Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦЬ ФАШЫСТАЎ У МАНТЭ КАСЫНА ЗМАГАЛІСЯ І БЕЛАРУСЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Тыя зь іх, хто ў Беларусь вярнуўся, ніколі не дачакаліся падзякі ад уладаў за свой гераізм. У Польшчы да вэтэранаў гэтай бітвы зусім іншае стаўленьне.

У 1941 году польскі эміграцыйны ўрад, які знаходзіўся ў Лёндане падпісаў дамову з Савецкім Саюзам, паводле якой была абвешчаная амністыя для ўсіх польскіх грамадзянаў, што ад 1939 году знаходзіліся ў сталінскіх лягерах, і зь іх ліку фарміравалася польская армія пад кіраўніцтвам генэрала Ўладыслава Андэрса.

Сярод тых, хто пасьля нападу чырвонай арміі на Заходнюю Беларусь, трапілі ў савецкі палон як польскія грамадзяне, было і шмат беларусаў паводле паходжаньня. Праз пэўны час з гэтых жаўнераў быў створаны другі польскі корпус, які пазьней ўвайшоў у Эўропу разам з саюзнымі войскамі з боку Італіі.

У студзені 1944 году разгарэлася жорсткая бойка за вышыню Монтэ Касына, на якім умацаваліся немцы ды не прапускалі саюзьнікаў на Рым.

Пасьля некалькіх няўдалых спробаў узяць Монтэ Касына і вялікіх стратаў, саюзьнікі запрапанавалі зрабіць гэта польскаму корпусу. Пасьля тыдня жорсткіх баёў, вышыня была адваяваная, а дарога на Рым адкрытая. Загінулі шмат жаўнераў корпусу, у тым ліку і беларусаў. Вось што сказаў нашаму радыё вядомы беластоцкі гісторык, прафэсар Яўген Мірановіч.

(Мірановіч: ) “Сярод удзельнікаў бітвы з тэрыторыі Беларусі было каля 2 тысячаў, але сапраўдных беларусаў, паводле паходжаньня, было каля тысячы. Там на могілках ёсьць нават беларуская частка, якая налічвае прыкладна 200 загіблых”.

Такім чынам, калі з 40-тысянага корпусу загінула тысяча жаўнераў, а сярод іх кожны пяты беларус, дык можна з упэўненасьцю сказаць, што беларусы не хаваліся за сьпіны іншых.

У Польшчы ўдзельнікі бітвы пад Монтэ Касына лічыліся героямі нават за савецкім часам, не гаворачы ўжо пра час цяперашні. Яны атрымалі ўзнагароды, ільготы, дапамогу дзяржавы. Зусім інакш было ў Беларусі. Замест узнагародаў – лягеры. Не ўспамінаюць пра гэтых вэтэранаў і цяпер.

(Мірановіч: ) “У Беларусі вэтэранаў Монтэ Касына ніхто не шануе. Яны ня маюць аніякай дапамогі. Наадварот, ім ніхто нават не падзякаваў за змаганьне супраць фашыстаў. Яны шмат пацярпелі. Не маглі вярнуцца на Радзіму. Некаторыя засталіся на Захадзе, частка ў Польшчы – Торуні, Познані”.

Вось такі розны лёс у вэтэранаў адной бітвы, якія разам змагаліся супраць фашызму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG