Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“DIE PRESSE”: “ВЫБАРЫ Ў ІМПЭРЫІ ЛУКАШЭНКІ ЁСЬЦЬ ВЯЛІКІМ ЖАРТАМ”


Ул. інф.

Відавочна, што нарастаньне крытыкі з боку міжнародных структураў напярэдадні восеньскіх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі прымушае рэжым нэрваваць, — піша венскае выданьне. Тое, у чым Лукашэнка раней папракаў Захад, а менавіта ў фінансавай падтрымцы апазыцыі, цяпер у якасьці папрокаў накіравана на адрас пэўных колаў у Расеі. Нядаўна за гэтак званае ўтойваньне выбарных грошай быў арыштаваны былы міністар замежнаэканамічных зносінаў, кіраўнік апазыцыйнай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” Міхаіл Марыніч. Паводле зьвестак Хэльсынскага камітэту, на працягу году ў Беларусі забароненыя болей за пяцьдзясят няўрадавых аб’яднаньняў.

Як вынікае з публікацыі, ня выключана, што ў выніку незадаволенасьці сытуацыяй з боку міжнароднай супольнасьці прэм’ер Сяргей Сідорскі ў апошні момант быў вымушаны адмяніць свой кароткатэрміновы візыт у Варшаву. Праўда, афіцыйна гэтая адмова ад удзелу ў міжнароднай эканамічнай сустрэчы была растлумачаная ўнутрыпалітычнымі прычынамі.

Тым часам, паводле аўстрыйскай “Die Presse”, новыя сябры Эўразьвязу і найбліжэйшыя суседзі Лукашэнкавай імпэрыі ня хочуць для Беларусі поўнай ізаляцыі. Так Польшча нядаўна аблегчыла свае візавыя працэдуры для беларускіх грамадзянаў. На паседжаньні Рады Эўропы Літва выказалася за больш мяккую рэзалюцыю ў дачыненьні Беларусі, бо спыненьне зносінаў з краінай можа пагоршыць накіраваньню туды міжнародных назіральнікаў за выбарамі.

Аднак, як лічыць дакладчык Рады Эўропы па Беларусі Хрыстас Пургурыдэс, гэты крок залішні. Магчымасьць дэмакратычных выбараў у Беларусі ва ўмовах Лукашэнкавага рэжыму ёсьць вялікім жартам, і тут міжнародныя назіральнікі непатрэбныя. Эўропа ніколі не дасылала назіральнікаў у Савецкі Саюз, — піша “Die Presse”.
XS
SM
MD
LG