Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСТРЭМАЛЫ І ЭКСТРЭМАЛЬНЫ СПОРТ У БЕЛАРУСІ


Сьвятлана Курс, Менск

Праз усе часы невялікая частка чалавецтва была схільная да небясьпечных учынкаў: падарожжы праз акіяны, горы й полюсы, утаймаваньне драпежнікаў, паляваньне на ільвоў, азартныя гульні кшталту рулеткі, конныя гонкі, рыцарскія турніры і г.д. Да экстрэмальных гульняў можа быць залічаная нават вайна. Людзкая прага вострых адчуваньняў увайшла ў больш-менш мірнае рэчышча толькі ў 1990-х гадох, калі ўзьнікла экстрым-культура.

(Галасы людзей на вуліцы.)
– Я нічога экстрэмальнага ніколі не зьдзяйсьняў. Хіба як вып’ю, дык тады о-го-го, як!
– Я б і сам паспрабаваў бы, але ня ведаю, як пачаць.
– Чалавек, які ляжыць на канапе, прапускае лепшыя гады жыцьця.


Цэнтар экстрыму – безумоўна, ЗША. Менавіта там з 1995 году штогод ладзяцца “Extreme Games” (X-Games) – спаборніцтвы ўва ўсіх відах “добраахвотнага вар’яцтва”: у паветры, на вадзе, у гарах, у балоце, у сьнягох і гарадзкіх нетрах з хмарачосамі.

Сёлета “X-Games” пройдуць у курортным мястэчку Аспэн, Каларадо. У праграму ўваходзяць трукавая язда й хуткасны зьезд на роварах, мотаэкстрым, сноўбордынг, скэйтбордынг, агрэсіўныя ролікі, банджы-джампінг, стрыт-людж, скалалазаньне, гонкі на выжываньне,
уэкбордынг, горныя лыжы, гонкі на сьнегаходах, скібордынг, сэрфінг ды іншае.

Тэлеаўдыторыя “X-Games” перавышае 150 мільёнаў чалавек у 150 краінах. Беларускія экстрэмалы пакуль што ня вызначыліся на “X-Games”, але ўдома дэманструюць дзівосы.

Адзін з экстрэмалаў сказаў, што экстрым-гульні – някепская альтэрнатыва вайне. Людзі, якія цяпер ствараюць беларускую экстрым-культуру, належаць да пакаленьня, якое ў школе прымушалі праходзіць пачатковую ваенную падрыхтоўку і граць у “Зарніцу”. “Вайскова-патрыятычнае выхаваньне” пранізвала сыстэму адукацыі ад садка да ВНУ. Мэдыі й літаратура праз паўстагодзьдзя пасьля сканчэньня апошняй вайны пісалі пра яе так шмат, быццам вайна скончылася ўчора. “Гэта сфармавала цэлае адрэналінавае пакаленьне, якое сумавала без драйву”, – гаворыць соцыяпсыхоляг Павал Урбановіч.

Сёлета ў Менску зьявіўся першы страйкбольны клюб. Страйкбол – сцэнарная гульня ў вайну ва ўмовах, набліжаных да баявых. Гаворыць кіраўнік клюбу.

(Спадар: ) “Гэта рэальная магчымасьць для людзей, якія прайшлі войска, прайшлі школу мужнасьці, адчуць сябе зноў маладым. Дзе кліент захоча гуляць, там ён і будзе гуляць. У рэальным закінутым доме адпачынку плошчаю 8 тысяч квадратных мэтраў. Зброя цалкам адпавядае ўзорам сапраўднай зброі, якой паслугоўваюцца розныя арміі сьвету”.

Беларускія экстрэмалы паводзяць сябе больш пакрыёма, чым іхныя калегі ў іншых краінах. Грамадзтва ставіцца да іх без асаблівага разуменьня.

(Галасы: ) “Ну, і што толку з таго экстрыму? Гойсаюць на лыжах, матацыклах, роліках, лепш бы чым сур’ёзным заняліся. Яшчэ галовы не паскручвалі…”

“Каб я дазнаўся, што мае дзеці такім займаюцца, я б ім такі экстрым паказаў бы!”


Бытуе думка, што экстрэмаламі робяцца сытыя людзі, што “шалеюць ад тлушчу” у той час, як нармальныя людзі займаюцца сур’ёзнымі справамі – сям’ёй, здабываньнем грошай, працай.

Гэтая грамадзкая няўхвала і прымушае экстрэмалаў хавацца. Усе яны маюць мянушкі, часам нават даўнія калегі па экстрыму ня ведаюць імёнаў адно аднаго. Зьбіраюцца экстрэмалы ў прызначаную гадзіну ў прызначаным месцы. Гульні адбываюцца альбо ўночы, альбо ў месцах, куды рэдка ступае нага “нармальнага чалавека”.

