Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“РАСЕЙСКАМОЎНАЕ ЛОБІ” Ў БЕЛАРУСКІХ ШКОЛАХ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Зьвярну ўвагу чытачоў на два матэрыялы з апошняга нумару “Нівы”.

Першы мае загаловак “Расейскае моўнае лобі” і ёсьць палемікай з адным з польскіх публіцыстаў, які нядаўна выказаў думку, што цяперашні кіраўнік Беларусі неўзабаве зьменіць сваю палітыку што да беларускай мовы, бо, як лічыць польскі журналіст “гэта немагчыма, каб з 240 менскіх школаў, толькі ў 10 заняткі вяліся па-беларуску”.

У адказ намесьнік рэдактара “Нівы” Віталь Луба піша: “А мне здаецца, што менавіта пры цяперашнім прэзыдэнце беларусізацыя немагчымая, бо гэта ў пачатку ягонага прэзыдэнцтва расейскай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, што ўзмацніла яе дамінуючую пазыцыю ды прывяло да спыненьня выкананьня пастановы Вярхоўнага Савету аб паступовым пераходзе адміністрацыі і справаводзтва на мову тытульнай нацыі. Дзеля гэтага патрэбная палітычная воля кіруючай эліты, а яна ў Беларусі цалкам русыфікаваная”.

Шмат нумароў запар “Ніва” знаёміла сваіх чытачоў з дасягненьнямі беларускіх спартоўцаў на алімпіядах цягам апошніх 50 гадоў. Цяпер тыднёвік прапаноўвае кароткі экскурс у больш далёкую гісторыю. Аказваецца, першай асобай зь Беларусі, якая мела дачыненьне да алімпійскіх гульняў, быў Зыгмунт Мінейка, які нарадзіўся на Ашмяншчыне ў 1840 годзе і браў удзел у паўстаньні Каліноўскага. За гэта Мінейка атрымаў ад расейскіх уладаў 12 гадоў катаргі.

Паўстанец аднак змог нейкім неверагодным чынам уцячы з Сыбіры, праехаць праз усё Расею, потым перабрацца на Захад і пасяліўся ў Грэцыі. Там ён працаваў інжынэрам, вёў археалягічныя раскопкі. А калі пачалася падрыхтоўка да першай сучаснай алімпіяды ў Афінах у 1896 годзе, Зыгмунт Мінейка стаў адным з арганізатараў гульняў, быў кіраўніком аддзелу гарадзкіх работ, а потым шмат пісаў пра алімпіяду для розных газэтаў.

“Так што Зыгмунта Мінейку можна назваць першым беларускім спартовым журналістам”, – адзначае “Ніва”. Грэцкі парлямэнт у 1910 годзе надаў спадару Мінейку тытул пачэснага грамадзяніна Грэцыі. “Ніва” дадае таксама, што ўнукам Зыгмунта Мінейкі быў Андрэас Папандрэу – шматгадовы прэм’ер-міністар Грэцыі.
XS
SM
MD
LG