Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЧЫЯ ПРАВЯЛІ АГЛЯД ЗАГАРАДНАГА ДОМУ МІХАІЛА МАРЫНІЧА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У справе Міхаіла Марыніча мусяць зьявіцца новыя дакумэнты — у прыватнасьці, пратакол агляду акна на другім паверсе дому Міхаіла Марыніча ў пасёлку Зацань пад Менскам. 14 траўня сьледчыя разам зь Міхаілам Марынічам агледзелі гэтае акно і зафіксавалі сьляды пранікненьня празь яго ў дом невядомай асобы ці асобаў. Сьледчыя знайшлі аскепкі разьбітага шкла, сьляды ўзлому на шыбе. Адвакаты Міхаіла Марыніча мяркуюць, што менавіта праз акно ў дом мог трапіць той, хто і падкінуў Міхаілу Марынічу баявы пісталет, ад якога ён адмаўляецца. Між тым, гэты пісталет зрабіўся падставай для абвінавачаньня амбасадара ў незаконных дзеяньнях са зброяй.

Гэта быў ужо другі агляд дому Міхаіла Марыніча ў Зацані. Першы адбыўся 26 красавіка. У прысутнасьці Міхаіла Марыніча сьледчыя зрабілі ператрус у ягоным доме, аднак тады не зафіксавалі сьлядоў пранікненьня невядомых. Чаму? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да адваката Веры Страмкоўскай, якая і настояла на паўторным аглядзе дому.

(Страмкоўская: ) “Я ня ведаю, чаму. Зацікаўленасьці, можа, не было такой. Калі быў першы ператрус на гэтым лецішчы, то яны нават не зрабілі фатаздымкаў гэтых раскіданых рэчаў і дакумэнтаў. А гэта ўсё таксама сьведчыла, што нехта пабываў на гэтым лецішчы”.

Цяпер, як упэўненая адвакат Вера Страмкоўская, у справе ёсьць усе доказы несанкцыянаванага пранікненьня невядомых у дом Марыніча. Пры гэтым адвакат пагаджаецца, што яны ня ёсьць прамым доказам таго, што пісталет менавіта падкінулі, але сьведчаць на карысьці гэтай вэрсіі. Вера Страмкоўская паведаміла таксама, што сьледчыя забралі астатнія дакумэнты з архіву Міхаіла Марыніча, на якіх яна ня бачыла грыфу “сакрэтна”.

Адвакат заявіла, што працягваецца збор паручыцельстваў вядомых асобаў за Міхаіла Марыніча. Вера Страмкоўская не выключае, што ўжо пададзеныя паручыцельствы будут разгледжаныя ў панядзелак 17 траўня.

Міхаіл Марыніч утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КГБ з 26 красавіка. Шэраг арганізацыяў у Беларусі й за мяжой ужо выказалі патрабаваньне вызваліць Міхаіла Марыніча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG