Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС АБВЯРГАЕ, ШТО ЭЎРАКАМІСІЯ ВЫКЛЮЧЫЛА БЕЛАРУСЬ З ПРАГРАМЫ “НОВАЕ СУСЕДЗТВА”


Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла агенцтва “Reuters”, Эўрапейская камісія зазначае, што пакуль немагчыма прапанаваць Беларусі поўныя перавагі, зьвязаныя з прэзэнтаванай у Брусэлі “Палітыкай эўрапейскага суседзтва”. А камісар у справах пашырэньня Эўразьвязу і палітыкі эўрапейскага суседзтва Гюнтэр Фэрхойгэн заявіў, што сытуацыя ў Беларусі вельмі змрочная і таму немагчыма абмеркаваць зь Беларусьсю нейкі плян дзеяньняў.

Аднак прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных, спасылаючыся на прэсавы рэліз Эўрапейскай камісіі, заявіў, што яна лічыць неабходным для Эўразьвязу “пацьвердзіць пэрспэктывы шчыльнейшага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, улучна з такімі сфэрамі, як рэгіянальнае і гуманітарнае супрацоўніцтва, праграмы суседзтва, аблягчэньне рэжыму паездак грамадзянаў, якія пражываюць у памежных з Эўразьвязам рэгіёнах”.

(Савіных: ) “У прынцыпе, у гэтым жа дакумэнце адзначаецца, што на Беларусь ужо цяпер распаўсюджваецца дзеяньне трох праграмаў суседзтва Эўразьвязу – гэта праграма Балтыйскага мора, праграма Літва – Латвія – Беларусь і праграма Польшча – Ўкраіна – Беларусь”.

Спадар Савіных дадаў, што пры распрацоўцы пэўных мэханізмаў на Беларусь будуць распаўсюджвацца таксама іншыя формы ўзаемадзеяньня. Ён таксама працытаваў спасылку на рашэньне Рады Эўразьвязу ад 15 верасьня 1997 году, дзе сказана пра неабходнасьць працы зь Беларусьсю ў такіх галінах, як дэмакратызацыя, пераадоленьне наступстваў чарнобыльскай катастрофы, аказаньне гуманітарнай дапамогі ды разьвіцьцё рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Прэсавы сакратар МЗС пракамэнтаваў гэта так:

(Савіных: ) “Так, мы адзначаем пэўны палітычны кампанэнт у пазыцыі Эўрапейскай камісіі, і якраз такі гэты кампанэнт стане прадметам нашых кантактаў і перамоваў у Брусэлі найбліжэйшым часам”.

Тым часам амбасада Францыі ў Беларусі, якая рэпрэзэнтуе ў Менску ірляндзкае старшынёўства Эўразьвязу, пакуль адмаўляецца ад камэнтароў, абяцаючы растлумачыць сытуацыю пазьней.

Гл. таксама
• ЭЎРАКАМІСІЯ ВЫКЛЮЧЫЛА БЕЛАРУСЬ З ПРАГРАМЫ “НОВАЕ СУСЕДЗТВА”
XS
SM
MD
LG