Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЛУХАЧЫ ПРА БЕЛАРУСКУЮ ПРАГРАМУ РАДЫЁ СВАБОДА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Беларуская служба Радыё Свабода на гэтым тыдні адзначае 50-ю гадавіну з часу свайго стварэньня. Я папрасіў людзей на вуліцы выказаць заўвагі ці пажаданьні беларускай рэдакцыі з нагоды юбілею. Вось што казалі слухачы:

(Хлопец: ) “Будзьце заўсёды маладымі!”

(Хлопец: ) “Пажаданьне працаваць так, як вы і працуеце. Посьпехаў”.

(Дзяўчына: ) “Чулі. Заўвагі? Жадаю паболей слухачоў, росквіту, здароўя вядучым”.

(Спадар: ) “Калі шчыра, слухаю, але нерэгулярна. І ўвогуле ў мяне вельмі добрае стаўленьне да Радыё Свабода. Адзінае — можа быць, трэба болей рэклямы вашай станцыі. Тады больш людзей будзе вас слухаць. А я слухаю з задавальненьнем, калі ёсьць магчымасьць”.

(Дзяўчына: ) “Ведаеце, заўвагаў да вас у мяне няма. Я сама з Расеі, вельмі люблю Менск, мне ў вас вельмі падабаецца. А вашая радыёстанцыя мне падабаецца тым, што ў вас праўда, сумленнасьць. А пажадаць хачу росквіту. Будзьце здаровыя — уся вашая брыгада. А так у вас усё клясна”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, гэта не забаўляльны эфір, таму мне цяжка судзіць. Навіны — усё гэта добра. Нічога больш не магу сказаць”.

(Пэнсыянэрка: ) “Нічога не магу сказаць пра Беларускую службу. А на Расейскай вельмі гавораць пра Беларусь. І вельмі мала крытычных заўвагаў пра нашага “бацьку”.

(Карэспандэнт: ) “А пра Беларускую службу?”

(Пэнсыянэрка: ) “Ведаеце,мне цяжка яе злавіць. У мяне прыймач стаіць на расейскай, і баюся згубіць хвалю. Цяжка вас злавіць. Хаця я ўсёй душой спачуваю вам”.

(Спадар: ) “Жадаю ўсялякіх посьпехаў”.

(Хлопец: ) “Часьцей быць шчырымі й часьцей асьвятляць адносіны Беларусі зь іншымі краінамі, з Расеяй. І рабіць высновы куды нам бліжэй”.

(Спадар: ) “Ня ведаю нават. Быць сьмялейшымі”.

(Дзяўчына: ) “Жадаю, каб ваша радыё было яшчэ лепшым. Каб разьвівалася і было самым лепшым у Беларусі. Шчасьця вам і ўсяго найлепшага”.

(Яе сяброўка: ) “А я хачу пажадаць, каб ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі і ва ўсіх краінах СНД, Радыё Свабода была самым вядомым радыё”.

(Спадар: ) “Жадаю больш распавядаць пра нашае жыцьцё”.

(Спадар: ) “Працягваць у тым жа накірунку, тады будзе ўсё добра”.

(Пэнсіянэрка: ) “Перадаваць ісьцінную праўду пра тое, што ў нас робіцца”.

(Спадар: ) “Працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць”.

(Яго сын: ) “Дзеля нашай Свабоды. Жыве Беларусь!”

(Міліцыянт: ) “Заставацца такімі жа, рабіць такія ж цікавыя праграмы. І я заўсёды буду іх слухаць”.

(Пэнсіянэр: ) “Пажаданьне, каб лепш абмалёўвалі сытуацыю ў Беларусі. Каб лепей ведаць, што да чаго”.

(Спадар: ) “У мяне адно пажаданьне. Тое, што прысьвечана джазу ў такі цікавы час, калі мы раніцай хочам паслухаць навіны ці аналітыку. Перад тым, як ідзеш на працу, з задавальненьнем бы паслухаў. А гэты джаз ўключаюць. У нас аматараў джазу відаць ня так і шмат, хаця некаторыя рэчы я й сам люблю. Але мне здаецца, гэта залішне. У мяне ўсё, дзякуй”.

Гэткія былі заўвагі й пажаданьні слухачоў Радыё Свабода з нагоды 50-х угодкаў беларускай рэдакцыі.
XS
SM
MD
LG