Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШКОЛЬНІКАМ МЁРАЎ ЗАГАДАЛІ ПРЫНОСІЦЬ З ДОМУ БУЛЬБУ


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць

Найперш у кожнай з трох мёрскіх школаў загадана сабраць уласны “насенны фонд” — гэткую гучную назву прыдумалі ў раённым аддзеле адукацыі. Але ніхто не зьбіраецца выхоўваць у Мёрах юных мічурынцаў або сэлекцыянэраў! Бульбу будуць разводзіць зусім дзеля іншых мэтаў, пра якія распавядае тамтэйшы жыхар Валеры Каралёў, дачка якога таксама вучыцца ў адной зь мёрскіх школаў.

(Каралёў: ) “Многія бацькі ня ў стане даваць дзецям грошы на школьныя абеды. Таму будуць рабіць школьныя гароды, садзіць тую бульбу з “насеннага фонду”, і таму школьныя абеды стануць таньнейшыя хаця бы коштам тае бульбы. Паглядзеўшы, дык задумка неблагая… Але замест каб вырашаць пытаньне так, як трэба, — даць бацькам нармальныя заробкі, яго вырашаюць у нашай краіне падобна як у Паўночнай Карэі ды на Кубе!”

Спадар Каралёў кажа, што ў некаторых клясах настаўнікі нават пішуць цяпер у дзёньніках: “Увага! Тэрмінова прынесьці ў школу два кіляграмы бульбы і два кіляграмы макулятуры”.

Пакуль што таму, хто не прынясе бульбы, ніякіх карных мераў не абяцаюць. Але ж, паводле спадара Каралёва, настаўнікі, тым болей пераведзеныя апошнім часам на кантрактную працу, патрабуюць неадкладнага выкананьня загаду свайго кіраўніцтва. І бацькі, каб не псаваць адносінаў са школаю, усё ж тую бульбу нясуць — хто з крамы, хто з кірмашу , абы толькі яе здаць. Так што насенны фонд атрымліваецца адпаведны: адзін вучань нясе раньні гатунак, які проста пагніе ды не даляжыць да зімы, другі прынясе позьні, трэці — хворую бульбу здасьць, і будзе хворы ўвесь будучы ўраджай.

Шмат хто кажа, што прасьцей ды выгадней было бы сабраць якія грошы ды купіць добрае, якаснае насеньне — ня так ужо дорага яно й каштуе! Да прыкладу, на досьледнай базе “Тулава” пад Віцебскам кіляграм насеннае бульбы добрага гатунку каштуе 700–800 рублёў. Разам, можа, дзеці даведаліся бы і пра якія перадавыя тэхналёгіі ейнага вырошчваньня, навучыліся бы, як гэта рабіць правільна. Бо гадаваць бульбу таксама давядзецца ім, а не каму другому! Але ў аддзеле адукацыі, як кажа спадар Каралёў, зыходзяць зь іншых меркаваньняў:

(Каралёў: ) “Цяпер ужо няма ніякае розьніцы, якая яна будзе, тая бульба. Бо яе трэба хутчэй укінуць у зямлю, каб на наступны год было што пакласьці дзецям у місы, у тыя абеды! Што там будзе за бульба — ніхто не глядзіць. Бяруць у калгасе кавалак зямлі, і тыя самыя вучні разам з настаўнікамі будуць яе даглядаць. Галоўнае, што дзяржава не дае на гэты “насенны фонд” ні капейкі! Усё — коштам дзетак ды іхных бацькоў!”

Да слова, мёрскіх школьнікаў, якія цяпер садзяць бульбу, ніхто не вызваляў і ад іншых абавязкаў, якія распаўсюджаныя ці ня ў кожнай беларускай школе: дзеці мусяць здаваць грошы на рамонт школьнага будынку, зьбіраць тую самую макулятуру, адпрацаваць колькі дзён на ўборцы буракоў або лёну. А цяпер вось яны павінны наладзіць такую натуральную гаспадарку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG