Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПОЙДУЦЬ БЫЛЫЯ СУПРАЦОЎНІКІ БТ У “ТЭЛЕРЭЗЭРВАЦЫЮ”?


Віталь Сямашка, Менск

Намер гэты спадар Мацьвяйчук выказаў падчас сустрэчы з экс-старшынём прафкаму тады Белтэлерадыёкампаніі Рыгорам Моўчанам. Расказвае спадар Моўчан:

(Моўчан: ) “Рыбакоў, кажу, 350 чалавек загнаў у рэзэрвацыю. Ён сказаў: як гэта ён здолеў 700 чалавек разагнаць, а 800 набраць?! Набраў абы-што, разумееш…”

Я правёў апытаньне сярод некаторых тэлежурналістаў, зь якімі ня быў перазаключаны кантракт альбо якія на знак пратэсту пайшлі самі. Першы званок — рэжысэру папулярнай некалі моладзевай тэлепраграмы “Крок” Вячаславу Аркунову.

(Аркуноў: ) “Мо я бы і вярнуўся на БТ, але не пакуль там будзе рэжымны аддзел, які ў “курылцы”, усюды ўсё вышуквае: хто чым дыхае, у які час ты прыйшоў у “сталоўку”, з кім сустрэўся. Творчага чалавека нельга загнаць у клетку. Засталіся там стаўленікі Рыбакова, якіх ён з сабой прывез. Прыклад. Калі была “Эўрапейская прыгажуня”, узьнялі “кіпіш” — “пачаму не паказывают нашу крупным планам!” А рэжысэр адказвае: трансьляцыя з Турцыі. А вылучэнец Капенкін крычыць: “Што вы дзелаеце зь мяне дурня, паказвайце крупным планам!” Такіх, як ён, шмат. Спэцыялістаў павыкідалі. І вяртаць не зьбіраюцца”.

Рэжысэр звыш сотні тэлевэрсіяў пастановак менскіх тэатраў ды двух дзясяткаў кінафільмаў Уладзімер Трацякоў на пытаньне аб магчымасьці вяртаньня на БТ адказвае так:

(Трацякоў: ) “Не, таму што разьбілі ўсё, што мы склалі за сорак гадоў. Што я там буду рабіць? Адбываць тэрмін?! Я наша тэлебачаньне не гляджу ні адное, ні другое, ні трэцяе. Нічога арыгінальнага не ствараецца. За апошнія пяць гадоў ніводнага спэктаклю ня створана, ніводнага фільму ня зьнята. Нашага Беларускага тэлебачаньня там няма!”

Ганна Арцюшкевіч зьяўлялася сябрам прафбюро Дырэкцыі пэрспэктыўнага вяшчаньня, якое аб’ядноўвала большасьць творчых супрацоўнікаў Першага нацыянальнага і актыўна змагалася за гонар прафэсіі ды свабоду слова:

(Арцюшкевіч: ) “БТ ператварылася ў сымбіёз правінцыйнай моладзевай “тусоўкі” з кіназаляй, дзе круцяцца танныя фільмы. Што тычыцца “ЛАДу”, дык такі канал лічыўся бы ўбоствам нават у 1970-я гады. Тэлебачаньне нашае трэба пачынаць з нулявога цыклю, і толькі на чыстай пляцоўцы прафэсіяналы змогуць стварыць БТ нанова. Але пры гэтым трэба выканаць самую важную, на мой погляд, умову: тэлебачаньне павінна стаць грамадзкім, а гэта значыць, выйсьці з-пад кантролю ўлады, падпарадкавацца незалежнаму назіральнаму савету і адлюстроўваць інтарэсы грамадзтва, а не адной асобы. А сёньня, па-мойму, ніводзін творчы, ніводзін годны чалавек не пажадае вяртацца на тэлебачаньне, якое дэманструе гэткае пранафталіненае ўбоства, як “Дорога в никуда”.
XS
SM
MD
LG