Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў МЕНСКУ ПАМЕНЕЛА ЛЕТНІХ КАВЯРНЯЎ?


Юлія Шарова, Менск

Ускладнілася працэдура атрыманьня дазволу на адкрыцьцё летніх кавярняў. Хоць у большасьць выпадкаў “летняя кавярня” — занадта гучнае словазлучэньне. Звычайна гаворка ідзе пра тое, каб вынесьці на вуліцу два-тры плястмасавыя столікі й паставіць над імі парасоны, каб наведнікі маглі пасядзець на сьвежым паветры, а не ў памяшканьні. Але і для гэтага прадпрымальнік-гаспадар мусіць прайсьці ўсе колы пекла. Пра гэта мне распавёў уладальнік аднаго зь менскіх бараў Уладзімер:

(Уладзімер: ) “Яшчэ летась ды раней праблема вырашалася цягам аднаго-двух дзён. Папросту пісаўся ліст у адміністрацыю раёну з просьбай дазволіць, санстанцыя зацьвярджала асартымэнтны пералік. А сёлета саму працэдуру вельмі ўскладнілі. Судзячы па прэсе, намагаюцца зрабіць эўрапейскі горад, але, на маю думку, не з таго боку падыходзяць да гэтай праблемы”.

Са словаў Уладзімера, цяпер яму, каб паставіць усяго два столікі й адзін парасон, трэба ня толькі папрасіць дазволу ды заплаціць мыта, але й прадставіць у Міністэрства архітэктуры плян летняй кавярні ды яшчэ ейны фотаздымак. Зь першым управіцца няцяжка, а з другім ёсьць праблемы. Рэч у тым, што кожны год бары і рэстарацыі заключаюць кантракты з рознымі фірмамі на пастаўку мэблі й абсталяваньня. Летась на парасоне была рэкляма “Кола-колы”, а сёлета — “Лакі страйк” ці “Балтыкі”. Таму прадставіць фотаздымак кавярні часта фізычна немагчыма, асабліва калі яе адчыняе дробная крама ці бар. На ўзгадненьне месца пастаноўкі столікаў ідуць тыдні. Уладзімер гаворыць, што калі б ня сувязі сярэд чынавенства, ён бы яшчэ доўга чакаў рашэньня. А так ён неўзабаве адчыніцца.

Галоўныя аргумэнты сталічных уладаў — барацьба з антысанітарыяй і добраўпарадкаваньне гораду. Дарэчы, ёсьць у Менгарвыканкаму прэтэнзіі й да дробных пунктаў гандлю. Як заявіў днямі галоўны санітарны доктар сталіцы Фёдар Германовіч, толькі вакол дваццаці такіх пунктаў (усяго іх 480) ёсьць належны парадак. Усе астатнія не выконваюць элемэнтарных санітарных патрабаваньняў. Мэр Менску Міхаіл Паўлаў у сваю чаргу сказаў, што за такія парушэньні гандлёвыя пункты трэба зачыняць і горад нельга ператвараць у звалку.

Якія менавіта прэтэнзіі ёсьць у санітарных службаў да дробнага гандлю, у гутарцы са мной спадар Германовіч не сказаў. Але ж гаворыць, што як грамадзянін вельмі абураны вялікай колькасьцю сьмецьця ў горадзе.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа не выключае, што з такіх заяваў можа пачацца новая кампанія зьнішчэньня прыватнага дробнага гандлю ў Менску.

(Патупа: ) “Я думаю, што гэта вельмі верагодная сытуацыя, бо ў нас марксісцкі тэзыс прымату сацыялістычнага разьмеркаваньня трансфармаваўся ў прымат санітарыі, добраўпарадкаваньня, эстэтычных крытэраў і гэтак далей. Ёсьць такая пазыцыя, што можа гэтыя крытэры больш цікавыя для кіраўніцтва, чым крытэры эканамічныя ці сацыяльныя”.

Спадар Патупа мяркуе, што тут можа паўтарыцца гісторыя зь ліквідацыяй шапікаў, якая скончылася практычна поўным вынішчэньнем кіяскёрнага бізнэсу.
XS
SM
MD
LG