Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУПА “РЭСПУБЛІКА” СКЛІКАЕ НАРОДНЫ СХОД


Валер Каліноўскі, Менск

Прэсавая канфэрэнцыя дэпутацкай групы “Рэспубліка”, якую плянавалі правесьці ў будынку Дому ўрада, была заблякаваная кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў і спэцслужбамі. Падыходы да будынку былі заблякаваныя міліцыяй і апэратыўнікамі ў цывільным. Пропускі на ўваход журналістаў у Дом ураду не падпісваліся, а журналістам з акрэдытацыяй Нацыянальнага сходу невядомыя ў цывільным забаранялі нават набліжацца да будынку. Яны затрымлівалі нават прадстаўнікоў замежных амбасадаў, а таксама людзей, якія ішлі ў Чырвоны касьцёл, ды будаўнікоў, якія працуюць на рэканструкцыі плошчы Незалежнасьці. Гэты перапалох, — заявіў дэпутат Фралоў, — сьведчыць пра тое, што ўлады баяцца альтэрнатыўнай думкі.

Але прэсавая канфэрэнцыя дэпутатаў усё ж адбылася — на вуліцы, побач з Чырвоным касьцёлам, ля скульптуры арханёла Міхала, які забівае дракона. Яна была прысьвечаная новай ініцыятыве дэпутацкай групы “Рэспубліка”. Гаворыць адзін зь яе лідэраў Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Мы хочам пасьля дзесяцігоддзя кіраваньня А.Лукашэнкі зьвярнуцца да народу, і мы зьвернемся падчас такога веча ў Менску. Я ўпэўнены, што на гэты сход зьбярэцца шмат тысяч людзей, з усіх гарадоў і раёнаў Беларусі, і мы паслухаем людзей, як яны ацэньваюць дзесяць гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі”.

Валеры Фралоў паведаміў, што дэпутаты з “Рэспублікі” гатовыя і будуць супрацоўнічаць з усімі партыйнымі кааліцыямі і грамадзкімі арганізацыямі ды паспрабуюць дабіцца рэпрэзэнтатыўнасьці гэтага сходу.

(Фралоў: ) “Я думаю, што калі зьбярэцца тысяч дваццаць, то, зразумела, што ні ў якія лясы мы ня пойдзем. У нас ёсьць закон аб масавых мерапрыемствах, мы падамо адпаведную заяўку, і я думаю, што ў Менску дастаткова шмат месца, якое нам выдзяляць”.

Дэпутат Валеры Фралоў зазначыў, што на Народны сход будзе запрошаны і А.Лукашэнка.

Іншы лідэр групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец паведаміў пра нядаўнюю нараду дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з А.Лукашэнкам з мэтай абмеркаваньня рэфэрэндуму аб трэцім тэрміне цяперашняга кіраўніка дзяржавы:

(Скрабец: ) “Было прынятае рашэньне (не магу сказаць, адкуль гэтая інфармацыя), але рашэньне такое, што частка дэпутатаў зоймецца падрыхтоўкай рэфэрэндуму ў справе зьмяненьня Канстытуцыі, каб дазволіць цяперашняму прэзыдэнту балятавацца на трэці тэрмін. Справа ішла пра тое, каб абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта і пашырыць паўнамоцтвы парлямэнту, каб гэта выглядала больш цывілізавана. Задача ж новага складу парлямэнту, каб пайсьці паводле ўкраінскага варыянту, калі парлямэнт абірае прэзыдэнта і такім чынам вырашыць праблему трэцяга тэрміну”.

У прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў зазначылі, што ніякай інфармацыяй наконт гэтай сустрэчы групы дэпутатаў з А.Лукашэнкам не валодаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG