Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІЛЬМ “ШЛЯХ У НІКУДЫ” — ПАЧАТАК НОВАГА ЭТАПУ ПСЫХАЛЯГІЧНАЙ ВАЙНЫ


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Фільм “Шлях у нікуды”, які моцна рэклямуе і круціць беларуская тэлевізія, выклікаў пэўны рэзананс сярод палітызаванай часткі грамадзтва. Тыя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў фільме, ня новыя. На працягу апошніх дзесяці гадоў яны неаднаразова выкарыстоўваліся ў афіцыйнай прапагандзе. Першым фільмам з гэтага шэрагу быў сумнавядомы фільм Азаронка “Нянавісьць. Дзеці хлусьні”, паказаны напярэдадні травеньскага рэферэндуму 1995 году. Прычым іх колькасьць і інтэнсіўнасьць паказу значна павялічвалася падчас буйных палітычных кампаніяў. Напрыклад, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году беларуская тэлевізія паказала цэлы сэрыял такіх фільмаў. Як бы вы маглі ацаніць гэты фільм, ягоны зьмест, тыя тэхналягічныя і псыхалягічныя прыёмы, якія выкарыстаныя у ім?”

(Уладзімер Падгол: ) “Я лічу, што з гледзішча мэтаў, якія стаяць перад ім, гэты фільм абсалютна бяздарны і правальны. Найперш таму, што вельмі зацягнутыя фрагмэнты фільму. Напрыклад, калі паказвалі фрагмэнт мастацкага фільму пра Кротава, як яго там катавалі, дык шараговы глядач, паглядзеўшы адзін кавалак, дзе ў яго цячэ сьлюна, выключыць тэлевізар. Аўтары фільму зрабілі ўсё, каб яго не глядзелі. Там ідзе каляж, усялякія відэашэрагі, нашчыканыя з розных крыніцаў, у тым ліку з мастацкіх фільмаў, і адзін аўтарскі голас, які нітуе гэта ўсё. Гэта можна глядзець пяць, максымум сем хвілінаў. А на восьмай хвіліне чалавек наўпрост выключае тэлевізар альбо пераключае на іншую праграму. Таму фільм, кажучы па-расейску, “несмотрибельный”. І, на мой погляд, вялікага эфэкту ён мець ня будзе”.

(Леанід Міндлін: ) “Фільм немагчыма аналізаваць з гледзішча прафэсійнага. І ўвогуле, немагчыма назваць гэта фільмам. Таму што фільм — гэта тое, што рабіў наш калега Хашчавацкі. А тое, што нам паказалі — слабы прапагандысцкі твор”.

(Карбалевіч: ) “Які эфэкт павінны даць тыя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў фільме? Маю на ўвазе паралелі апазыцыі з фашыстамі, здраднікамі?”

(Міндлін: ) “Калі аналізаваць з гледзішча прафэсійнага, то прыёмы, якія там выкарыстоўваюцца, нельга лічыць наватарскімі. Рэжысэры выкарыстоўваюць розныя спэцэфэкты, якія існуюць у кампутарных праграмах. Усе гэтыя прыёмы былі выкарыстаныя яшчэ ў згаданым вамі фільме Азаронка “Нянавісьць. Дзеці хлусьні”. Увогуле, з гледзішча прафэсійнай этыкі гэты фільм на мяжы крыміналу”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, даваць палітычную, маральную ацэнку гэтаму фільму, мусіць няма сэнсу. Гэты фільм, як і некаторыя іншыя перадачы БТ, напрыклад, праграма Яўгена Новікава, па-за межамі правілаў палітычнай барацьбы, маральных нормаў, якія прынятыя ў цывілізаваных краінах, па-за межамі, як кажуць, дабра і зла. Гэта клясічныя мэтады псыхалягічнай вайны, вайны на палітычнае зьнішчэньне апанэнтаў. Менавіта так ацаніў гэты фільм і офіс АБСЭ ў Менску.

Але паводле апошняга сацыялягічнага апытаньня НІСЭПД, 48% апытаных давяраюць дзяржаўным СМІ, а 37% — не давяраюць. У зьвязку з гэтым узьнікае пытаньне: на каго разьлічаны гэты фільм, на якую частку электарату? Ці сапраўды ён ня дасьць таго эфэкту, на які разьлічваюць улады, як сьцьвярджаеце вы, спадар Падгол? Калі меркаваць па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, іншых палітычных кампаніяў, то такія мэтады пэўны палітычны эфэкт давалі. Чаму вы лічыце, што на гэты раз гэта не спрацуе?”

(Падгол: ) “Трэба прааналізаваць сутнасныя моманты гэтага фільму. Калісьці Лукашэнка пахваліў рэжым Гітлера. Цяпер у фільме сыстэматычна лідэры апазыцыі параўноўваюцца з гітлераўскімі фашыстамі. Апошні час лідэры АГП Лябедзька, Раманчук па расейскіх тэлеканалах абвінавачвалі Лукашэнку ў наяўнасьці ў яго ценявога прэзыдэнцкага бюджэту, які ўтварыўся часткова за кошт продажу зброі, іншых крыніцаў. Цяпер аўтары фільму спрабуюць абвінаваціць апазыцыю ў раскраданьні грантаў і замежных грошай.

Увогуле назва фільму (“Шлях у нікуды”) унікальная тым, што ў нядаўнім артыкуле Марыніча гэтыя словы “шлях у нікуды” ўжываюцца як асноўныя для характарыстыкі рэжыму. Такім чынам, усе тыя адмоўныя ўчынкі, дзеяньні й выказваньні Лукашэнкі ў гэтым фільме накладаюцца на лідэраў апазыцыі. Але ж фактаў не закапаеш. Уявім сабе, што расейскае тэлебачаньне дасьць шырокі выхад гэтым фактам. Тады гэты фільм, які абвінавачвае лідэраў апазыцыі, стукне другім канцом палкі па Лукашэнку і ягоным ідэолягам.

Адзін раз у 1995 годзе такі фільм спрацаваў. Другі раз, у 2001 годзе, можна было выкарыстаць такія мэтады, Але ёсьць жа межы. Памятаяце казку пра хлопчыка-пастушка, які шмат разоў без падставаў крычаў “Воўк!”, і людзі не паверылі, калі зьявіўся сапраўдны воўк. І таму тут людзі могуць прыгадаць прымаўку пра злодзея, які хоча схаваць свой учынак і крычыць: “Трымай злодзея!” У фільме няма ніякіх доказаў. Пра нармалёвых людзей беспадстаўна кажуць: “Бякі, сабакі”. І гэта сорак хвілінаў. І гэта на працягу многіх гадоў. Таму нават у людзей, якія ў гэта верылі, закрадзецца думка: “Нешта тут ня тое”.

(Карбалевіч: ) “Але ж праблема ў тым, што тая частка электарату, на якую разлічаны гэты фільм, мусіць, ня мае доступу да альтэрнатыўных і апазыцыйных крыніцаў інфармацыі. І я не ўпэнены, што гэтыя людзі ведаюць пра тыя факты, пра якія вы тут казалі, спадар Падгол”.

(Міндлін: ) “Безумоўна, пэўны эфэкт фільм будзе мець. Вы ведаеце пра прыёмы нэўралінгвістычнага праграмаваньня. У фільме гэтыя прыёмы выкарыстоўваюцца даволі эфэктыўна. Калі закладваюцца знакавыя сымбалі, то яны сядзяць у падкорцы. Я быў сьведкам такога цікавага і даволі анэкдатычнага выпадку. Гэта было яшчэ ў савецкі час у глухім гарадку Якуцкага краю. Адна бабуля раззлавалася на свайго дзеда і крычала на яго: “Масон ты пракляты!” Я быў зьдзіўлены і запытаўся ў яе, хто такі масон. А яна адказвае, што дакладна ня ведаю, але ведаю, што гэта кепскі чалавек. Вось і ў значнай часткі беларускага грамадзтва апазыцыя атаясамляецца з кепскай арганізацыяй, кепскімі людзьмі. Таму фільм можа даць эфэкт, асабліва ў правінцыі”.

(Падгол: ) “Пра такі эфэкт можна было бы казаць, калі б быў толькі адзін гэты фільм, а больш не было ніводнай тэлепраграмы, тэлеканалу, газэты, увогуле, ніякай іншай крыніцы інфармацыі. Але ж ідуць вельмі насычаныя інфармацыйныя патокі, у прыватнасьці, па расейскім тэлебачаньні. Там згадваюць і газавыя канфлікты, і фінансавыя супярэчнасьці. Адначасова ўзровень жыцьця будзе пагаршацца. Іншыя інфармацыйныя патокі і ўзровень жыцьця праграмуюць сьвядомасьць нашага чалавека”.

