Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТУДЭНТЫ ЗАЧЫНЕНЫХ ВНУ ЗЛАДЗІЛІ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ


Галіна Абакунчык, Менск

Беларускі камэрцыйны інстытут і тэхнікум кіраваньня, а таксама яшчэ тры недзяржаўныя навучальныя ўстановы перапынілі навучальны працэс у зьвязку з тым, што Міністэрства адукацыі адмовіла ім у ліцэнзіі. Кіраўнікі міністэрства ня выйшлі да студэнтаў, каб патлумачыць прычыну гэтай адмовы.

Больш за дзьвесьце студэнтаў, а таксама іхныя бацькі й выкладчыкі да сьценаў міністэрства прыйшлі зранку, каб іхны пратэст змаглі пабачыць усе чыноўнікі, якія ў гэты час ішлі на працу. Вось што яны казалі ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Студэнтка: ) “Мы студэнты Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня. У нас адабралі ліцэнзію, і мы прыйшлі сюды, каб яе прадоўжылі хаця бы на гэты сэмэстар”.

(Студэнтка: ) “Мы думаем, што ўсё гэта незаконна, бо гэткім чынам зрываецца навучальны працэс”.

(Студэнт: ) “Мы яшчэ ня здалі летняй сэсіі. То бок, у самы нечаканы момант нас пазбавілі права навучацца ў нашым інстытуце. На гэты момант наш лёс ня вырашаны, і мы спрабуем адстаяць сваё права на навучаньне”.

Паводле якіх прычынаў інстытуту не была выдадзеная ліцэнзія на права далейшай дзейнасьці не разумеюць і выкладчыкі.

(Выкладчыца: ) “Мы прыйшлі сюды са студэнтамі, бо нам крыўдна: мы прайшлі атэстацыю, у нас няма ніякіх заўвагаў па дакумэнтах. Акрамя таго, нам вельмі шкада наш калектыў, бо мы застаемся бяз працы”.

(Выкладчыца: ) “Што цікава — у нас працуюць тыя выкладчыкі, якія працуюць у галоўных навучальных установах краіны, сябры Канстутыцыйнага суду”.

(Выкладчыца: ) “Можна толькі зьдзіўляцца безадказнасьці й некампэтэнтнасьці кіроўных органаў, якія напярэдадні завяршэньня навучальнага году выкінулі на вуліцу гэткую колькасьць студэнтаў. Гэта элемэнтарнае парушэньне правоў чалавека”.

Ахова будынку Міністэрства вельмі доўга не жадала прапускаць выкладчыкаў у прыёмную міністра, спасылаючыся на тое, што ўсё вышэйшае кіраўніцтва адсутнічае. А да студэнтаў выйшаў адзін кіраўнік управы Юры Сьцепанчук, які, аднак, толькі пацьвердзіў, што студэнтаў будуць пераводзіць у іншыя навучальныя ўстановы.

(Сьцепанчук: ) “Прынятае рашэньне застаецца правамоцным. Міністэрства адукацыі зрабіла ўсё, каб дзяржаўныя іспыты праходзілі ў сьценах іншых навучальных установах. А цяпер я папрасіў бы, каб вы вярнуліся ў свае навучальныя ўстановы”.

(Галасы: ) “Мы абураныя! Гэта непарадак. Міністар ня думае пра дзяцей”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы плачаце?”

(Студэнтка: ) “У іншым ВНУ іншыя выкладчыкі. Навошта ім гэтулькі людзей — дзьве тысячы чалавек. Яны ж будуць адсейваць. Яны ж проста возьмуць і “заваляць”.

Заснавальнікам Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня, Менскага тэхнікуму эканомікі й кіраваньня, а таксама зачыненых тэхнікумаў у Ваўкавыску і Кобрыне ёсьць Эдвард Ахрэм — колішні кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Акрамя таго, летась былі зачыненыя шэсьць філіялаў ягонага інстытуту кіраваньня ў іншых гарадах краіны. Вось як гэта пракамэнтаваў спадар Ахрэм:

(Ахрэм: ) “Магу на сто адсоткаў сказаць, што гэта зь ведама Лукашэнкі. Бо, каб не было вядома Лукашэнкі, то такога бы ніхто не рабіў. Ён ужо разабраўся з усімі сваімі апанэнтамі, застаўся я адзін. Дык давай яму развалім гэтыя ўстановы”.

Студэнты Беларускага камэрцыйнага інстытуту кіраваньня, а таксама Менскага тэхнікуму эканомікі й кіраваньня сабралі некалькі соцень подпісаў пад лістом пратэсту, які накіравалі Аляксандру Лукашэнку і іншым высокапастаўленым чыноўнікам. А выкладчыкі зьвярнуліся зь пісьмовай просьбай у Міністэрства адукацыі дазволіць студэнтам закончыць навучальны год у сваіх навучальных установах.
XS
SM
MD
LG