Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖЫНСКІЯ ЎЛАДЫ ЧЫНЯЦЬ ПЕРАШКОДЫ ГРАМАДЗКАМУ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЮ


Міхал Стэльмак, Менск

У Дзяржынскім райаддзеле міліцыі тлумачэньні давалі мясцовыя жыхары Ўладзімер Лукша і Тацяна Ваніна. Міліцыянтаў цікавілі падзеі 15 траўня, зьвязаныя са стыхійным выступам насельнікаў Дзяржынску. Некалькі соцень дзяржынцаў у той дзень прыйшлі да будынку райвыканкаму, каб выказаць пратэст у сувязі з павелічэньнем у траўні плацяжоў за жыльлёва-камунальныя паслугі. На стыхійным сходзе абураныя жыхары стварылі незалежную камісію ў справе расьсьледаваньня прычынаў такога павелічэньня. Гаворыць сябра камісіі Валянціна Хрыстафорава:

(Хрыстафорава: ) “Нас уключылі ў гэтую незалежную камісію, але да працы не дапусьцілі. І хаця нам райвыканкам паабяцаў, што дазволіць працаваць, але потым ад сваіх словаў адмовіўся. Было сказана, што працуе менская камісія. Тут столькі пытаньняў, на якія няма адказу! Ёсьць чуткі, што з нас грошы бралі неабгрунтавана цягам трох год. Мы ніколі не задавалі пытаньня, чаму ў нас такія сумы. А вось цяпер, калі я пачала высьвятляць, то ўбачыла, колькі грошай бяруць дадаткова за розныя рамонты. Апроч таго, нашых двух чалавек затрымала міліцыя. Мы пыталіся ў намесьніка старшыні райвыканкаму, ці гэта яны далучылі да гэтай справы міліцыю. Дык ён гэтак зь невінаватымі вачыма зьдзіўляўся: “Што вы кажаце? Я нічога ня ведаю. Можа, вы там дарогу няправільна перайшлі?” Адным словам, дзіцячае лапатаньне”.

Дзяржынскія міліцыянты, якія выклікалі для тлумачэньняў сяброў незалежнай камісіі Ўладзімера Лукшу і Тацяну Ваніну, цікавіліся, чаму менавіта іх вылучылі дзяржынцы. Але ўрэшце, паводле спадарыні Ванінай, якая ёсьць намесьніцай старшыні Рэспубліканскай партыі працы, прадстаўнікі райаддзелу міліцыі ня ўгледзелі ў дзеяньнях дзяржынскіх актывістаў парушэньня заканадаўства:

(Ваніна: ) “Нехта спрабаваў прыдаць гэтым падзеям палітычную афарбоўку — па сутнасьці, эканамічным падзеям. Мабыць, з райвыканкаму людзі рабілі такія спробы. Я праглядала паперы, і там была з райвыканкаму папера, што я быццам улёткі распаўсюджвала. Я іх у вочы ня бачыла. Проста людзі былі абураныя эканамічным становішчам з усімі гэтымі налічэньнямі. Паводле чутак, чатыры чалавекі з ЖКГ — начальнік Козел, галоўны інжынэр, галоўны бугальтар і галоўны эканаміст — звольненыя. Сёньня мы спраўдзім гэтую інфармацыю ўвечары а 18-й гадзіне”.

Увечары 20 траўня Дзяржынскі райвыканкам мяркуе азнаёміць жыхароў гораду з вынікамі афіцыйнага расьсьледаваньня высокіх плацяжоў за жыльлёва-камунальныя паслугі. Намесьнік старшыні райвыканкаму Алег Блізьнюк паведаміў нашаму радыё, што прызначылі гэтую камісію ў Менску. Аднак, ці насамрэч будуць звольненыя згаданыя дзяржынскія чыноўнікі, невядома. Пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі спадар Блізьнюк адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG