Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 14 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

14 траўня 1995 году адбыўся ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндум, на якім расейская мова атрымала ў Беларусі статус дзяржаўнай, а замест гістарычнай сымболікі былі ўведзеныя амаль дакладныя падабенствы герба і сьцяга БССР. Апроч гэтага, прэзыдэнт атрымаў карт-блянш на эканамічную інтэграцыю з Расеяй і права спыняць паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету, якім неўзабаве і скарыстаўся. Фактычна ў краіне быў усталяваны аўтарытарны тып улады, які канчаткова замацуецца на наступным рэфэрэндуме – у 1996 годзе.

Між іншым, тады, у 1995-м, у ноч на 14 траўня над комінам Віцебскай ЦЭЦ на недасягальнай вышыні зьявіліся два бела-чырвона-белыя сьцягі. Такім чынам пачаў сваю дзейнасьць легендарны Мірон.

14 траўня 2002 году пад Менскам патрапіў у аварыю Ўладзімер Мулявін. Заснавальнік і нязьменны кіраўнік “Песьняроў” на 25-м кілямэтры трасы Заслаўе-Калодзішчы згубіў кіраваньне машынай, вылецеў на ўзбочыну, некалькі разоў перавярнуўся і ўрэзаўся ў дрэва. Амаль год Мулявін змагаўся за жыцьцё, але, на жаль, беспасьпяхова.

Цяпер – пра каляндарныя асаблівасьці заўтрашняе суботы.

15 траўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца сьвятыя Барыс і Глеб. “Барыс і Глеб сеюць хлеб”. У гэты дзень нашыя продкі ішлі хросным ходам да крыніцаў, што не замярзаюць узімку. Вада ў такіх крыніцах лічылася гаючаю на хваробы вачэй.

Афіцыйна 15 траўня ў Беларусі – Дзень сям’і.

15 траўня 1905 году дэбютаваў у друку Янка Купала. Гэта адбылося ў газэце “Северо-Западный край”, верш называўся “Мужык”.

А вось некалькі імёнаў славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 15 траўня. Гэта беларускі геоляг Іван Чэрскі, які за ўдзел у паўстаньні Каліноўскага быў сасланы ў Сыбір і стаў выдатным дасьледнікам Забайкальля. Гэта францускі фізык П’ер Кюры, які разам з жонкай, Марыяй Складоўскай-Кюры вынайшаў радый, і беларускі драматург Уладзіслаў Галубок, і шматгадовы дырыжор аркестру Беларускай вайсковай акругі Барыс Пянчук, і расейскі палітык, наш зямляк Аркадзь Вольскі, прэзыдэнт расейскага Саюзу прамыслоўцаў.

15 траўня 1971 году ў Лёндане адчынілася беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны – унікальны збор літаратуры зь Беларусі і пра Беларусь, роўнага якому няма на Бацькаўшчыне. Кіруе лёнданскай бібліятэкай айцец Аляксандар Надсан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG