Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 18 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Сёньня ва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень музэяў. Ён усталяваны ЮНЭСКО ў 1978 годзе. Ёсьць меркаваньне, што гэтае сьвята прыпадае на час, калі, паводле астролягаў, нараджаюцца сангвінікі, а музэі прыдумала эпоха Асьветніцтва, таксама сангвінічная паводле тэмпэрамэнту. Так ці інакш, а яшчэ ў 19-м стагодзьдзі краінай музэяў называлі Беларусь. Прыватныя зборы Радзівілаў і Тышкевічаў прыцягвалі шматлікіх дасьледнікаў, выходзілі цэлыя кнігазборы віленскіх, полацкіх, магілёўскіх старажытнасьцяў. Але на працягу наступнага, 20-га стагодзьдзя вобраз Беларусі як краіны музэяў страціўся. Ня тое, каб музэяў стала меней, але катастрафічна зьбяднелі іхныя калекцыі экспанатаў – зьнішчаных, згубленых, вывезеных за мяжу.

18 траўня 1944 году вайскоўцы польскага корпусу генэрала Ўладыслава Андэрса ўсталявалі нарэшце сьцяг над руінамі кляштару на Монтэ Касіна пасьля трохмесячнага змаганьня. Пад Монтэ Касіна ваявала супраць фашыстаў і вялікая колькасьць беларусаў. І цяпер на месцы тых надзвычай жорсткіх баёў ёсьць трыста беларускіх магіл. Варта сказаць два словы пра тое, чаму яны туды трапілі. Як правіла гэта былі хлопцы з заходнебеларускіх сем’яў, што ў 1939-м, пасьля далучэньня Заходняе Беларусі да БССР, былі раскулачаныя і высланыя ў Сыбір. Пасьля нападу Нямеччыны на СССР яны шукалі спосабаў вырвацца зь несправядлівай высылкі. І вось такім найбліжэйшым спосабам сталася далучэньне да арміі Андэрса, у складзе якой яны пасьля і ўступілі ў бой з фашыстамі.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 18 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня пэрсыдзкага і таджыцкага паэта і філёзафа Амара Хаяма, апошняга расейскага імпэратара Мікалая ІІ, і цяперашняга папу рымскага Яна Паўла ІІ.

18 траўня 1910 году ў Горадні ня стала Элізы Ажэшкі, знакамітай пісьменьніцы, якая пісала па-польску, але ўсю сваю творчасьць прысьвяціла беларускай зямлі.

18 траўня 1945 году вайсковы трыбунал Беларуска-Літоўскай вайсковай акругі выносіць сьмяротны прысуд Станіславу Грынкевічу – беларускаму мэдыку-псыхіятру, першаму ў Беларусі дасьледніку псыхааналізу. Грынкевіч актыўна займаўся ня толькі мэдычнай тэорыяй і практыкай, але й грамадзкай працай, у часе вайны пад нямецкай акупацыяй арганізоўваў нацыянальны антыфашыстоўскі супраціў. Пры гэтым і савецкую ўладу ў Беларусі разглядаў як акупацыйную. Сьмяротны прысуд Грынкевічу будзе выкананы ў Магілёве ў ліпені 1945 году.
XS
SM
MD
LG