Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ВЫЗВАЛЯЦЬ ЗЛАЧЫНЦАЎ АД КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЬЦІ?


Валер Каліноўскі, Менск

Законапраект унесены ў парлямэнт асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле дакумэнту, Крымінальны кодэкс мяркуецца дапоўніць артыкулам “Вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі з кампэнсацыяй дзяржаве стратаў, прычыненых злачынствам”. Пад гэты артыкул можа патрапіць асоба, якая ўпершыню ўчыніла злачынства, і вызваліць яе ад адказнасьці зможа толькі прэзыдэнт краіны на падставе прапановы генэральнага пракурора Беларусі. Дзеля спыненьня крымінальнай справы прэзыдэнт мусіць апублікаваць адпаведны ўказ.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў з групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец лічыць гэты законапраект неканстытуцыйным, але мяркуе, што хутчэй за ўсё ён будзе ўхвалены парлямэнтам:

(Скрабец: ) “Гэта па сутнасьці нічога не мяняе. Ён і так каго хоча вызваляе ад адказнасьці, каго хоча прыцягвае да яе — таго, хто невінаваты. А цяпер атрымліваецца, што калі ў цябе ёсьць грошы, то ты ўжо можаш пазьбегнуць адказнасьці. Такім чынам, гэта яшчэ адна шчылінка. Раней жа давалі такія індульгенцыі, калі грахі адпускалі за грошы. Цяпер будзе тое самае”.

Сяргей Скрабец зазначыў, што гэты законапраект быў падрыхтаваны і перададзены ў Палату прадстаўнікоў надзвычай хутка. Вядомы беларускі юрыст Міхаіл Пастухоў з гэтай нагоды заявіў, што новы законапраект цалкам супярэчыць прынцыпу падзелу ўладаў. Фактычна да заканадаўчых паўнамоцтваў, якія мае цяпер А.Лукашэнка, выдаючы свае дэкрэты, яму дадаюцца і функцыі органу правасудзьдзя, які можа вырашаць лёсы людзей, што ўчыняюць злачынствы. Гаворыць Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “У дадзеным выпадку гэта прававое бязладзьдзе, гэта поўнае парушэньне прынцыпаў крымінальнага заканадаўства, у тым ліку прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня за ўчыненае злачынства”.

Паводле Міхаіла Пастухова, факт вяртаньня нанесеных злачынствам стратаў можа разглядацца толькі як абставіны, што зьмякчаюць віну падсуднага, ня болей. Вызваляць ад адказнасьці можа толькі суд, а ня нейкая службовая асоба:

(Пастухоў: ) “У гэтым выпадку прэзыдэнт як бы выступае ў ролі цара, ён ужо і Бог, і цар, і вайсковы начальнік ва ўсіх абсалютна справах, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве”.

Міхаіл Пастухоў назваў падрыхтаваны ў адміністрацыі прэзыдэнта законапраект вельмі сур’ёзным адыходам ад прынцыпаў прававой дзяржавы ў сфэры крымінальнага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG