Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ЗДОЛЬНЫ ЦЭНТАР РАДЫЯЦЫЙНАЙ МЭДЫЦЫНЫ ХУТКА АБСЛУГОЎВАЦЬ ЛІКВІДАТАРАЎ?


Казімер Яноўскі, Гомель

Цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны ў Гомелі дабудоўваўся пад пільным наглядам Аляксандра Лукашэнкі. Аднак многія ліквідатары, якія наведалі гэты сучасны цэнтар, скардзяцца на чэргі, маруднае мэдычнае дасьледаваньне. Гутару зь ліквідатарам, які паводле закону пра сацыяльную абарону насельніцтва ад наступстваў Чарнобылю мае права на льготнае мэдычнае абслугоўваньне:

(Ліквідатар: ) “У мяне 18-ы артыкул, чарнобыльскі. Мне трэба было прайсьці ўльтрагукавое дасьледаваньне прастаты і сэрца. Чарга на дасьледаваньне прастаты — тры месяцы, на дасьледаваньне сэрца — паўгода”.

На другім паверсе цэнтру, дзе каля кабінэтаў лекараў сабралася нямала прыежджага люду, цікаўлюся ў жыхара Брагіна, ці можна прайсьці мэдычны агляд хаця б за два дні.

(Брагінец: ) “Не, за два дні нельга. За чатыры-пяць дзён можна прайсьці агляд”, — сказаў жыхар Брагіну, які назваўся Іванам Міхайлавічам.

Чарнобыльскі перасяленец Міхаіл Пятрэнка зь вёскі Макаўе распавёў, што з увядзеньнем у цэнтры талённай сыстэмы мэдычнае дасьледаваньне пераўтварылася ў даволі складаную працэдуру:

(Пятрэнка: ) “Быў я на тым тыдні ў панядзелак. Далі чатыры талёны да лекараў. Запісаўся на чаргу. Сёньня далі пяць талёнаў. Трэба ўсіх абысьці, а потым заверыць дакумэнты”, — распавёў спадар Пятрэнка.

Самі супрацоўнікі цэнтру ў ліку іншых прычынаў маруднага абслугоўваньня чарнобыльцаў называюць і тое, што мэдычныя ўстановы краіны накіроўваюць сюды ўсіх без разбору, у тым ліку і шараговых пацыентаў, не зьвязаных з Чарнобылем. Вось што, у прыватнасьці, заявіла выканаўца абавязкаў намесьніка дырэктара цэнтру ў мэдычных справах Нэлі Чарнова:

(Чарнова: ) “Людзей шмат, а лекараў мала. Доктар за дзень павінен прымаць васямнаццаць чалавек, а ён прымае да паўсотні. Але ж сто чалавек ён ня можа агледзець. Апрача ліквідатараў, да нас прыходзяць перасяленцы, інваліды вайны, інваліды агульнага захворваньня. Едуць з усёй Беларусі з накіраваньнямі. Мы нікому не адмаўляем. На дзень бывае 700 чалавек. Шмат і ліквідатараў. Калі няма талёнаў да доктара на сёньня, прызначаем на іншы дзень. І будзе яшчэ горш, бо людзей едзе ўсё болей. Далі рэкляму, а мы ня спраўляемся”, — заявіла спадарыня Чарнова, выканаўца абавязкаў намесьніка дырэктара Цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны.
XS
SM
MD
LG