Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫМ ПАГРАЖАЕ БЕЛАРУСІ ВЫКЛЮЧЭНЬНЕ З ПРАГРАМАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Выканаўчы орган Эўразьвязу Эўрапейская камісія прэзэнтавала стратэгію пабудовы дачыненьняў з новымі суседзямі Эўразьвязу. Праграма “Новае суседзтва” прапануе цэлую сыстэму льготаў у дачыненьнях з краінамі, якія мяжуюць з Эўразьвязам. У прапанаванай Эўракамісіяй стратэгіі зазначана, што няма спадзяваньня на больш блізкія кантакты зь Беларусьсю пры цяперашняй уладзе. Гэта дэ-факта азначае выключэньне Беларусі з згаданай праграмы. Гэта яшчэ не канчатковае рашэньне. Дакумэнт павінен быць ухвалены на саміце Эўразьвязу, які адбудзецца ў ліпені.

Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтае рашэньне? Зразумела, што праблема ў беларускім палітычным рэжыме. Але калі Эўразьвяз прапанаваў праграму “Новае суседзтва”, ён ня ведаў, які рэжым у Беларусі? Ці пытаньне аб Беларусі ўзьнікла толькі тады, калі справа дайшла да нейкіх канкрэтных дамоўленасьцяў? І няўжо іншыя суседзі Эўразьвязу, асабліва на поўдні больш дэмакратычныя, чым Беларусь?”

(Алесь Лагвінец: ) “Вы маеце рацыю ў тым, што ідэя новага суседзтва — агульная. Яна тычыцца таго, як Эўразьвяз імкнецца ўсталёўваць стасункі з новымі суседзямі. Таму не існавала канкрэтыкі датычна асобных краінаў. Дакумэнт, які быў прыняты летась, апісвае сытуацыю ў краінах-суседзях і кажа аб агульных рамках супрацоўніцтва. Канкрэтнае пытаньне аб супрацоўніцтве зь Беларусьсю паўстала якраз на стадыі рэалізацыі гэтай праграмы. Рашэньне Эўракамісіі — гэта канстатацыя сытуацыі, якая існуе на сёньняшні дзень. Праграма ТАСІS — папярэдняя праграма Эўразьвязу — якая нібыта яшчэ дзейнічае, паказала вельмі абмежаваныя магчымасьці супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Асноўны кампанэнт супрацоўніцтва па праграме ТАСІS — гэта ўмацаваньне мяжы паміж Беларусьсю і суседзямі — новымі сябрамі Эўразьвязу.

Таму цяперашняе рашэньне — велізарны палітычны мэсыдж беларусам. Праграма “Шырокая Эўропа” стварае шэраг магчымасьцяў для суседзяў. Нават калі яны не ўступілі ў Эўразьвяз, усё роўна могуць пашырыць узаемадзеяньне зь сябрамі Эўразьвязу, найперш, у эканамічным супрацоўніцтве. На іх могуць часткова распаўсюдзіцца чатыры свабоды, якія існуюць у Эўразьвязе: свабода руху капіталаў, тавараў, паслугаў, людзей. Цяпер гэтыя магчымасьці супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам зачыненыя. Таму што зь беларускага боку адсутнічае жаданьне канструктыўна, я падкрэсьліваю гэтае слова, супрацоўнічаць з ЭЗ. Гэта значыць, прытрымлівацца тых правілаў гульні, якія акрэсьленыя ў праграме “Новае суседзтва”.

(Марыя Садоўская: ) “На мой погляд, нельга сказаць, што Эўрапейская камісія зацікавілася Беларусьсю менавіта цяпер, і толькі цяпер даведалася пра рэжым, які тут існуе. Увесь год, пасьля таго, як была абвешчаная праграма “Шырокая Эўропа”, Эўракамісія спрабавала выйсьці на палітычны кантакт зь Беларусьсю. Сюды накіроўваліся дэлегацыі ЭЗ, нават у зьвязку з ЗША, прымаліся розныя заявы дзеля ўзьдзеяньня на беларускае кіраўніцтва. Эўропа чакала якогасьці палітычнага сыгналу, які паказаў бы, што Беларусь згодная падзяляць асноўныя эўрапейскія прынцыпы і каштоўнасьці, калі будзе ўключаная ў гэтую палітыку.

Зь іншага боку, з канца міналага году Эўрапейская камісія шчыльна працавала над тым, якія рэальныя крокі можна выпрацаваць у дачыненьні да Беларусі. Стаяла такая дылема: ці замарозіць, увогуле, адносіны зь Беларусьсю (але гэта азначала б замарожваньне кантактаў і з грамадзянскай супольнасьцю, што, дарэчы, даказала сваю неэфэктыўнасьць), ці наадварот, працаваць зь цяперашнім урадам. Было прынятае рашэньне, як мне падаецца, прамежкавае. З аднаго боку, Эўракамісія паказвае, што цяперашні ўрад непрымальны партнэр для Эўразьвязу, пакуль ён праводзіць такую палітыку і ня хоча пачынаць рэформы.

Але Эўрапейская камісія падкрэсьлівае, што ня будуць замарожаныя праграмы, скіраваныя на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, чарнобыльскіх ініцыятываў, незалежных мэдыяў. І гэта азначае, што Эўропа не збіраецца спыняць адносінаў зь Беларусьсю, рабіць яе такой чорнай плямай на сваёй мапе”.

(Карбалевіч: ) “Зь меркаваньняў маіх суразмоўцаў вынікае, што ўся праблема палягае ў палітыцы Беларусі. Але на афіцыйным ўзроўні Беларусь заяўляе аб жаданьні разьвіваць дачыненьні з Эўразьвязам. Аб гэтым казаў і Лукашэнка падчас выступу з пасланьнем у Нацыянальным сходзе. МЗС гатовае весьці перамовы аб эканамічным супрацоўніцтве. І прадстаўнік МЗС Савіных у чацьвер запэўніваў, што, быццам, усё нармальна. Як бы вы пракамэнтавалі афіцыйную пазыцыю Беларусі?”

(Лагвінец: ) “Пазыцыя Беларусі зводзіцца да таго, што трэба весьці перамовы дзеля перамоваў. Безумоўна, казаць, што мы згодныя да супрацоўніцтва, — добра, але мала. Але, калі не падзяляць каштоўнасьцяў Эўразьвязу, то выключаецца магчымасьць існаваньня агульнай базы, падмурку дзеля перамоваў, дамоўленасьцяў аб супольных праграмах і кроках, нармалізацыі стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю”.

(Карбалевіч: ) “Але ўсё ж беларускае кіраўніцтыва заяўляе аб гатоўнасьці весьці перамовы аб эканамічным супрацоўніцтве, руху людзей, капіталаў, тавараў. А Эўразьвяз вылучае менавіта палітычныя ўмовы, патрабуе пераходу да эўрапейскіх стандартаў у галіне правоў чалавека, дэмакратыі. Як вы пракамэнтуеце такую супярэчнасьць?”

(Лагвінец: ) “Ня варта разглядаць Эўразьвяз як проста эканамічны блёк, як вялікую зону вольнага гандлю. Эўразьвяз — гэта супольнасьць, якая аб’ядноўваецца на падставе пэўных каштоўнасьцяў. І калі гэтыя каштоўнасьці вельмі цынічна адрынаюцца, то супрацоўнічаць з такімі партнэрамі вельмі складана. Палітычны складнік у сёньняшняй сытуацыі вельмі важны. Таму што мы кажам пра пасланьне аб’яднанай Эўропы да Беларусі. Менавіта так можна разглядаць гэтае рашэньне Эўракамісіі.

Але канкрэтных крокаў не было прынята. Ведаючы асаблівасьці прыняцьця рашэньня ў органах Эўразьвязу, можна сказаць, што пройдзе пэўны час, пакуль справа дойдзе да прымяненьня гэтых пагрозаў. Размова не ідзе пра сёньняшнія праекты. Размова ідзе пра наступны год, а хутчэй за ўсё, нават пра 2006 год. Мы кажам пра чыста палітычны характар гэтай заявы. А палітычныя інтэнцыі могуць памяняцца. А калі будзе новая палітычная сытуацыя, то супрацоўніцтва адразу можа атрымаць вельмі імклівыя тэмпы.

Я заўсёды давожу, што Беларусь мае вялікі патэнцыял супрацоўніцтва з Эўропай. І яго можна лёгка скарыстаць на карысьць беларускай эканомікі, грамадзянскай супольнасьці, беларускай дзяржавы. Але сёньня дзяржава, палітычная ўлада ня здольная канструктыўна размаўляць з Эўропаю”.

(Садоўская: ) “Дэклярацыяў беларускага боку аб жаданьні супрацоўнічаць было вельмі шмат. Праз два тыдні пасьля таго, як Лукашэнка выступіў перад Нацыянальным сходам з заяваю аб імкненьні наладзіць стасункі з ЭЗ, было адмоўлена ў правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў з нагоды пашырэньня Эўразьвязу ў будынку дзяржаўнага цырку у Менску. І аб’яднаная Эўропа ў гэтым маленькім інцыдэнце ўгледзела розьніцу паміж словамі і дзеяньнямі. Толькі пасьля таго, як на вышэйшым узроўні будзе прынятае палітычнае рашэньне аб тым, што Беларусь прымае і рэалізуе каштоўнасьці і прынцыпы ЭЗ, можна будзе казаць пра якісьці дыялёг.

Я хацела бы не пагадзіцца зь меркаваньнем, што ад нас цяпер патрабуюць толькі палітычных зьменаў. Рэформы, аб неабходнасьці якіх казаў камісар у справах пашырэньня Эўразьвязу і палітыкі эўрапейскага суседзтва Фэрхойген, тычацца і рынкавых рэформаў у эканоміцы. Проста так атрымліваецца, што рынкавыя рэформы, як правіла, праводзяцца дэмаратычнымі ўрадамі”.

(Карбалевіч: ) “Ці будуць прынятыя гэтыя прапановы Эўракамісіі, датычныя Беларусі, на саміце Эўразьвязу ў ліпені? Вядома, што ня ўсе чальцы Эўразьвязу задаволеныя імі. Напрыклад, Польшча займае больш мяккую пазыцыю”.

(Лагвінец: ) “Думаю, што прапановы Эўракамісіі будуць прынятыя. Гэта тым больш важна, што Беларусь знаходзіцца напярэдадні выбараў. Гэта будзе вельмі важнае пасланьне да беларускага грамадзтва”.

(Садоўская: ) “Як паведаміў спадар Фэрхойген, прыняцьцю гэтага дакумэнту спадарожнічалі вельмі шчыльныя кантакты зь міністрам замежных справаў Польшчы. Таму вялікіх супярэчнасьцяў па гэтым пытаньні сярод сяброў Эўразьвязу няма. Думаю, прапановы, якія тычацца Беларусі, будуць ухваленыя”.

(Карбалевіч: ) “Калі гэтая стратэгія будзе ўхваленая, чым гэта пагражае Беларусі, якія страты яна панясе?”

(Лагвінец: ) “Страты зводзяцца да таго, што нашая краіна па-ранейшаму будзе на ўзбочыне Эўропы і ня зможа скарыстаць тых магчымасьцяў, якія дае супрацоўніцтва з ЭЗ. Выразіць іх у грашовым эквіваленце вельмі цяжка. Але гэта будзе яшчэ адным крокам да самаізаляцыі Беларусі. Бо супрацоўніцтва з Эўразьвязам стварае шмат канструктыўных умоваў. Тут няма гульні з нулявым вынікам. Тут вынік станоўчы для ўсіх партнэраў. Але для Беларусі яго ня будзе. Мячык у гэтай гульні на беларускай палове поля. Беларусы самі павінны вызначыцца, што яны ёсьць эўрапейцамі, што яны імкнуцца да агульнаэўрапейскіх каштоўнасьцяў”.

(Садоўская: ) “Беларусь панясе вялікія страты, таму што яна ня будзе прызнаная за раўнапраўнага партнэра. І таму яна апынецца на ўзбочыне Эўропы. Але спадар Фэрхойген кажа, што ён просіць Эўракамісію павялічыць выдаткі на падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Галоўным наступствам прыняцьця такога дакумэнту будзе той шанец, які яшчэ раз даецца беларускай супольнасьці. І мы павінны гэты шанец выкарыстаць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, існы палітычны рэжым Беларусі, паарушэньне дэмакратычных прынцыпаў, правоў чалавека зьяўляецца моцнай перашкодай на шляху супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай. Краіна мусіць несьці значныя эканамічныя страты, ня мае магчымасьці атрымоўваць эканамічнай дапамогі. Прадпрыемствы пазбаўляюцца льготнага рэжыму. Людзі ня могуць разьлічваць на паслабленьне візавага рэжыму. І гэта ўсё з-за таго, што кіроўная эліта дзеля захаваньня ўлады ня хоча вяртацца да эўрапейскіх стандартаў у сфэры дэмакратыі”.
XS
SM
MD
LG