Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РЭЗАЛЮЦЫІ ПАРЭ ЗЬВЕРНУЦЬ УВАГУ ЎСЕ ЭЎРАПЕЙСКІЯ ЎРАДЫ


Юры Сьвірко, Менск

Рэкамэндацыі ПАРЭ па Беларусі, ухваленыя 28 красавіка, у гэтую сераду абмеркаваў выканаўчы орган Рады Эўропы — камітэт міністраў. Афіцыйнай інфармацыі пра вынікі паседжаньня яшчэ няма і да панядзелка ня будзе, таму што беларускае пытаньне разглядалася ўвечары, а ў чацьвер і пятніцу ў Францыі выходныя з нагоды сьвята Ўзьнясеньня Хрыстовага. Сакратарыят Рады Эўропы таксама працаваць ня будзе. Але адзін з удзельнікаў закрытага для прэсы паседжаньня камітэту міністраў распавёў Радыё Свабода, што рашэньне было гэткім:

(Дыплямат: ) “Наконт рэкамэндацыі 1657 “Зьніклыя асобы ў Беларусі” вырашылі зьвярнуць увагу на гэта нашых урадаў, а таксама прасіць дакладчыка групы дэмакратычнай стабільнасьці падрыхтаваць праект адказу для яго прыняцьця на адным з наступных паседжаньняў”.

Дыплямат, які прасіў не называць яго, дадаў, што дакладчык будзе новы, а не Хрыстас Пургурыдэс, які рыхтаваў даклады для Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Група дэмакратычнай стабільнасьці падрыхтуе таксама праект адказу і наконт іншых рэкамэндацыяў па Беларусі ў зьвязу зь перасьледам прэсы.

Дыплямат падкрэсьліў, што дыскусіі падчас абмеркаваньня беларускіх пытаньняў не было, і гэта, на ягоную думку, выклікана супольным меркаваньнем пра важнасьць праблемаў зьніклых і незалежных мэдыяў.

Такім чынам, падрыхтаваныя спадаром Пургурыдэсам рэкамэндацыі аб санкцыях супраць Беларусі прайшлі ўжо два этапы — ухваленьне на Парлямэнцкай асамблеі й разгляд у камітэце міністраў Рады Эўропы. Цяпер нацыянальныя ўрады 45 краінаў-сябраў Рады Эўропы мусяць вывучыць гэтыя рэкамэндацыі, а 25 краінаў зь іх, якія ўваходзяць у Эўрапейскі Зьвяз, мусяць скаардынаваць свае дзеяньні, каб мажлівыя санкцыі ўхвалілі супольныя органы Эўразьвязу. Дыпляматы ў Страсбуры зазначаюць, што сама Рада Эўропы можа ужыць санкцыі толькі супраць сваіх сябраў, а Беларусь — адзіная некарлікавая краіна Эўропы, якая ў гэтую арганізацыю не ўваходзіць. Другой краінай па-за межамі Рады Эўропы ёсьць невялічкае княства Манака, але і яно робіць усё дзеля далучэньня да яе.

На пытаньне, што будзе далей з рэкамэндацыямі пра санкцыі супраць Беларусі, страсбурскія чыноўнікі адказваюць, што ўсё стане зразумелым цягам найбліжэйшага месяца, бо пры канцы чэрвеня ў Страсбуры зьбярэцца чарговая сэсія ПАРЭ, і дэпутаты, вядома ж, будуць цікавіцца, што зроблена ў справе расьсьледаваньня зьнікненьняў пасьля мінулай сэсіі ў красавіку. Акрамя таго, 6 чэрвеня ў Бэрліне адбудзецца паседжаньне юрыдычнага камітэту ПАРЭ, на якое прыедзе і Хрыстас Пургурыдэс. Мажліва, адказ камітэту міністраў будзе дадзены на адрас ПАРЭ яшчэ да бэрлінскае сустрэчы.
XS
SM
MD
LG