Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫЯ ВНУ АДМАЎЛЯЮЦЦА ПРЫМАЦЬ СТУДЭНТАЎ ЗЬЛІКВІДАВАНЫХ ІНСТЫТУТАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Беларускі камэрцыйны інстытут кіраваньня перапыніў іспыты і заняткі яшчэ тыдзень таму. Аднак калідоры ВНУ штодня поўныя студэнтаў: і сёньня яны яшчэ нічога ня ведаюць пра свой далейшы лёс.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы робіце гэтымі днямі, ці ведаеце, дзе будзеце вучыцца?”

(Студэнт: ) “Ужо тыдзень абсалютна нічога ня робім. Тыдзень не давучыліся”.

(Студэнтка: ) “Цяпер ходзім па іншых навучальных установах, спрабуем дамовіцца, каб нас туды ўзялі”.

(Студэнт: ) “Гэта пытаньне не стаяла бы так востра, каб Міністэрства адукацыі дазволіла нам завершыць гэты навучальны год”.

(Студэнтка: ) “Мы хацелі бы перайсьці ў дзяржаўны ВНУ, бо ніводзін з камэрцыйных інстытутаў не дае нам ніякай гарантыі, што мы зможам там давучыцца. Што заўтра будзе з камэрцыйнымі ВНУ заўтра — ніхто ня ведае”.

Акрамя таго, у камэрцыйных інстытутах, прапанаваных Мінадукацыі для пераводу студэнтаў, бракуе вольных памяшканьняў, істотна розьняцца памер аплаты і навучальныя праграмы. Пры гэтым дзяржаўныя ВНУ прымаць студэнтаў камэрцыйнага інстытуту на афіцыйным узроўні адмаўляюцца. Аднак Міністэрства адукацыі ніякіх практычных захадаў у справе іх ўладкаваньня ня робіць, — кажа выканаўца абавязкаў рэктара інстытуту Багдан Фрышчын.

(Фрышчын: ) “З боку камэрцыйных ВНУ ў нас ёсьць падтрымка. Дзяржаўныя — як бюракратычныя ВНУ — працуюць толькі прыватным чынам, яны ніяк не зацікаўленыя ў нашых студэнтах. Міністэрства адукацыі — фармальна, чыста бюракратычна дапамагае. Практычнай дапамогі няма”.

Сярод іншых праблемаў, што ўзьніклі ў зьвязку з закрыцьцём ВНУ, ёсьць фінансавыя пытаньні — найперш зарплата і кампэнсацыі выкладчыцкаму калектыву ў зьвязку са звальненьнем. Каб іх вырашыць, кіраўніцтва інстытуту мяркуе выставіць на аўкцыён некаторыя свае будынкі. Гэтак адбываецца з прычыны адсутнасьці мэханізму закрыцьця камэрцыйных установаў, — кажа прарэктар па навучальнай працы Тацяна Мішаткіна.

(Мішаткіна: ) “Менавіта, не прадумаўшы мэханізма ліквідацыі, нельга гэтага было рабіць. Гэта ж ня мы самаліквідоўваемся, а калі Міністэрства прымае такое рашэньне, то яно і павінна плаціць са сваёй кішэні. Дарэчы, самога загаду пра ліквідацыю няма, але дзяржаўныя чыноўнікі прымаюць рашэньне пра наш лёс. Увогуле, прынцып гуманізму настолькі невядомы нашым чыноўнікам, што заклікаць да міласэрнасьці ня мае сэнсу. Праводзяцца бюракратычныя акцыі безь меркаваньня пра іх наступствы. Для людзей найперш”.

Сярод пяці недзяржаўных камэрцыйных установаў, якім Міністэрства адукацыі адмовіла ў ліцэнзіі на права адукацыйнай дзейнасьці, застаўся толькі Ваўкавыскі тэхнікум эканомікі й права, калектыў якога ўсё яшчэ спадзяецца завершыць навучальны год ва ўласных сьценах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG