Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЫТНІКІ НАЛАДЗІЛІ ПАЛЯВАНЬНЕ НА ЎЛАДАЛЬНІКАЎ МІКРААЎТОБУСАЎ


Юлія Шарова, Менск

Прыватныя асобы, якія ўвозяць з-за мяжы аўтамабілі ці аўтобусы, плацяць невялікае мыта, а фірме ці індывідуальнаму прадпрымальніку мытнае афармленьне транспартнага сродку каштуе дорага. Гэтым доўгі час карысталіся беларускія фірмы, што займаюцца перавозкамі: прыватная асоба, звычайна супрацоўнік фірмы, купляла машыну нібыта для сябе, а потым перадавала яе гаспадару. Цяпер гэтак можна рабіць толькі праз два гады пасьля таго, як машына трапіць у Беларусь. Паводле закону пра нарматыўныя акты, гэтае новае правіла дзейнічае толькі пасьля ўвядзеньня 140-га ўказу ў сілу, то бок, ня мае зваротнай сілы. Але на практыцы непрыемнасьці пачаліся ў тых, хто купіў машыны за апошнія два гады.

Андрэй, кіроўца прыватнай маршрутнай таксоўкі:

(Андрэй: ) “Словаў няма, кашмар! Выходзіць, закон мае зваротную сілу? Мая машына пад гэтую справу не падпала, але я ведаю людзей, якіх прымушаюць плаціць. Здымаюць нумары — і ўсё. Паехала-пагнала. Падатковая, транспартная інспэкцыя, а яны там ужо вырашаюць, якія дакумэнты везьці, а якія ня везьці”.

Памер мыта складае колькі тысяч эўра — у залежнасьці ад аб’ёму рухавіка і году выпуску машыны. Часта мыта перавышае кошт самога транспартнага сродку. Уладальнік адной са сталічных транспартных фірмаў, які назваўся Дзьмітрыем, гаворыць, што шэраг ведамстваў зладзілі сапраўдную аблаву на ўладальнікаў машын, якія нядаўна ўвезеныя ў Беларусь.

(Дзьмітры: ) “Усе езьдзяць да першага прэцэдэнту. Мы размаўлялі з даішнікамі. Будзе стаяць даішнік, побач зь ім будзе стаяць абэпнік, альбо гэты самы з падатковай інспэкцыі — і будуць правяраць. Нават да таго, што будзе мытнік побач стаяць”.

Генэральны дырэктар транспартнай агенцыі “Гіль” Аляксандар Гіль зьвяртаўся ў Міністэрва падаткаў і збораў з пытаньнем, як усё ж трэба трактаваць новы ўказ.

(Гіль: ) “У мяне такая ж сытуацыя, я працую ў гэтай сфэры. Атрымаў тлумачэньні: для тых, хто прыгнаў да 22 красавіка, транспартныя сродкі не абкладваюцца рэспубліканскім зборам, а хто ўжо пасьля — тыя абкладваюцца”.

Юрыст Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык кажа прыкладна тое ж: нарматыўныя акты, якія тычацца неакрэсьленага кола асобаў, зваротнай сілы мець ня могуць.

(Стрэльчык: ) “Я не выключаю, што тут можа быць не зусім карэктнае тлумачэньне гэтага ўказу выканаўцамі. Спрэчкі гэтыя можа разьвязаць толькі адзін орган — суд. Як мне ўяўляецца, гэта гаспадарчы суд”.

На думку юрыста, гаспадару аўтамабіля ці аўтобуса няцяжка будзе давесьці сваю рацыю ў судзе, тым болей, што ні ва ўказе, ні ў інструкцыі да яго не сказана, што спаганяць мыта можна заднім чыслом.
XS
SM
MD
LG