Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЯК У ЯПОНІІ СЬВЯТА САКУРЫ, Я Б У БЕЛАРУСІ ЗРАБІЛА СЬВЯТА ЦЬВІЦЕНЬНЯ САДОЎ”


Марыя Ўсьціновіч, Чавускі раён – Круглянскі раён

У Беларусі цьвітуць сады. На яблынях мала зялёнага лісьця, затое вялікія белыя капелюшы з кветак. Час цьвіценьня садоў не пакідае людзей абыякавымі, абуджае ў іх лепшыя пачуцьці.

(Спадарыня: ) “Канечне, адчуваеш сябе юнай, хочацца закахацца. Цягне на прыроду”.

(Спадар: ) “Асабіста для мяне прыемна адпачнуць у гэтым садзе. Пах прыемны, калі пчолы лётаюць”.

(Спадарыня: ) “Такі вось спакой. Падымаецца настрой. Гэта задавальненьня ад жыцьця, самае лепшае”.

* * *

У вёсцы Прыгані Круглянскага раёну – прыгожыя сады. Адзін з самых лепшых – у спадара Алега, які атрымаў сад у спадчыну ад бацькі, а цяпер сам у ім актыўна гаспадарнічае і саджае новыя дрэвы.

(Алег: ) “Адных яблынь 35 дрэваў, плюс ігрушаў некалькі штук, сьліваў шмат розных. Вішняў насадзіў шмат. У мяне многа сваякоў, дзеці, разыходзіцца туды-сюды”.

Лішкі садавіны спадар Алег прадае кансэрваваму заводу, альбо вырабляе сок і свойскае віно. Сёлета ён чакае на багаты ўраджай.

(Алег: ) “Сёлета ў мяне павінна быць шмат. Летась увогуле амаль не было. Праз год, так павінна быць. Павінна, калі мароз не паўплывае”.

Чаму на цьвіценьне садоў абавязкова прыпадае халоднае надвор’е – ад нябеснай канцылярыі зьвестак не паступае.

(Алег: ) “Што самае цікавае, сад цьвіце не ў адзін і той жа час, а ўсё роўна, мароз нібыта знаходзіць сад, калі ён цьвіце. Відаць, калі б не падмарожвала, то было б столькі ўраджаю, што не вытрымалі б гэтыя яблыні”.

У некаторых прыганёўскіх садах ужо няма каму зьбіраць ураджай, акрамя як тутэйшым хлапчукам. Жыхароў у вёсках становіцца зь цягам часу штораз меней, і ў Прыганях ёсьць нежылыя хаты і закінутыя сады са старымі, цёмнымі дрэвамі.

(Алег: ) “І такія закінутыя сады – усюды, у кожнай вёсцы. Гэта дрэвы, якія не прыносяць ніякай карысьці”.

Спадар Алег шкадуе, што і калектыўныя гаспадаркі зараз амаль што не займаюцца садоўніцтвам.

(Спадар: ) “Калі сады даглядалі ў калгасах і саўгасах, магчыма, яны б давалі нейкі прыбытак. А толку, што нашыя сады цьвітуць, яны проста гінуць. Ніхто не глядзіць, запусьцілі сады ў калгасах”.

* * *

Сёлета большасьць садоў у сельскай гаспадарцы “Хацкавічы”, што ў Чавускім раёне, цьвітуць апошнім разам. Калісьці тут быў калгас “Магілёўсад”, вядомы за савецкімі часамі грандыёзнымі плянамі забясьпечыць паўкраіны смачнымі яблыкамі. А для новай гаспадаркі сад – гэта цяжар. Гаворыць кіраўнік “Хацкавічаў” Сяргей Савешка.

(Савешка: ) “Цяпер сад не дае ніякай аддачы. Бо для апрацоўкі сада патрэбныя вялікія грошы. А ў нас гаспадарка слабая і не хапае сродкаў”.

З прычыны цяжкага фінансавага становішча ў Хацкавічах вырашылі раскарчаваць большую часьць садоў і пакінуць невялікі сад.

(Савешка: ) “Можа, потым мы зможам іх апрацаваць якасна і вырабляць нейкую прадукцыю”.

Рынкі ў большасьці прапануюць пакупнікам не беларускія, а польскія і малдаўскія яблыкі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод Беларусь завозіць з з-за мяжы да 60 тысячаў тонаў пладоў і ягадаў, і каштуе гэта 16 мільёнаў даляраў.

У нас вырошчваецца ўсяго 30 кіляграмаў яблыкаў на душу насельніцтва, калі мінімальная мэдычная норма – 80 кіляграмаў.

Між тым, спэцыялісты сьцьвярджаюць, што беларускія глебы ды клімат дазваляюць мець дастаткова сваёй садавіны. У Беларусі цяпер 100 тысячаў гектараў садоў, аднак яны старыя, як у Хацкавічах, і для таго, каб выканаць дзяржаўную мэтавую праграму разьвіцьця пладоўніцтва, якая зараз рыхтуецца, трэба будзе штогод закладаць тысячу гектараў новых садоў, высокапрадукцыйных.