(Міндлін: ) “Але трэба ўлічваць такі факт, што ў беларускіх рэгіёнах збольшага прымаюцца толькі дзьве праграмы: БТ і АНТ. Таму я лічу, што на нейкую частку грамадзтва гэта будзе мець узьдзеяньне. Безумоўна, вельмі слабы, шэры ўзровень гэтай прапаганды (не магу назваць гэта журналістыкай альбо публіцыстыкай) ня дасьць вялікага эфэкту, на які разьлічваюць ягоныя вытворцы”.

(Падгол: ) “Я б паразважаў аб іншых аспэктах. Мы ня кажам пра тое, у які момант гэты фільм павінен узьдзейнічаць. Тут можа быць два этапы палітычнай барацьбы. Па-першае, гэта парлямэнцкія выбары, да якіх могуць прышпіліць рэфэрэдум аб дазволу Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін. Па-другое, прэзыдэнцкія выбары. Дык вось на прэзыдэнцкія выбары гэты фільм можа якраз спрацаваць. І тут я з вамі згодны. Паглядзіце, каго там аблівалі брудам, выстаўлялі, атаясамлівалі з раскрадальнікамі? Практычна ўсіх патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты: Клімава, Фралова, Лябедзьку. Менавіта іх зьнішчалі”.

(Міндлін: ) “То бок адзін кірунак прапаганды — адстрэл патэнцыйных кандыдатаў. Другі кірунак — маляваньне краіны, у якой усё добра, ёсьць бацька, правадыр, які ўсё ведае і робіць дзеля раю на зямлі”.

(Падгол: ) “Мы ва ўсіх гэтых развагах абсалютна ня ўлічваем, што апазыцыя, яе лідэры мусяць дзейнічаць, а не сядзець і маўчаць”.

(Карбалевіч: ) “Зьяўленьне гэтага фільму — важнае сьведчаньне таго, што ў краіне рыхтуецца рэфэрэндум. Мусіць, гэта пачатак моцнай і інтэнсіўнай прапагандысцкай кампаніі. І гэты фільм далёка не апошні. І гэтая кампанія будзе разьвівацца прыкладна ў такім жа стылі і ўзмацняцца па меры надліжэньня да фіналу. Другі момант, на які хацеў бы зьвярнуць увагу. Расейская тэлевізія, нават калі там і будуць згадваць беларускую сытуацыю ў нэгатыўным пляне, аб’ёмам часу ў інфармацыйнай праторы проста ня можа канкураваць з інтэнсіўнымі інфармацыйна-прапагандысцкімі кампаніямі, якія будуць ісьці па беларускай тэлевізіі. Таму малаверагодна, што расейская тэлевізія можа перабіць беларускую.

Але я хацеў бы задаць такое пытаньне. Якая лёгіка ўладаў у стварэньні гэтага фільму. Няхай сабе апазыцыя кепская, як вынікае з гэтага фільму. Але чаму з гэтага факту павінна выцякаць, што людзі павінны падтрымаць далейшае кіраваньне Лукашэнкам дзяржаваю трэці, чацьверты і так далей тэрміны?”

(Падгол: ) “Лёгіка вельмі простая. Дзейнічае стары прынцып: няма больш каму кіраваць краінаю. Калі ўсе патэнцыйныя лідэры апазыцыі, якія могуць прэтэндаваць на статус кандыдата ў прэзыдэнты, збэшчаныя,тады няма іншага выйсьця, як схіліцца да Лукашэнкі”.

(Міндлін: ) “Калі глядзіш інфармацыйную праграму “Панарама”, то разумееш, што робіцца прапагандысцкая казка. Паводле яе, існуе добрая дзяржава з добрым царом, але ў яе шмат ворагаў унутраных і зьнешніх. Гэта шматсэрыйны інфармацыйны сэрыял. І працягвацца гэта будзе татальнымі мэтадамі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, зьяўленьне гэтага скандальнага фільму “Шлях у нікуды” — важная прыкмета пачатку буйнай палітычнай кампаніі, мусіць, рэфэрэндуму аб працягненьні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. І тыя прыёмы, якія выкарыстоўваюцца ў фільме, паказваюць, што ўлада будзе дзейнічаць бруднымі брутальнымі мэтадамі дзеля дасягненьня сваіх мэтаў у ходзе выбараў і рэфэрэндуму”.
XS
SM
MD
LG