Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 19 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

19 траўня ў савецкія часы заўсёды адзначалася заснаваньне ў 1922 годзе Ўсесаюзнай піянэрскай арганізацыі. Дзеці вялізнай краіны кляліся ў сваёй гатовасьці да барацьбы за справу камуністычнай партыі. Сёньня з усіх былых савецкіх рэспублік піянэрскі рух у сваім колішнім выглядзе і пры дзяржаўнай падтрымцы захаваўся і існуе толькі ў Беларусі.

19 траўня 1944 году савецкі выведнік у Японіі Рыхард Зорге паведамляе ў Маскву пра колькасьць нямецкіх войскаў, што рыхтуюцца да нападу на СССР і паведамляе дакладную дату нападу – 22 чэрвеня. Аднак савецкае кіраўніцтва на чале са Сталінам не надае ўвагі гэтаму паведамленьню і наадварот – адцягвае войскі ад заходняе мяжы. У выніку празь месяц нямецкі напад будзе насіць раптоўны і вераломны характар.

19 траўня 1944 году ў Менску ствараецца Літаратурны музэй імя Янкі Купалы. Гэта значыць, што сёньня музэю спаўняецца 60 гадоў.

19 траўня 1996 году зь менскай турмы выходзіць на волю прафэсар Юры Хадыка. Арыштаваны за арганізацыю Чарнобыльскага шляху палітык разам са сваім калегам Вячаславам Сіўчыкам правёў у вязьніцы галадоўку, якая доўжылася 23 дні і за якой сачылі ва ўсім сьвеце.

19 траўня 1999 году ў Менску адбываецца паказальны палітычны працэс над апазыцыйным лідэрам, былым прэм’ер-міністрам краіны Міхаілам Чыгіром. Чыгір прысуджаны да турэмнага зьняволеньня тэрмінам на 3 гады з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. АБСЭ і іншыя аглядальнікі адзначылі, што судовы працэс вызначаўся парушэньнямі прававой працэдуры і меў на мэце перашкодзіць Чыгіру выступіць канкурэнтам Лукашэнкі на заплянаваных на 2001 год прэзыдэнцкіх выбарах. Нягледзячы на пратэсты АБСЭ і многіх замежных урадаў, Чыгір заставаўся ў зьняволеньні да 30 лістапада 1999 году.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 19 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня заснавальніка нямецкай філязофіі Ёгана Готлеба Фіхтэ; расейскага фэльдмаршала і ўладальніка Гомеля князя Івана Паскевіча, які збудаваў у Гомелі палац, сёньня – помнік архітэктуры, і Хо Шы Міна, які на працягу 15-ці гадоў быў кіраўніком камуністычнага Віетнаму.
XS
SM
MD
LG