Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАКАМІСІЯ ВЫКЛЮЧЫЛА БЕЛАРУСЬ З ПРАГРАМЫ “НОВАЕ СУСЕДЗТВА”


Вольга Караткевіч і Багдан Андрусышын, Прага

Дакумэнт павінен быць фармальна ўхвалены на саміце Эўразьвязу ў ліпені. Адзначаецца, што Эўразьвяз будзе шчыльна супрацоўнічаць з Украінай, Малдовай, зь іншымі краінамі, рэкамэндавана будаваць бліжэйшыя дачыненьні з краінамі Паўднёвага Каўказу – Грузіяй Армэніяй, Азэрбайджанам, але ў дакумэнце адзначана, што няма спадзяваньня на больш блізкія кантакты зь Беларусьсю пры цяперашняй уладзе.

Вось што сказаў камісар у справах пашырэньня Эўразьвязу і палітыкі эўрапейскага суседзтва Гюнтэр Фэрхойгэн.

(Фэрхойгэн: ) “Мне шкада гаварыць што сытуацыя ў Беларусі вельмі змрочная. Да гэтага часу мы не супрацоўнічаем з урадам гэтай краіны, мы ня маем так званых кантрактных дачыненьняў альбо дыялёгу. Я лічу, што ў цяперашняй сытуацыі немагчыма абмеркаваць зь Беларусьсю нейкі плян дзеяньняў. Так што мы пакуль на пачатковым этапе, мы павінны абмеркаваць спосабы падтрымкі ініцыятываў, якія б давялі да палітычных рэформаў і палітычных зьменаў у Беларусі”.

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Агто Лаб’якас больш канкрэтна гаворыць пра плян, прадстаўлены Эўракамісіяй.

(Карэспандэнт: ) “Што за дакумэнт быў прыняты і як ён датычыць Беларусі? Якія дакладныя фармулёўкі, і як было прынятае гэтае рашэньне?”

(Лаб’якас: ) “Трэба быць карэктным – фармальна кажучы, сёньня не было прынятае рашэньне. Эўракамісія проста прыняла дакумэнт з апісаньнем стратэгіі што да палітыкі "Новага суседзтва", які цяпер павінен быць ухвалены 25 краінамі – сябрамі Эўразьвязу. Але ясна, што хутчэй за ўсё краіны-сябры ЭЗ прымуць гэты дакумэнт. Гэта наступны крок.

Дакумэнт тлумачыць стратэгію што да палітыкі “Новага суседзтва” і таксама досыць ясна дае зразумець, што шэраг краінаў, зь якімі Эўразьвяз ужо мае працоўныя дамоўленасьці, у тым ліку Малдова і Ўкраіна, атрымаюць так званы плян дзеяньня да павышэньня інтэнсіўнасьці стасункаў паміж гэтымі краінамі й Эўрапейскім Зьвязам.

Беларусь магла б быць выдатным кандыдатам, каб таксама атрымаць такі плян дзеяньня (гэта было вельмі ясна), калі б не аўтарытарны ўрад, дзякуючы якому Эўракамісія дыскваліфікуе Беларусь зь ліку краінаў, зь якімі Эўразьвяз хацеў бы падпісваць нейкія дамовы.

Пакуль у Менску не адбудуцца пэўныя зьмены, ня будзе і ніякага падключэньня Беларусі да палітыкі “Новага суседзтва”.

(Карэспандэнт: ) “Ці спрабаваў афіцыйны Менск паўплываць на гэтае рашэньне?”

(Лаб’якас: ) “Гэта вельмі цяжка сказаць, бо паміж Брусэлем і Менскам няма фармальных кантактаў. І калі беларускія ўрадоўцы спрабавалі ўчыніць уплыў на нешта, то гэта, напэўна, адбывалася на досыць нефармальным узроўні. Але дакладна вядома, што ўрад Польшчы, якая мяжуе зь Беларусьсю, трохі незадаволены гэтым бескампрамісным падыходам, што прыняла Эўракамісія ў дачыненьні да Беларусі. Польшча выказала нязгоду, але гэта ня быў фармальны пратэст. Старшыня місіі Фэрхойген сказаў, што ён быў у кантакце з польскім урадам. І ён сказаў, што польскі ўрад цалкам і поўнасьцю падзяляе апінію Эўракамісіі, сутнасьць якой – пакуль ня будзе зьменаў у Менску, ня будзе і фармальных перамоваў з ЭЗ”.

