Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПРЫЕДЗЕ ЎЛАДЗІМЕР ПУЦІН У МЕНСК ДА 3 ЛІПЕНЯ?


Юры Сьвірко, Менск

Міністэрства замежных справаў Расеі адрэагавала на заявы, зробленыя беларускім амбасадарам у Маскве Ўладзімерам Грыгор’евым і дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі Паўлам Барадзіным — пра тое, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін наведае Менск да 3 ліпеня, напярэдадні ўгодкаў вызваленьня Беларусі.

Выканаўца абавязкаў першага намесьніка міністра замежных справаў Расеі, былы расейскі амбасадар у Менску Валеры Лашчынін сказаў: “Я пакуль ня бачыў афіцыйнага запрашэньня прэзыдэнту Пуціну”. Спадар Лашчынін таксама заявіў агенцтву БелаПАН, што МЗС Расеі не адмаўляецца ад сваёй лютаўскай заявы пра тое, што “на прэзыдэнце Беларусі ляжыць адказнасьць за тыя сыстэмныя памылкі ўва ўнутранай і замежнай палітыцы краіны, якія тармозяць сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё дзяржавы ды якія ўжо прывялі да ізаляцыі Беларусі на міжнароднай арэне”.

Неафіцыйна ж у расейскім МЗС кажуць, што заявы спадароў Грыгор’ева і Барадзіна ёсьць грубым парушэньнем дыпляматычнага пратаколу. “Калі Паўлу Барадзіну яшчэ можна дараваць выказваньні пра 130-адсоткавую верагоднасьць прыезду Пуціна ў Менск, бо ён штогод абяцае выбары ў саюзны парлямэнт і прыняцьце на рэфэрэндуме Канстытуцыйнага акту, дык паводзіны беларускага амбасадара ў Расеі нам незразумелыя”, — заявіў мне суразмоўца з расейскага МЗС. Ён дадаў, што ехаць або ня ехаць у Менск будзе вырашаць сам Уладзімер Пуцін, і назваў штучнымі спробы прывязаць неабходнасьць візыту да сьвяткаваньня 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Але расейскі дыплямат не выключае, што Аляксандар Лукашэнка запросіць спадара Пуціна ў Менск падчас саміту ў Ялце, які адбудзецца праз тры дні.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных на брыфінгу ў чацьвер пацьвердзіў, што спадар Лукашэнка возьме ўдзел у ялцінскай сустрэчы, але на маё пытаньне пра запрашэньне расейскага прэзыдэнта ў Менск адказаў гэтак:

(Савіных: ) “Запрашэньне Пуціну будзе накіроўвацца ад прэзыдэнта Беларусі”.

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі сказалі, што зьвестак аб такім запрашэньні пакуль ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG