Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВЫЗВАЛЯЦЬ З-ПАД ВАРТЫ МІХАІЛА МАРЫНІЧА?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакаты і прадстаўнікі грамадзкасьці працягваюць дамагацца вызваленьня Міхаіла Марыніча, які па-ранейшаму ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары КГБ. Паводле закону, вызваленьню могуць дапамагчы паручыцельствы асобаў, якія маюць давер у грамадзтве. 12 траўня такія паручыцельствы былі накіраваныя ў пракуратуру Беларусі. У прыватнасьці, за Міхаіла Марыніча паручыліся былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валер Фадзееў і кіраўнік рэспубліканскага аб’яднаньня “Альтэрнатыва 21” Сяргей Балыкін. Валер Фадзееў патлумачыў Радыё Свабода сваю пазыцыю:

(Фралоў: ) “Ведаю яго даўно, паколькі я працаваў у апараце ўраду, а ён быў міністрам. Ведаю як сумленнага чалавека, таму за яго і паручаюся. Мне здаецца, гэты чалавек — патрыёт краіны, ён заслугоўвае даверу”.

Адвакатка Вера Страмкоўская сёньня ж накіравала скаргу ў пракуратуру Беларусі на дзеяньні сьледчых, якія вядуць справу Міхаіла Марыніча. Абаронца спрабуе аспрэчыць адмову сьледчых да суду вызваліць былога міністра пад падпіску аб нявыезьдзе. Вера Страмкоўская перакананая, што закон дазваляе гэта зрабіць:

(Страмкоўская: ) “Гэтае злачынства не зьяўляецца цяжкім. Па-другое, ён вельмі вядомая ў краіне асоба. Да таго ж, стан здароўя — у яго ёсьць праблемы з ныркамі, з сэрцам. Усё гэта трэба было ўлічваць пры абраньні меры стрыманьня, але не было ўлічана”.

Адвакат Вера Страмкоўская таксама сказала, што, паводле яе ўражаньняў ад сустрэчаў зь Міхаілам Марынічам у сьледчым ізалятары КГБ, ён не губляе аптымізму і веры, што будзе вызвалены. Міхаіл Марыніч перадае словы ўдзячнасьці ўсім, хто выказаў яму падтрымку. У няволі былы міністар атрымлівае лісты ад розных людзей. У прыватнасьці, нядаўна яму даслаў ліст кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску спадар Гайкен. Нямецкі дыплямат згадвае, што Міхаіл Марыніч папярэджваў яго пра магчымыя захады супраць сябе з боку ўлады.

Міхаіл Марыніч быў узяты пад варту 26 красавіка паводле падазрэньняў у захаваньні зброі, захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў і падробцы даляраў, але з гэтых абвінавачаньняў Міхаілу Марынічу было вылучанае толькі першае. Справу былога міністра, які ў 2001 годзе спрабаваў вылучыцца на прэзыдэнта, па-ранейшаму вядзе КГБ Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG