Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛІФАРНІЙСКІЯ ГЕАФІЗЫКІ: 250 МІЛЬЁНАЎ ГАДОЎ ТАМУ ЗАГІНУЛА 90% ЗЯМНОЕ ФАУНЫ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле навуковых дадзеных шмат формаў жыцьця на Зямлі, у тым ліку і дыназаўры, зьніклі 65 мільёнаў гадоў таму ў выніку падзеньня гіганцкага мэтэарыту, якое суправаджалася велізарным вулканічным вывяржэньнем. Вядомае і мейсца гэтага падзеньня – гэта тэрыторыя цяперашняй Мэксыкі.

Але значна больш маштабная катастрофа, якая ледзь ня зьнішчыла ўсё жывое на Зямлі, адбылася значна раней – у пэрмскі пэрыяд, 250 мільёнаў гадоў таму.

Што сталася тады прычынаю гэтай “Вялікай сьмерці” – на гэтую тэму навукоўцы дагэтуль спрачаюцца.

Важны аргумэнт у гэтай спрэчцы прапанавала каманда дасьледчыкаў з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту на чале з доктарам геафізыкі Луан Бэкер. Паводле іхных дасьледаваньняў прычынай катастрофы, што здарылася чвэрць мільярду гадоў таму таксама сталася падзеньне мэтэарыту.

Паводле ацэнак кратэр меў радыюс 200 кілямэтраў. Пыл і попел вульканічных вывяржэньняў закрылі зямлю ад сонца, што і выклікала “Вялікую сьмерць”.

(Бэкер: ) “Менавіта ў гэты пэрыяд часу – 250 мільёнаў гадоў таму адбылося самае велізарнае зьнішчэньне жыцьця на нашай плянэце. 90% ўсіх марскіх арганізмаў, каля 80% сухапутных жывёлаў і расьлінаў былі вынішчаныя ў надзвычай кароткі тэрмін”.

Але каб спраўдзіць гіпотэзу, трэба было знайсьці мейсца, куды патрапіў мэтэарыт. Дасьледаваньні ўскладняліся тым чыньнікам, што 250 мільёнаў гадоў таму зямная суша выглядала зусім інакш, чым цяпер – тады існаваў толькі адзін мацярык Пангея, які потым расколваўся і пакрысе стварыліся звыклыя нам Эўразія, Афрыка, Амэрыка, Аўстралія ды Антарктыда.

Доктар Бэкер з калегамі знайшлі мізэрныя кавалкі кварцу ў Антарктыдзе, якія маглі сьведчыць пра незямное ўзьдзеяньне, малекулы міжплянэтных газаў у гарох у Кітаі.

Рэканструюючы мільёнагадовы рух кантынэнтаў, навукоўцы, як у сапраўдным дэтэктыве, звужалі кола пошуку. І нарэшце...

(Бэкер: ) “Мы пачалі задаваць сабе пытаньне, ці можам мы знайсьці кратэр падзеньня мэтэарыту. І мы знайшлі яго на паўночна-ўсходнім ўзьбярэжжы Аўстраліі”.

Цікава адзначыць, што ў 1970-80-х гадох нафтавыя кампаніі менавіта ў гэтым мейсцы на дне акіяну шукалі радовішчы. Узоры горных пародаў, што былі здабытыя тады нафтавікамі, дагэтуль захоўваюцца ў аўстралійскім дасьледным цэнтры.

Паводле доктара Бэкер гэтыя пароды – кавалкі ніжняй часткі кратэру, кавалкі глебы, якія прынялі на сябе ўдар гіганцкага прышэльца з космасу 250 мільёнаў гадоў таму.

Навукоўцы адзначаюць, што гэтыя пароды апынуліся пад узьдзеяньнем такіх высокіх тэмпэратураў і такога высокага ціску, якія ня здольны забясьпечыць ніводны зямны геалягічны працэс, нават самы моцны землятрус ці вулкан. Луан Бэкер адзначае, што пароды з узьбярэжжа Аўстраліі вельмі падобныя на тыя, што былі знойдзеныя ў Мэксыцы, на мейсцы падзеньня пазьнейшага мэтэарыту 65 мільёнаў гадоў таму.

Варта адзначыць, што вынік, атрыманы каліфарнійскімі вучонымі, пакуль не прызнаны ўсей навуковай супольнасьцю. Некаторыя апанэнты лічаць, што ўсе дадзеныя, сабраныя групай доктара Бэкер, можна патлумачыць зямнымі, а не касьмічнымі ўзьдзеяньнямі. Іншыя скептыкі выказваюць сумнеў, што сьведчаньні касьмічнага ўдару маглі гэтак добра захавацца за 250 мільёнаў гадоў.

Навукоўцы з каліфарнійскага ўнівэрсытэту маюць контраргумэнты, але згодныя, што патрэбныя дадатковыя дасьледаваньні. Грошы на іх яны спадзяюцца атрымаць ад энэргетычных кампаніяў. Бо ў выніку дасьледаваньняў могуць быць знойдзеныя ня толькі адказы на старажытныя таямніцы Зямлі, але і рэчы больш практычныя – нафтавыя і газавыя радовішчы.
XS
SM
MD
LG