Гэтай справай пачынаюць займацца прыватныя фірмы. У Магілёўскім раёне сумеснае прадпрыемства “Арніка” пры садзейнічаньні галяндзкага інвэстара і францускага спэцыяліста заклала сад на 300 гектараў. На “яблыневую мару” замежныя кампаньёны выдаткавалі 2 мільёны даляраў і пралічылі, што абавязкова атрымаюць прыбытак у будучыні.

Хаця і ў Хацкавічах мяркуюць, што ад ста гектараў садоў, якія застануцца пасьля сёлетняй восені, будзе карысьць. На гэта спадзяецца галоўны аграном гаспадаркі Тамара Крупеніна.

(Крупеніна: ) “Застануцца лепшыя сады, мы будзем зь імі працаваць. Будзем імкнуцца, бо сад – гэта жывыя грошы”.

* * *

Насамрэч Тамара Крупеніна, якая ставіцца да саду як да жывога арганізму, ня ведае, як яна перажыве будучую раскарчоўку. Жанчыне шкада дрэваў.

(Крупеніна: ) “Мы ідзем абразаць, я падыходжу да дрэва, кажу: “Прывітаньне, дрэва. Я прыйшла цябе палячыць, упрыгожыць”. Насамрэч, гэта сур’ёзна. Я заходжу ў сад, і ў мяне прыўзьнятае пачуцьцё, настрой падымаецца”.

Спадарыня Тамара гаворыць, што сёлета на Магілёўшчыне вясна халодная, таму і яблыневыя сады цьвітуць крыху пазьней, чым звычайна.

(Крупеніна: ) “Пачынаюць цьвісьці раньнія гатункі, потым сярэднія і позьнія – вось так хвалямі. І недзе тыдзень, дзён дзесяць у нас прыгажосьць”.

Каб бачыць гэты цуд, трэба шмат працаваць. Тамара Крупеніна доўга пералічвала абавязковы мінімум працы ў садзе. Трэба ўнесьці ўгнаеньні, абрэзаць дрэвы, сфармаваць кроны, абараніць ад шкоднікаў. Ад гэтага залежыць ураджай.

(Крупеніна: ) “І ад Госпада Бога. Ня будзе замаразкаў – будзе ўраджай”.

* * *

У двары дэпутаткі Круглянскага райсавету Зінаіды Мялешчанкі цьвітуць пладовыя дрэвы, і каб у дэпутацкіх і сялянскіх клопатах не прапусьціць прыгажосьць, сям’я перанесла пад яблыню мэблю і там праводзіць вольны ад працы час.

(Мялешчанка: ) “Як у Японіі сьвята цьвіценьня вішні сакуры, я б таксама ў Беларусі зрабіла тое ж сьвята – цьвіценьня садоў. Таму што гэта самы прыгожы час году. Калі нават мы – людзі, якія ўжо пражылі жыцьцё, адчуваем сябе маладымі”.

Сваё захапленьне садамі Мялешчанка атрымала ў спадчыну ад дзеда, які быў добрым садаводам і пакінуў нашчадкам паўсотні пладовых дрэваў.

(Мялешчанка: ) “Ён сам з палкай хадзіў, калі сусед пачаў сьмяяцца: «Навошта ты, Міхалка, садзіш сад, усё адно ты яго не пабачыш, яблыка ня зьеш». А ён адказаў: “Унукі зьядуць!” І пайшоў, грукнуў дзьвярыма”.

Спадарыня Зінаіда гаворыць, што маладыя людзі, у адрозьненьні ад старэйшага пакаленьня, мала садзяць садоў.

(Мялешчанка: ) “Людзі захапляюцца цяпер болей агародніцтвам, бо з агароду людзі жывуць. А сад, як гаворыцца, гэта нейкі «далікатэс» ужо”.

Аднак сад, які цьвіце, ёсьць сымбалем адраджэньня. Знакам таго, што жыцьцё працягваецца.

(Мялешчанка: ) “Веснавая майская пара – самая цяжкая для селяніна. Калі запасы ўжо скончыліся, калі яшчэ нічога няма, аднак ты ўжо глядзіш у сад і зь яго цьвіценьня мяркуеш, што і ты застанесься з ураджаем”.

* * *

Час цьвіценьня садоў – зусім кароткі. Відаць, каб людзі захавалі свае ўражаньні і лепшыя пачуцьці да наступнай вясны, завяршаецца сэзон цьвіценьня садоў найбольш эфэктна.

(Спадарыня: ) “Сьнег, паўторны сьнег вясной. Дождж пялёстак. Дужа прыемна глядзець”.
XS
SM
MD
LG