Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 13 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

13 траўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся сьвяты Якуб. На Якуба, казалі, грэе люба. Гэта значыць, прыйшло сапраўднае летняе цяпло. У гэты дзень нараджаліся звычайна людзі з вайсковай выпраўкай і збройнымі подзьвігамі. Напрыклад, герой “Лядовага пабоішча” князь Аляксандар Неўскі прыйшоў на сьвет у 1221 годзе. У Беларусі ягонае імя шырака загучала ў другой палове 19 ст., калі расейскія ўлады пасьля задушэньня паўстаньня Каліноўскага ўводзілі праваслаўе і пад кіраўніцтвам графа Мураўёва будавалі цэрквы, так званыя мураўёўкі. Дык вось, многія гэтыя цэрквы насілі імя Аляксандра Неўскага. Адна такая і цяпер стаіць пасярод Менску, на Вайсковых могілках.

Вайскоўцам быў і народжаны 13 траўня 1840 году Цітус Далеўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. Нікім іншым гэты паўстанец пабыць не пасьпеў, бо толькі скончыў унівэрсытэт і быў расстраляны ў Вільні, калі меў усяго 23 гады.

У Івана Ермачэнкі ўсё жыцьцё было прысьвечана палітыцы і вайсковай справе. Ён нарадзіўся ў Капачоўцы пад Барысавам у 1894 годзе. У часе мінулай вайны ўзначальваў Беларускую народную самапомач і быў дарадцам генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Рэшту жыцьця калябарант Ермачэнка правёў у эміграцыі ў ЗША.

Дзьве невайсковыя даты. 13 траўня 1905 году нарадзілася легенда беларускага тэатру артыстка Стэфанія Станюта. У гэты ж дзень у 1933-м прыйшоў на сьвет мастак Аляксандар Кішчанка, аўтар слыннага “Габэлену стагодзьдзя”, на якім выяўленыя самыя значныя постаці сьвету і Беларусі. Кажуць, пасьпеў мастак уставіць туды і Аляксандра Лукашэнку. А ня стала Кішчанкі ў 1997-м.

Два знакамітыя замахі адбыліся 13 траўня. У 1956-м скончыў жыцьцё самагубствам кіраўнік савецкіх пісьменьнікаў Аляксандар Фадзееў. Тлумачэньні гэтага ўчынку дагэтуль розныя. Адныя кажуць, што Фадзееў ня здолеў перажыць той праўды, што прагучала на антысталінскім 22-м зьезьдзе КПСС. Другія – што пакутаваў на хранічны алькагалізм і акурат 13 траўня хвароба абвастрылася.

13 траўня 1981 году на пляцы сьвятога Пятра ў Рыме турэцкі тэрарыст Мэхмэд Алі Агджа некалькі разоў стрэліў у папу рымскага Яна Паўла ІІ. Папа здолеў вылекавацца ад ранаў, але з таго часу ва ўсіх сваіх паездках карыстаецца браняваным “папамабілем” адмысловай канструкцыі.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 13 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня чэскага філёляга і аўтара ідэі славянскага адзінства Паўла Шафарыка, францускага пісьменьніка Альфонса Дадэ і амэрыканскага сьпевака і кампазытара Стыві Ўондэра.
XS
SM
MD
LG