Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАТЫ ПАМЕНШЫЛІ Ў ПАМЕРЫ?


RFE/RL

У суботу ў Курапатах сіламі актывістаў КХП БНФ ладзілася традыцыйная талака. Каля 50 сябраў гэтай партыі ўсталёўвалі ўздоўж курапацкай мяжы 35 новых крыжоў. Гэтыя крыжы ўздоўж курапацкіх межаў ёсьць своеасаблівай сымбалічнай агароджай мэмарыялу.

Тым часам Міністэрства культуры прыняла пастанову пад назваю “Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка культурнай каштоўнасьці – Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты”.

Гэтыя зоны значна адрозьніваюцца ад праекту, распрацаванага ў 2002 годзе прадпрыемствам “Праектрэстаўрацыя” на замову Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” прапаноўвала стварыць вакол Курапатаў ахоўную зону ад 200 да 500 мэтраў.

Згодна ж зацьверджанай Мінкультам схеме, гэтая зона складае ў розных месцах ад 110 да 250 мэтраў.

Прадстаўнікі Міністэрства культуры гавораць, што ахоўныя зоны былі зацьверджаныя ў такім выглядзе з тае прычыны, што няма ніякага нарматыўнага дакумэнту ў справе мэмарыялізацыі Курапатаў. Таму актывісты ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” вырашылі зьвярнуцца да прэм’ера Сяргкея Сідорскага з прапановай пачаць дыялёг з грамадзкасьцю ў справе мэмарыялізацыі ўрочышча.

Летась прадстаўнікі грамадзкасьці й навуковая кіраўніца гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты Мая Кляшторная прыклалі нямала высілкаў, каб каля мэмарыялу было спыненае будаўніцтва катэджнага пасёлку “Сонечны”. Тады абаронцаў Курапатаў найбольш абурыла тое, што фірма “Хорнбахер і Боль”, заклікаючы людзей укладаць грошы ў будаўніцтва катэджаў, паведамляла, што побач з пасёлкам ёсьць экалягічна чысты лес – гэта значыць Курапаты.
XS
SM
MD
LG