***

Дыгеры – людзі, што разам з пацукамі дасьледуюць чэрава гарадоў. Ліўневая каналізацыя, засыпаныя сярэднявечныя лёхі, бамбасховішчы й падземныя хады – прадмет зацікаўленьня дыгераў. Гаворыць Testor – адзін зь лідэраў Менскага дыгерскага клюбу.

(Testor: ) “Каналізацыю мы не адведваем. Адно з самых цікавых гістарычных падзямельляў, якія мы бачылі – рака Няміга. З індустрыйных найцікавейшыя – мэтро і мэтрабуд, а таксама бамбасховішчы. З эстэтычных меркаваньняў людзі адведваюць гэтыя месцы”.

Калегі дыгераў – кэйвэры, альбо пячоралазы. Толькі выбіраюць яны натуральнае падзямельле, а не індустрыйныя лёхі. Ужо 32 гады працуе клюб Геліктыт–ТМ, чальцы якога – “пячорнікі” – лезуць у самае чэрава зямлі. Нядаўна яны адкрылі, што ў Беларусі таксама ёсьць пячора.

Размаўляю з 27-гадовым Аляксандрам Антаненкам, кіраўніком клюбу.

(Антаненка: ) “Радня ўся супраць такога хобі. Вэртыкальныя пячоры, поўная цемра, 100-працэнтная вільготнасьць, шмат рыштунку”.

(Карэспандэнтка: ) “Які партрэт чальца вашага клюбу?”

(Антаненка: ) “Адсоткаў на 70 гэта дзяўчына, 18-23 гады, іншагародняя студэнтка, апошнія грошы аддае на паходы. Гэта такое пачуцьцё, якога не растлумачыш. Я пабыў у пячоры раз. І з тых часоў мяне цягне і цягне зноў. Тэрыторыя плято Арабіка ў Абхазіі падзеленая паміж спэлеаклюбамі былога СССР. Беларуская частка плято – пэрспэктыўны раён, там быў устаноўлены сусьветны рэкорд”.

***

Экстрэмальны спорт – спорт самотнікаў, якія аб’ядноўваюцца ў супольнасьці. Іх аб’ядноўвае агульная жарсьць – да адрэналіну. “Задай сабе перцу” – такім быў жыцьцёвы дэвіз кіраўніка Менскага клюба экстрэмалаў, кіраўніка праекту extreme.by Андрэй Юхнаўца (Фідэля). Сёлета 19 красавіка на адкрыцьці байкерскага сэзону ён перавярнуўся і патрапіў пад уласны матацыкл.

Праз два дні загінуў ягоны калега – Аляксандар Немец, які патрапіў пад аўто. У яго не засталося ніводнай цэлай косткі. “Эстрэмалу не пагражае старасьць – ён або заб’ецца, або так адтрэніруецца, што і ў 100 год будзе здаровым і маладым, як агурок”, – чытаю я на адным з форумаў экстэрэмалаў.

Сацыяльны псыхоляг Павал Урбановіч вывучаў прыроду “экстрэмальнага чалавека”.

(Урбановіч: ) “Ёсьць тэорыя прэнатальных матрыц. Усяго іх чатыры: цяжарнасьць, схваткі, родавы канал, нараджэньне. Вось у матрыцы “родавы канал” людзі-экстрэмальнікі, якім не хапае адрэналіну, маюць парушэньні. Яны заселі на пэўным моманце ў родавым канале, і цяпер, каб існаваць у радасьці, мусяць сябе падштурхоўваць, нейкі адрэналін у сябе ўкідаць. Ёсьць таксама парушэньні ў першай матрыцы – самой цяжарнасьці. Хутчэй за ўсё, мацеркі такіх людзей падчас цяжарнасьці ці працавалі, ці адчувалі дыскамфорт дзеля распаду сувязяў паміж роднымі. Цяжарнасьць для чалавека – гэта рай. І вось рай для экстрэмальніка – гэта наяўнасьць адрэналіну, моцных перажываньняў. Маці сябе адчувала ня надта спакойна, а яны перажывалі тое ж самае і прызвычаіліся, што ў раі жывуць на адрэналіне. Тыя, хто цяпер сталі экстрэмаламі, былі немаўляткамі 20-25 год таму. Тыя старыя запаветы, калі дзіцё клалі маці на грудзі, пераразалі пупавіну толькі празь некаторы час, гэта ўсё было парушана – бралі дзіцё і адносілі. Яно ня ведала, на якім яно сьвеце. Празь няправільныя роды, праз эксплюатацыю жанчын такі выбух экстрыму атрымаўся”.

Раней людзі, народжаныя з парушэньнямі матрыцы, найбольш ваявалі й падарожнічалі. Цяпер гуляюць і займаюцца спортам. Зрэшты, такога панятку як “нармальны чалавек” у псыхалёгіі, па вялікаму рахунку, не існуе, зазначае спадар Урбановіч. Мэтамарфозы нармальнасьці бясконцыя. Аднак калі карыстацца пабытовымі дэфініцыямі, існуе “вар’ят” – экстрэмал і “нармальны чалавек”, які глядзіць спорт толькі па тэлевізіі. Адны робяць подзьвігі. Іншыя ляжаць на канапе і не разумеюць сэнсу подзьвігу.

Сёлета немец Фэлікс Баумгартнэр пераскочыў Ля-Манш, сплянаваўшы ў крылатым касьцюме з самалёта з вышыні 9 тысяч мэтраў. А сэнс?

43-гадовая Рафаэля Ле Гоувэля адна перасекла Ціхі акіян на чаўне зь ветразем. Тур Геердал пераплыў Ціхі акіян на папірусным чаўне ў 1947 годзе. 65-гадовы ўкраінец Павел Развой летась перасек Атлянтыку на аднамесным чаўне. А сэнс?

Менскі байкер Андрэй Юхнавец разьбіўся на матацыкле падчас гонак на выжываньне. А сэнс?

10 год таму падчас экспэдыцыі беларусаў на гару Качэнджангу (Гімалаі) трое альпіністаў загінулі, а адзін адмарозіў пальцы, якія потым ампутавалі. Цяжка запытацца ў яго пра сэнс.

22-гадовы віцяблянін Дэн сказаў мне, што сэнс жыцьця ў самім жыцьці. Дэн марыць стаць скайсэрфэрам. Скайсэрфінг – гэта акрабатычныя скачкі з самалёта на адной лыжы. Недасьведчаныя скайсэрфэры гінуць ад крывазьліцьця ў мозг.

Дасьведчаныя скачуць з самалёта на чылійскія Анды, робяць сэрыю трукаў і прызямляюцца на засьнежаныя вяршыні вулканаў, а адтуль зьяжджаюць на дошцы да падножжа. Вось гэта і ёсьць марай Дэна.

Ідэал Зьмітра, удзельніка экстрэмальнай гульні “Схватка” – Le Parkour – гарадзкая акрабатыка (мастацтва перамяшчэньня). Гэта трукі ў горадзе, на будынках і канструкцыях – мастох, храмах, эстакадах.

(Зьміцер:) “Гэта цікавей, чым глядзець Макса Мірнага ці футбол па тэлевізіі. Дадае адрэналіну, якога бракуе ў жыцьці. Даволі страшна было, калі я залез на чатырохпавярховік і ледзь не зваліўся адтуль”.

Вельмі выразная адметнасьць: беларускія экстрэмалы – людзі забясьпечаныя. Па-першае, нятанна каштуе абсталяваньне небясьпечнага хобі. Па-другое, патрэбны вольны час, а яго зазвычай маюць забясьпечаныя людзі: на іх працуе якая-небудзь справа... Нездарма колькасьць экстрэмалаў у Беларусі супадае з колькасьцю заможнікаў – па 2%.

Гаворыць Сьвятлана, жонка забясьпечанага экстрэмала.

(Сьвятлана:) “Так ужо склаліся абставіны, што я вымушаная назіраць вельмі шмат багатых людзей. Першыя тры гады яны працуюць па 18 гадзін на суткі. Далей у гэтым няма патрэбы. Калі справа ідзе правільна, вызваляецца шмат часу. Якія забавы ў іх? Раз мой у Кеніі заблудзіўся. Яму вельмі спадабалася на ільвоў паляваць. У рэшце яны вырашылі лятаць у Ангельшчыну, у закрытыя клюбу, плацяць ўнёсак 2 тысяч даляраў, каб пагуляць у гэтых клюбах у салдацікі”.

“Салдацікі” – закрытая гульня-вайна, кшталту страйкболу, з выкарыстаньнем самалётаў, верталётаў, іншай тэхнікі, імітаванай зброі.

Вольга – арганізатарка экстрэмальнай гульні “Схватка”:

(Вольга: ) “У нашых гульнях бяруць удзел бізнэсоўцы, мэнэджэры вышэйшага зьвяна”.

Экстрым-культура разьвіваецца хуткімі тэмпамі. Сусьветны рынак гандлю абсталяваньнем для экстрыму складае сотні мільёнаў даляраў на год. І калі на Захадзе экстрым-спортам можа заняцца (і займаецца) сярэдні паспаліты чалавек, то ў Беларусі толькі 1-2 % людзей можа дазволіць сабе экстрым.

Бальшыня беларусаў глядзіць на іх, як на блазнаў. Бо дажыць ад заробку да заробку, ня страціць працы і захаваць свой невялікі шэры прыбытак – ужо экстрэмальна зьява. Дык нашто шукаць прыгодаў сабе на галаву?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG