Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІМ ВОЙСКУ КАТУЮЦЬ САЛДАТАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Салдаты трапляюць у розныя аддзяленьні вайсковага шпіталю. Большасьць зь іх знаходзіцца ў аддзяленьні сківічна-тваравай хірургіі. Звычайна гэта салдаты першага году службы. Хірургам дакладна вядома, якім чынам можна атрымаць тую ці іншую траўму, але на іх пытаньні пра тое, што здарылася, звычайна салдаты ўказваюць розныя прычыны — упаў падчас заняткаў, альбо пасьлізнуўся ў сталоўцы, і амаль ніколі не прызнаюцца, што іх зьбілі таварышы па службе.

Сяргей Пратасеня — адзін з такіх пацярпелых. У яго зламаная сківіца і вялізны сіняк пад вокам. Ён неахвотна пагадзіўся распавесьці Радыё Свабода што стала сапраўднай прычынай ягонага знаходжаньня ў шпіталі.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, чаму вы тут апынуліся?”

(Пратасеня: ) “Так… Не падзялілі там нешта са стараслужачымі…”

(Карэспандэнтка: ) “У вас гэта ўпершыню? Вы адзін там такі ў частцы?”

(Пратасеня: ) “Не. Гэта тыя, хто мала праслужылі. Прызыўнікі”.

(Карэспандэнтка: ) “За што?”

(Пратасеня: ) “Ну, гэта звычайны распарадак — прыборка ложку, каб там усе рысачкі… Ну, а разьбіраюцца яны звычайна пасьля адбою ўначы. Альбо ў нарадзе прымушаюць мыць болей, ці на кухні бульбу чысьціць”.

(Карэспандэнтка: ) “Усім гэтак дастаецца, ці аднаму-двум чалавекам?”

(Пратасеня: ) “Кожнаму па-рознаму. Ну, звычайна рукі ў ход пускаць добра… Ну, бывае і нагамі яшчэ…”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы сказалі, што папросту ўпалі? Чаму вы не сказалі, што вас зьбілі?”

(Пратасеня: ) “Мне ж у гэтай частцы служыць і далей. Я ж ня ведаю, як там далей будзе… Таму і баісься. З гэтымі ж будзеш і спаць разам. Ну, будзеш знаходзіцца побач круглыя суткі — як будзе далей, невядома. А калі і паскардзісься, то ніхто ж ня хоча выносіць бруду на паверхню. Афіцэры хочуць, каб усё было ціха, і вышэйшыя над імі — таксама”.

(Карэспандэнтка: ) “Вам раней казалі пра тое, што могуць там і зьбіваць і ўсялякае бывае? Вы не баяліся ісьці служыць у армію?”

(Пратасеня: ) “Ну, рознае распавядалі. Я падазраваў, што б’юць, канечне, згодна з расповедамі тых, хто прыйшоў з арміі. Былі публікацыі ў газэтах, што ў Беларусі няма дзедаўшчыны, што тут усё добра, усё спакойна. А тут насамрэч…”

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць жаданьне служыць далей?”

(Пратасеня: ) “А куды мне падзецца, калі мяне ўжо прызвалі? Не ў дысбат жа ісьці. Будзе папросту скалечанае жыцьцё, і ўсё. Я неяк адмучаюся гэты тэрмін і забуду пра ўсё пра гэта”.

Маці загіблых салдатаў заклікаюць не аддаваць сваіх дзяцей служыць у беларускае войска. Яны спасылаюцца на тое, што толькі летась у беларускім войску 33 салдаты павесіліся, 62 былі забітыя. У гэтую сумную статыстыку не ўвайшлі зьвесткі з такіх войскаў як чыгуначныя, ваенна-паветраныя і Міністэрства ўнутраных справаў. Марыя Альфяровіч згубіла ў войску сына. Сваё жыцьцё яна прысьвяціла дапамозе іншым маці, у якіх дзяцей закатавалі ў арміі.

(Альфяровіч: ) “Колькі салдатаў загінула ў мірны час? З Баранавічаў да мяне зьвярнуліся тры маці й бацька. Зь іх дзяцей зьдзекаваліся, катавалі, а потым павесілі. У Маладэчна двух павесілі… У мяне шмат фактаў і пра згвалтаваньні, і зьбіцьці, і зьдзекі, і катаваньні, і пра забойствы. Але, уявіце сабе, афіцэр Вераценьнікаў з барысаўскага гарнізону закатаваў да паўсьмерці салдата. А суд прысудзіў яму 400 тысяч рублёў. Вось вам: ва Ўруччы трое салдатаў задушыліся газам. У Бабруйску білі, білі, а потым павесілі… Ды колькі яшчэ такіх выпадкаў?! Я заклікаю не пускаць сваіх сыноў у армію”.

Пакуль вайсковы шпіталь зьяўляецца месцам, дзе зьбітыя салдаты могуць крыху адпачыць, а часам і сустрэцца са сваякамі. Ня кожны зь іх нават кажа сваім бацькам пра зьдзекі, каб тыя не пайшлі да вайсковага кіраўніцтва. Салдаты ня вераць у справядлівае вырашэньне гэтай праблемы і разьлічваюць на свае сілы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG