Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА: “ПАДАБАЕЦЦА ЦАНА – КУПЛЯЙ, НЕ ПАДАБАЕЦЦА – ШУКАЙ ГРОШЫ”


Юры Дракахруст, Прага

Большую частку газу (каля 10 мільярдаў кубамэтраў) краіна павінная была атрымаць ад “Газпрому”. Але з 1 студзеня “Газпром” наагул не пастаўляе газ у Беларусь з прычыны істотных разыходжаньняў у пытаньнях цаны за газ, тарыфу за транзыт і пэрспэктывы прыватызацыі “Белтрансгазу”.

Хто будзе пастаўляць у Беларусь газ пасьля 25 траўня – адказу на гэтае пытаньне пакуль няма.

Чарговыя перамовы паміж “Белтрансгазам “ і “Газпромам”, што адбыліся на мінулым тыдні, ізноў скончыліся безвынікова. Бакі засталіся на ранейшых пазыцыях. Без прыватызацыі “Белтрансгазу” “Газпром” гатовы прадаваць Беларусі газ па 50 даляраў за тысячу кубамэтраў і плаціць 66 цэнтаў за транзыт тысячы кубамэтраў на сто кілямэтраў беларускай тэрыторыі. Беларускі бок гатовы плаціць за 1000 кубоў прыблізна 47 даляраў і патрабуе плату за транзыт у прамеры даляра і двух цэнтаў.

“Газпром” гатовы пастаўляць газ і па больш нізкай цане, але толькі пры ўмове продажы яму беларускай газатранспартнай сеткі “Белтрансгаз”.

Але і тут згоды паміж бакамі няма. “Газпром” лічыць цану “Белтрансгазу” па балянсавым кошце, які складае прыблізна 600 мільёнаў даляраў. Беларускі бок ацэньвае прадпрыемства ў 5 мільярдаў даляраў.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў гэтую пазыцыю ў размове з расейскім госьцем – губэрнатарам Валгаградзкай вобласьці Мікалаем Максютам. Кіраўнік Беларусі заявіў: “Хочаце прыватызаваць – за грошы. І не па балянсавым кошце, як ад нас патрабуюць, а паводле рынкавага курсу. Падабаецца цана – купляй, не падабаецца – шукай грошы. Ня хочаш шукаць – разышліся, ты не купіў, я не прадаў”, – патлумачыў Лукашэнка.

Пэўны час таму бакі дамовіліся правесьці незалежную ацэнку спрэчнай цаны “Белтрансгазу”. Беларусь прапанавала абраць гэтым аўдытарам міжнародную кампанію “Deloitte”. “Газпром” у прынцыпе згадзіўся з гэтай кандыдатурай, аднак Менск прапаноўваў даручыць экспэртызу менскаму прадстаўніцтву кампаніі, а “Газпром” адпаведна – маскоўскаму.

Але літаральна сёньня “Газпром” прапанаваў кампраміс – каб ацэнку “Белтрансгазу” рабіла лёнданскае прадстаўніцтва “Deloitte”. Беларускі бок вывучае гэтую прапанову.

Але нават пры згодзе бакоў экспэртыза – справа ня хуткая, а тэрмін паставак газу ў Беларусь незалежнымі кампаніямі сканчаецца ўжо праз тыдзень.

На думку экспэртаў, адказ, прынамсі на пытаньне, ад каго Беларусь будзе атрымліваць газ пасьля 25 траўня, будзе знойдзены падчас асабістай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Ялце, дзе 23-24 траўня адбудзецца саміт кіраўнікоў краінаў адзінай эканамічнай прасторы.

Паводле эканаміста Валера Дашкевіча кампраміс магчымы, бо як Беларусь зацікаўленая ў атрыманьні газу, гэтак і “Газпром” зацікаўлены ў беспраблемным транзыце газу празь Беларусь. Пакуль няма дамоўленасьці ані пра пастаўкі газу “Газпромам”, ані пра транзыт “газпромаўскага” газу празь Беларусь. “Газпром” не пастаўляе газ уласна Беларусі, але транзыт “газпромаўскага” газу празь Беларусь ідзе без перапынкаў.

Беларускі бок лічыць кошт гэтага транзыту па новай, больш высокай стаўцы і адпаведную розьніцу (а гэта каля 50 мільёнаў даляраў) не зьбіраецца аплачваць незалежным пастаўшчыкам расейскага газу.

Як піша расейскае выданьне “Время новостей” сытуацыя не перарасла ў скандал, бо расейскія кампаніі, у тым ліку і “Газпром”, чакаюць слова Крамля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG