Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАНГРЭС ЗША ПРЫВІТАЎ БЕЛАРУСКУЮ РЭДАКЦЫЮ РАДЫЁ СВАБОДА


RFE/RL

ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ

50 гадоў вяшчаньня Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа на Беларусь

Том Лэнтас
Ад штату Каліфорнія
У ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ

Серада, 19 траўня 2004 г.


Спадар Старшыня, 20 траўня 2004 году спаўняецца 50 гадоў ад дня пастановы Кангрэсу аб дазволе радыёвяшчаньня на Беларусь. Пра гэтую гадавіну я згадваю са шкадаваньнем. На жаль, мы надалей вымушаныя вяшчаць на Беларусь. На жаль, у справе дэмакратыі і свабоды слова там не назіраецца вялікага прагрэсу.

Пераход да дэмакратыі і сапраўднай свабоды слова ў былых камуністычных краінах ніколі ня быў лёгкім. Беларусь, былая савецкая рэспубліка, якая аднавіла сваю незалежнасьць пасьля распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе, уяўляе сабою выключэньне ў параўнаньні з суседнімі краінамі, такімі як Украіна і Расея. Пасьля свайго абраньня прэзыдэнтам у 1994 годзе Аляксандар Лукашэнка бязьлітасна ўціскаў незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі. Па меры таго, як ягоны рэжым станавіўся ўсё больш аўтарытарным, зьнікалі лідэры дэмакратычнай апазыцыі, актывістаў грамадзянскай супольнасьці рэгулярна затрымвалі і зьбівалі спэцслужбы, іх арыштоўвалі і штрафавалі ў судах, зачыняліся шматлікія няўрадавыя арганізацыі. Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, дзе праграмы Радыё Свабода надалей перадаюцца як у самыя змрочныя часы Халоднай вайны – выключна з-за мяжы і пераважна на кароткіх хвалях.

Спадар Старшыня, слухачы Радыё Свабода ў Беларусі высока цэняць гэтую працу, фінансаваную амэрыканскімі падаткаплатнікамі. Атмасфэра страху не перашкаджае ім выказваць сваю ўдзячнасьць і падтрымку. Сьвятар з правінцыйнага мястэчка піша на радыё: “Калі я слухаю вашыя праграмы, мне здаецца што гэта Бог прамаўляе праз вашыя хвалі да беларусаў”. Слухач зь Менску піша: “Радыё Свабода робіць для дэмакратыі ў Беларусі больш, чым уся апазыцыя разам узятая”. Былы дэпутат парлямэнту Уладзімер Кудзінаў, зьняволены рэжымам Лукашэнкі, слухаў перадачы Беларускай Свабоды на прыймачы, які ўдалося пранесьці ў турму, і там даведаўся, што дзякуючы міжнароднаму ціску ён мае быць вызвалены са зьняволеньня. Актыўная праца журналістаў Беларускай Службы Радыё Свабода дапамагла выкрыць і задакумэнтаваць нелегальны гандаль зброяй паміж рэжымам Лукашэнкі і Садамам Хусэйнам.

Традыцыя Беларускай Свабоды – умешвацца і даваць слова тым, каму ўлады спрабуюць заткнуць рот: лідэрам апазыцыі, журналістам з забароненых газэтаў і часопісаў, вучням зачыненага ўладамі адзінага беларускага ліцэю, цкаваным і затрымваным палітычным актывістам. На працягу 50 гадоў Беларуская Служба Радыё Свабода была самым важным і самым папулярным незалежным голасам з-за мяжы, які перадаваў мясцовыя і міжнародныя навіны ў краіну зь дзяржаўным кантролем над інфармацыяй. Радыё Свабода выконвае гэтую місію з прафэсіяналізмам, мужнасьцю і адданасьцю.

Спадар Старшыня, я запрашаю маіх калегаў далучыцца да мяне і з нагоды 50-годзьдзя выказаць пахвалу Беларускай Службе Радыё Свабода за настойлівасьць і прафэсіяналізм. Беларускія слухачы Радыё Свабода, якія наладжваюцца на яго хвалю, чуюць сапраўды ”голас свабоды” – аб’ектыўнае асьвятленьне падзеяў у Беларусі і па-за яе межамі і, што, можа быць, яшчэ больш важна – яны адчуваюць пачуцьцё салідарнасьці з сусьветнай супольнасьцю дэмакратычных краінаў і надзею на сваю ўласную свабоду.

Гл. таксама
U.S. Congress: 50 years of broadcasting to Belarus (Original Englisn version in PDF)
XS
SM
MD
LG