Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ ПРА ПАСТАЎКІ Ў БЕЛАРУСЬ ЗАМЕЖНАЙ ГУМАНІТАРНАЙ ДАПАМОГІ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пераважная большасьць апытаных мною людзей ніколі не атрымлівалі замежнай гуманітарнай дапамогі:

(Галасы людзей: ) “Не”. — “Не”. — “Гуманітарную дапамогу? Атрымліваў”. — “Не”. — “Не”. — “Не, я ж яшчэ малады”. — “Ніколі не атрымліваў”.

А вось што адказалі людзі на пытаньне “Ці не прыніжае атрыманьне гуманітарнай дапамогі гонару беларусаў?”

(Спадарыня: ) “Думаю, што прыніжае. Думаю, што мы сваім праблемам павінны даваць рады самі”.

(Спадар: ) “Ні ў якім выпадку. Супрацоўніцтва зь іншымі краінамі вельмі важнае. Бо нашая фармацэўтыка яшчэ не вырабляе тых сродкаў, якія могуць прыйсьці ў рамках гуманітарнай дапамогі”.

(Хлопец: ) “Не. Мы зь імі доўгі час былі ў такіх адносінах… Вядомая ўсім “халодная вайна”. Магчыма, гэта нават такі акт прымірэньня між імі і намі”.

(Дзяўчына: ) “Дзяржава не настолькі дапамагае, наколькі магла бы. Тым людзям, якім дапамагаюць іншыя краіны, я гэта падтрымліваю. У прынцыпе, атрымліваць дапамогу ад некага інашага — нічога прыніжальнага ў гэтым няма”.

(Пэнсіянэр: ) “Я думаю, што гэта не прыніжае гонару Беларусі, за гэтую дапамогу трэба дзякаваць. Таму, што ўсё гэта ідзе на дапамогу найбольш неабароненым”.

(Спадар: ) “Пэўна ж прыніжае. Той, хто працуе, можа пражыць бяз гэтай гуманітарнай дапамогі”.

(Хлопец: ) “На маю думку, не прыніжае, наадварот — дапамагае нашай краіне”.

(Спадар: ) “Я думаю, любая дапамога не зашкодзіць беларускаму народу”.

Менчукі таксама лічаць, што ў рамках гуманітарнай дапамогі ў Беларусь перш за ўсё павінны пастаўляцца мэдыкамэнты і мэдычнае абсталяваньне:

(Спадар: ) “Думаю, тавары для дзяцей. Адзеньне, харчаваньне”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, лекі й адзеньне для беднага насельніцтва”.

(Спадар: ) “Відаць, лекі для тых людзей, што хварэюць, для сіротаў. Такая мая думка”.

(Спадар: ) “Пажадана, каб было больш мэдыкамэнтаў, што ідуць з-за мяжы. Бо ў нас ня надта разьвітая такая прамысловасьць. Вось пайшоў купіў на 13 тысяч лекаў. Вось так кожны дзень толькі на леках і сяджу. Таму пажадана, каб лекаў замежных было больш”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што найперш неабходныя мэдыкамэнты, таксама прадукты харчаваньня. Ёсьць шмат людзей, якім найбольш патрэбнае простае адзеньне”.

(Дзяўчына: ) “Нават ня ведаю. Відаць, мэдыкамэнты”.

А вось што думаюць людзі пра дзеяньні ўладаў, якія ўсяляк ускладняюць дастаўку ў Беларусь гуманітарных грузаў:

(Спадар: ) “Думаю, ня вельмі. Па-першае, ёсьць людзі, якім гэтая дапамога сапраўды патрэбная. Па-другое, я ня пэўны, што яна дзеліцца так, як і належыць. Бо вялікі апарат, які за гэта адказвае. І яму трэба таксама з гэтага нешта мець”.

(Хлопец: ) “Гэтыя грузы трэба правяраць. Але калі дзесьці ў Эўропе людзі ў свае вольныя хвіліны трацяць на тое, каб зьбіраць мэдыкамэнты і дапамогу сюды ў Беларусь… Трэба гэты груз праверыць і адправіць сюды як мага хутчэй”.

(Спадар: ) “Відаць, гэта няправільна. Справа ў тым, што любая сыстэма збудаваная на забароне, у прынцыпе няправільная”.

(Хлопец: ) “Думаю, што гэта няслушна. Калі нешта даюць, то трэба браць. Бо пакуль у нас у краіне няма такіх умоваў, каб мы маглі камусьці дапамагаць. А калі нам могуць дапамагчы, дык чаму ж не?”

(Дзяўчына: ) “Я ня ведаю, наколькі правільна яны сябе паводзяць, але на мой погляд, трэба праводзіць сумленную палітыку. Калі, напрыклад, дзеці патрабуюць дапамогі — значыць, трэба браць. Калі не — то ня трэба”.
XS
SM
MD
LG