Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 20 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Сёньня спаўняецца 50 гадоў радыё “Свабода”. Акурат 20 траўня пачаліся трансьляцыі зь Мюнхену на Беларусь радыёстанцыі, якая называлася тады “Вызваленьне”.

20 траўня 1654 г. пачалася самая разбуральная і самая крывавая за ўсю гісторыю Беларусі трынаццацігадовая вайна з Маскоўскай дзяржавай, якая забярэ жыцьці кожнага другога жыхара тагачаснае Беларусі. Сёньня спаўняецца 350 гадоў з моманту пачатку той вайны, калі расейскія войскі перайшлі мяжу.

20 траўня 1887 году ў Расеі былі пакараныя сьмерцю пяцёра студэнтаў, што рыхтавалі замах на цара Аляксандра ІІІ. Сярод іх быў і Аляксандар Ульянаў. Пасьля пакараньня ягоны малодшы брат Уладзімер Ленін скажа знакамітую фразу – “Мы пойдзем іншым шляхам”. Сёньня ўжо мала хто сумняваецца ў непрыдатнасьці як першага, так і другога шляху. Людзі асуджаюць тэрарызм і на пралетарскую рэвалюцыю глядзяць без энтузіязму.

20 траўня 1986 году ў Менску ў Траецкім прадмесьці адбылося фалклёрнае сьвята “Гуканьне вясны” – адно зь першых такіх публічных сьвятаў. Ладзілі яго навучэнцы Мастацкай вучэльні. На моладзь напалі вэтэраны аўганскай вайны, нацкаваныя камсамолам. Некалькі навучэнцаў былі зьбітыя.

Сярод славутасьцяў, што нарадзіліся 20 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага пісьменьніка Анарэ дэ Бальзака, стваральніка эпапэі “Чалавечая камэдыя”, што аб’ядноўвае больш за сто твораў.

Беларускі паэт Язэп Пушча, які таксама прыйшоў на сьвет 20 траўня, пакінуў значна меншую спадчыну. І таму, што не пісаў раманаў, а толькі вершы, і таму, што амаль трыццаць гадоў пражыў у ссылцы, асуджаны яшчэ ў першую хвалю сталінскіх рэпрэсіяў, у 1931-м. Пушча лічыўся вялікім эстэтам, у 1920-я гады быў сярод заснавальнікаў аб’яднаньняў “Маладняк” і “Ўзвышша”, ніколі не падпарадкоўваў сваю творчасьць патрабаваньням камуністычнае ідэалёгіі.

І яшчэ адна старажытная дата. 20 траўня 1742 году нехта Сямён Чалюскін, расейскі марак-штурман дасягае самай паўночнай кропкі Эўразіі – мысу, які пазьней будзе названы мысам Чалюскіна. Штурман ішоў да гэтай кропкі на аленях і сабаках больш за 6 тысячаў кілямэтраў. Пасьля ягоны шлях паўтарылі савецкія палярнікі, якіх назвалі чалюскінцамі, а ўжо іхнае імя прысвоілі аднаму зь менскіх паркаў, які і сёньня называецца паркам Чалюскінцаў.
XS
SM
MD
LG