(Карэспандэнт: ) “Што гэта азначае ў пляне фінансавай, гуманітарнай дапамогі, супольных праграмаў?”

(Лаб’якас: ) “Наколькі я магу бачыць, адзіная форма дапамогі, якая прыходзіць з Эўразьвязу ў Беларусь – гэта не каардынаваная гуманітарная дапамога, якая дасягае Беларусь у паасобных выпадках. І калі параўнаць гэта з іншымі суседзямі Беларусі, то Беларусь атрымлівае зусім мала – некалькі мільёнаў эўра. І гэта ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “Як гэта паўплывае на звычайных грамадзян Беларусі, якія прыяжджаюць у Эўразьвяз як турысты, студэнты ці на працу?”

(Лаб’якас: ) “Я павінен сказаць гэта ясна. Гэтыя пляны дзеяньня і палітыка “Новага суседзтва” і пэрспэктывы што да больш цесных стасункаў гэтых краінаў з Эўразьвязам, базуюцца на больш шырокім эканамічным кантэксьце. А тое, што абяцае Эўразьвяз сваім новым суседзям, сваім новым партнэрам, у далёкай будучыні, раней ці пазьней, прывядзе да амаль поўнай эканамічнай інтэграцыі. У Эўрапейскім Зьвязе таксама ёсьць пэўныя патрабаваньні, і сярод гэтых базавых правоў ёсьць таксама і свабода перасоўваньня. Аднак, калі эканамічныя пытаньні вырашаюцца ў рамках Эўракамісіі, то пытаньні што да свабоды перасоўваньня, візавых рэжымаў, дазволаў на побыт застаюцца прэрагатывай дзяржаваў сябраў ЭЗ.

Палітыка “Новага суседзтва” не акажа ўплыву на свабоду перасоўваньня, будзь то ўкраінец, расеец ці беларус. Але ясна, што краіны-сябры Эўразьвязу наўрад ці будуць зьмякчаць візавы рэжым для беларусаў, ведаючы, што гэта краіна разглядаецца на самым версе Эўрапейскага кіраўніцтва як аўтарытарная краіна, дзе парушаюцца правы чалавека”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будуць уцекачы зь Беларусі атрымліваць пэўныя перавагі, дзякуючы гэтаму выключэньню Беларусі з праграмы “Новага суседзтва”?

(Лаб’якас: ) “Ізноў жа такія пытаньні вырашаюцца на ўзроўні ўрадаў краінаў-сябраў. Але з гледзішча таго, што Эўракамісія пасьлядоўна разглядае Беларусь як аўтарытарную дзяржаву, то было б лягічна аблегчыць працэдуру атрыманьня статусу ўцекача для людзей, што ўцяклі зь Беларусі. Але гэта будзе вырашацца на ўзроўні ўрадаў дзяржаваў Эўразьвязу”.

(Карэспандэнт: ) “Калі гэты статус можа быць зьменены?”

(Лаб’якас: ) “Напэўна, ёсьць два шляхі. Першы – гэта зьмена ўлады ў Менску. І зьмена ўлады такая, якую аднагалосна ўхваліць увесь Эўразьвяз. Другі шлях – цяперашні ўрад Беларусі радыкальна зьменіць сваю палітыку. Я ўпэўнены, што Эўразьвяз зь вялікай радасьцю адкажа на гэта, і тады, прынамсі, у пэўнай ступені, дачыненьні зь Беларусяй пачнуць разьвівацца. Але для гэтага цяперашні ўрад павінен цалкам зьмяніць свае пазыцыі”.
XS
SM
MD
LG