Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКРЫТЫ ЛІСТ ВЯЧОРКІ ДА ГЕНКОНСУЛА БЕЛАРУСІ Ў БЕЛАСТОКУ АТРЫМАЎ РОЗГАЛАС


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У адкрытым лісьце на імя Леаніда Каравайкі, Вінцук Вячорка сярод іншага напісаў:

“Вы дапамагаеце беларускім дзіцячым садкам і школам у Польшчы чым можаце: кнігамі, арганізацыяй экскурсіяў і інш. Маю да Вас, вельмішаноўны спадар консул, вялікую просьбу. Вы добра ведаеце, што 150 навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю – адзінай навучальнай установы ліцэйскага тыпу ў Беларусі й адзінай сярэдняй школы ў Менску, дзе ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, – апынуліся на вуліцы, бяз школы, безь беларускіх падручнікаў. Кнігі, па якіх дзеці вучыліся, засталіся ў будынку ліцэю. Ён пустуе, але ані вучыцца там, ані кнігі забраць адтуль нельга: будынак ад нас ахоўваюць. Таму прашу Вас, добры чалавеча: дапамажыце і нашым дзецям хаця б беларускімі падручнікамі”.

Вось як пракамэнтаваў гэты ліст для Радыё Свабода сам Леанід Каравайка.

(Каравайка: ) “Вінцук Вячорка напэўна добра ведае, што падручнікі гэтыя я прывёз зь Беларусі і што ёсьць праграмы спэцыяльныя, каб выдаваць як мага больш беларускія кнігі, і што прыярытэт для вывучэньня беларускай мовы ва ўсіх праграмах нашых ёсьць. Я зьдзівіўся, што ён так рэагуе”.

Генэральны консул Леанід Каравайка сказаў Радыё Свабода, што на ліст Вінцука Вячоркі адказваць ня будзе.

Між тым вядомы беларускі пісьменьнік Сакрат Яновіч кажа, што перадаючы беларускія кнігі на Беласточчыну, афіцыйны Менск робіць толькі выгляд, што дбае пра беларускую культуру. Гаворыць Сакрат Яновіч:

(Яновіч: ) “Тое, што консульства ў Беластоку перадало школе кніжкі па беларуску – гэта вельмі добра. Але гэты добры ўчынак мае падвойнае дно. Справа ў тым, што беларуска мова, на якой узьнікла беларуская культура, у самой Беларусі зьнішчаецца, не спрыяюць яе адраджэньню. Таму тут ёсьць такое прыкрае адценьне, што за мяжой ствараецца ўражаньне, быццам бы пра беларускую культуру дбаюць, спрыяюць ёй”.
XS
SM
MD
LG