Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕВАНЕЎСКАГА НЯ ВЫПУСЬЦІЛІ З-ЗА КРАТАЎ, ЯМУ ПАГРАЖАЕ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЕ ТЭРМІНАМ ДА 4 ГАДОЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Леванеўскага затрымалі 1 траўня за распаўсюд вершаваных улётак. А цяпер Валерыю Леванеўскаму прад’яўлена абвінавачаньне паводле другой часткі артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу. У ёй гаворыцца наконт “публічнай абразы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, спалучанай з абвінавачаньнем яго ў зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства”. Абвінавачаньне, якое прад’яўлена Валерыю Леванеўскаму, прадугледжвае пакараньне — да чатырох гадоў турэмнага зьняволеньня.

Варта адзначыць, што напачатку крымінальная справа вялася паводле першай часткі артыкулу 368, але потым сьледчыя КГБ вырашылі, што віна Леванеўскага больш значная.

Два гады таму ў Горадні судзілі журналістаў газэты “Пагоня” Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку. У іхнай справе фігураваў іншы артыкул Крымінальнага кодэксу — 367 аб “паклёпе на прэзыдэнта”. У тым жа годзе паводле гэтага артыкулу быў пакараны ў Менску і галоўны рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Вось меркаваньне Міколы Маркевіча, сёньня —галоўнага рэдактара газэты “День”:

(Маркевіч: ) “Я мяркую, што ўлада, якая змагаецца з словам з дапамогай крымінальнага кодэксу, гэта — злачынная ўлада, гэта нікуды ня вартая ўлада. Я мяркую, што сытуацыя значна прасьцейшая і прымітыўнейшая, чым яны гэта хочуць паказаць грамадзтву. Фактычна гэта чарговае пасланьне грамадзтву, каб не забываліся, хто ў доме гаспадар, каб трымалі язык за зубамі. І для мяне відавочна, што гэта абсалютна палітычна матываваная справа”.

Мікола Маркевіч лічыць, што цывілізаваная ўлада змагаецца за сымпатыі да сябе і за аўтарытэт інакш — не з дапамогай крымінальнага кодэксу, а паляпшаючы дабрабыт людзей, заробкі, зьніжаючы плацяжы і падаткі.

Валеры Леванеўскі 18 дзён сядзеў за кратамі ў міліцыі, да яго некалькі разоў выклікалі хуткую дапамогу, ён мае праблемы са здароўем. Цяпер ён апынуўся ў турэмным ізалятары, дзе сем гадоў таму знаходзіўся вядомы журналіст Павал Шарамет. Справа Валерыя Леванеўскага перададзена ў пракуратуру Ленінскага раёну Горадні да сьледчага Альфрэда Танкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG