Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ ПРАЙШЛА ПРЭМ’ЕРА ФІЛЬМУ ПРА БЕЛАРУСКІХ ВЭТЭРАНАЎ КОРПУСУ ГЕНЭРАЛА АНДЭРСА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Дэманстрацыя фільму “Забытыя героі” была арганізаваная супольна ягоным аўтарам Уладзімерам Бокунам і Польскім інстытутам у менскім Доме дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. Пра стужку і пра тое, чаму ён узяўся за тэму змаганьня беларусаў у другой усясьветнай вайны ў складзе войскаў заходніх саюзьнікаў, распавёў Уладзімер Бокун:

(Бокун: ) “У арміі генэрала Андэрса было шмат беларусаў, і я вырашыў распавесьці пра іхны лёс. На вайсковых могілках каля Монтэ Касына ляжыць прыкладна тысяча салдатаў арміі Андэрса. Там 259 магілаў салдатаў-беларусаў. Таму я й вырашыў зрабіць гэты фільм. Гэта ня толькі гісторыя беларусаў падчас вайны, гэта таксама драматычная гісторыя тых салдатаў арміі Андэрса, пасьля таго, як яны вярнуліся ў Беларусь. Большая частка зь іх не змагла вярнуцца, бо на той час гэта было вельмі небясьпечна. А ўсе тыя, хто вярнуўся ў Беларусь у 1951 годзе, зьведалі сталінскія рэпрэсіі і трапілі ў Сібір. Гэты фільм памяць пра ўсіх беларусаў, якія змагаліся ў арміі Андэрса. Змагаліся за нашую свабоду і нашае жыцьцё”.

Корпус генэрала Андэрса быў сфармаваны ў 1941 годзе ў Савецкім Саюзе, пасьля падпісаньня адпаведнага пагадненьня з польскім эміграцыйным урадам. Ён быў створаны з польскіх грамадзянаў вязьняў ГУЛАГу, сярод якіх было шмат беларусаў. Корпус асабліва вызначыўся ў бітве за вышыню Монтэ-Касына ў Італіі. Пасьля амаль паўгадавога супрацьстаяньня салдаты генэрала Андэрса выбілі зь яе немцаў і адкрылі дарогу саюзьнікам на Рым.

У цэнтры 26-хвіліннага дакумэнтальнага фільму Ўладзімер Бокуна — лёс героя Монтэ Касына беларуса Мікалая Гізіча зь вёскі Ручыца, што на Вялейшчыне. Да здымачнай групы ЗАТ “Тэлефільм” зьвярнуўся сын вэтэрана Стэфан Гізіч з ангельскага гораду Блэкбёрн і папрасіў адшукаць родных свайго бацькі. Дакумэнталісты знайшлі родную сястру Міколы Гізіча Людмілу, і вэтэран змог прыехаць да яе ў родную вёску праз 62 гады з часу расстаньня. Тады Ўладзімер Бокун і зьняў фільм “Забытыя героі” на замову расейскага тэлеканалу ТВЦ. Два месяцы таму адбылася яго прэме’ра на гэтым канале. Сам Мікола Гізіч, на жаль, памёр на пачатку гэтага году.

Беларускіх вэтэранаў корпусу генэрала Андэрса ўшанавалі ў Расеі, але чаму гэтага не адбываецца ў Беларусі? — задаў я пытаньне рэжысэру. Вось што думае Ўладзімер Бокун:

(Бокун: ) “Я думаю, што гэта інэрцыя савецкага часу. Таму, што ў савецкі час яны нават не лічыліся ў нас вэтэранамі. Яны былі ўдзельнікамі вайны ў складзе замежнай арміі. І з таго часу ў нас няшмат пра іх расказвалі. Да 1993 году яны нават не лічыліся вэтэранамі. Я думаю, што гэта інэрцыя з таго савецкага часу”.

Усе правы на фільм “Забытыя героі” мае расейскі тэлеканал ТВЦ. Але рэжысэр гатовы зьняць і беларускую вэрсію фільму, прычым большую працягласьцю. Уладзімер Бокун гаворыць, што матэрыялу ў яго хапае. Але пакуль ніводзін беларускі тэлеканал гэтым фільмам не зацікавіўся.
XS
SM
MD
LG