Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: ЯК ВЫЖЫВАЮЦЬ У КРАІНЕ ЛУКАШЭНКІ?


Ул. інф.

Увечары ў гэтым невялікім менскім рэстаранчыку ўсяго некалькі наведнікаў. Афіцыянты ўжо зьмянілі працоўнае адзеньне на звычайныя джынсы і швэдры і стаяць ля барнай стойкі. Бармэн Юры выдае кожнаму 5 тысяч рублёў (прыкладна 3 швэйцарскія франкі) і адпускае дадому. Потым ён падлічвае дзённы прыбытак.

Гэта звычайны дзень, які прынес 250 франкаў, альбо 400 тысяч беларускіх рублёў. З гэтай сумы Юры кладзе у кішэню 30 тысяч. Астатнія грошы ідуць у касу. Мукаў сумленьня ў Юрыя няма. Палова гэтых кішэнных у любым выпадку — ягоная. Напярэдадні ён купіў для бару дзьве бутэлькі гарэлкі. Астатнія грошы — звычайны бонус, заахвочваньне, якое ён заслужыў. Калі разьлічваць на афіцыйны заробак — 100 франкаў на месяц, то Юры мог бы забясьпечыць сям’ю хіба што толькі сьціплым харчаваньнем.

У 25-гадовага мужчыны двое малых дзяцей і жонка, якая знаходзіцца ў трохгадовым адпачынку. Разам з бацькамі жонкі Юры арандуе трохпакаёвую кватэру і аплачвае дзьве траціны коштаў камунальных паслугаў. Дзякуючы некаторым дадатковым грошам Юры мае машыну — патрыманы “Гольф”, мае мабільнік, можа дазволіць сабе два-тры разы на месяц наведаць бар, сьвяткаваць народзіны дзяцей у “Макдональдзе”. Юры мае грошы толькі на неабходнае, і ён задаволены сваім жыцьцём. Ва ўсялякім разе, ён мае болей за ягоных настаўнікаў, якія ставілі яму дрэнныя адзнакі ў школе і прадказвалі жахлівую будучыню. Як кажуць у народзе, Юры знайшоў сабе цёплае месца.

Суседзі Юрыя Таня і Саша маюць двухпакаёвую кватэру, і разам са сваім сынам яны жывуць у ёй асобна, без бацькоў. Сашава сям’я мела, як кажуць, лепшую стартавую пляцоўку — абодва добра вучыліся, дзякуючы Сашавым бацькам маладая сям’я пасьля вясельля атрымала ўласнае жыльлё. Адрозна ад сям’і бармэна, сям’я інжынэра жыве выключна на заработную плату. Яе абодва атрымліваюць рэгулярна. Малы сын ад панядзелка да пятніцы ў дзіцячым садку, плата — 6 франкаў на месяц. Дзіця добра дагледжанае выхавацелькамі й мэдычным пэрсаналам, тры разы ў дзень харчуецца. Пры садку ёсьць свой плавальны басэйн. “Дзяржава робіць усё, што можа”, — лічыць Саша. Да плюсаў належаць і параўнальна танныя кошты асноўных харчоў. Лядоўня ў гэтае сям’і поўная.

Паводле Сашы, будучыня ў Беларусі нялёгкая і залежыць ад прэзыдэнта Лукашэнкі. “Расея спрабуе зрабіць Беларусь цалкам залежнай ад газавых паставак, а амэрыканцы хочуць, каб Лукашэнка быў адхілены ад улады, і толькі пасьля гэтага гатовы супрацоўнічаць зь Беларусьсю. Пры ўсім гэтым Лукашэнка ня больш і ня менш дэмакратычны, чым іншыя дзяржаўныя кіраўнікі. У любым выпадку, зусім не амэрыканцам трэба гаварыць пра правы чалавека”, — лічыць Саша. На ягоную думку, адрозна ад суседніх Украіны і Расеі, у Беларусі няма беспрацоўя і карупцыі. Амаль няма. Саша ўсё ж перакананы, што многія дарагія маркі аўтамабіляў, якіх становіцца ўсё больш на менскіх вуліцах, набытыя за брудныя грошы.

Што да саміх прадпрымальнікаў — тых, хто прадстаўляе ў Беларусі малы бізнэс і зь якімі гутарыў аўтар артыкулу, то яны лічаць сябе прыёмнымі сынамі беларускай эканамічнай палітыкі. Нелегальныя гешэфты ў грамадзтве квітнеюць, бо легальныя цяжкія й рызыкоўныя.

Дзяржава змагаецца з крымінальным і супрацьзаконным узбагачэньнем, а ў выніку атрымліваецца супрацьлеглы эфэкт. Многія таленавітыя людзі вымушаныя абыходзіць законы. Крэда прадпрымальнікаў — многім добра, аднак магло бы быць і лепш, калі б урад даў свабоду, магчымасьць легальна зарабляць грошы і рабіць свой унёсак у агульную справу, — піша швэйцарская “Neue Zuercher Zeitung”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG