аўдыторыя бы вырасла. І гэтая пытаньне гучыць і з Вашынгтона, і з самой Беларусі, ад некаторых актывістаў апазыцыі.

Скажу шчыра – мне ўжо надакучыла на гэтае пытаньне адказваць. Але адказваць трэба, і ня толькі гістарычнымі ці палітычнымі аргумэнтамі. Вось жа зьмены, пра якія мы гаварылі раней, далі нам нарэшце аргумэнт зусім не эмацыйны. Паводле дасьледаваньняў аўдыторыі летась, беларуская Свабода сёньня ня проста канкуруе зь іншымі замежнымі радыёстанцыямі, якія можна слухаць у Беларусі, а значна пераўзыходзіць іх паводле аўдыторыі. Рускамоўныя перадачы “БіБіСі”, “Голасу Амэрыкі”, “Нямецкай хвалі” разам узятыя слухаюць на траціну менш людзей, чым беларускую Свабоду. Істотна меншую аўдыторыю за нас мае цяпер і традыцыйна папулярная ў Беларусі Расейская служба Радыё Свабода (хаця мае ўтрая большы аб”ём вяшчаньня)”.

(Карэспандэнт: ) “І апошняе пытаньне: якія пэрспэктывы Свабоды?”

(Лукашук: ) “Нашая мэта – стаць непатрэбнымі, як сталі непатрэбнымі перадачы Свабоды па-літоўску, па-латыску, па-эстонску, па-чэску... А перад гэтым зрабіць усё, каб такі час наблізіць”.

Гл. таксама
• НАШ ЭФІР 50 ГАДОЎ ТАМУ: "ДА СУРОДЗІЧАЎ НА БАЦЬКАЎШЧЫНЕ!"
• ІНТЭРВІЮ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШУКА ГАЗЭЦЕ “ВРЕМЯ”
• "НА КАРОТКАЙ ХВАЛІ" (інтэрвію з дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода для naviny.by. Па-расейску)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG